Супраць жыхара Магілёва распачалі крымінальную справу за рэпост
У Магілёве расследуецца крымінальная справа, распачатая ў дачыненні да 33-гадовага мясцовага жыхара: яго вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці (ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэксу).
Паводле праваахоўнікаў, мужчына ў сацсетцы «Вконтакте» знайшоў відэафайлы і графічныя малюнкі, якія «змяшчалі сцэны прапаганды і заклікі да варожым дзеянням у дачыненні да групы асобаў па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і моўнай прыналежнасці». Гэтыя файлы жыхар Магілёва скапіяваў сябе на асабістую старонку. Такім чынам, мяркуюць у міліцыі, мужчына распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы для «нявызначанай колькасці асобаў».
Што канкрэтна было на гэтых файлах у міліцыі не ўдакладняюць.
Праваахоўнікі адзначаюць, што жыхар Магілёва раней неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці за хуліганства.
-
Крымінальныя і адміністратыўныя справы за допісы, рэпосты і лайкі ў сацсетках сталі распаўсюджанай практыкай у Беларусі. Напрыклад, нядаўна гарадзенская міліцыя распачала справу супраць вядомага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава за тое, што ён зрабіў рэпост са старонкі анархістаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
-
Імкліва расце колькасць асуджаных за рэпосты і ў Расеі: гэтак у 2017 годзе колькасць такіх крымінальных справаў вырасла ў чатыры разы – са 149 да 600. Аналагічнай статыстыкі па Беларусі ў адкрытых крыніцах няма.