• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    Спробы ўлады стыгматызаваць незалежныя медыі працягваюцца. Адбыўся перанос адказнасці на тых, хто адважыўся даваць каментары і інтэрв'ю СМІ, раней прызнаным экстрэмісцкімі, — вынесеныя прысуды Дар'і Лосік і Ягору Лебядку. Радыкалізацыя дзеянняў рэжыму выклікала пэўную дыскусію ў прафесійным асяродку: ці абавязаныя журналісты папярэджваць суразмоўцаў пра экстрэмісцкі цэтлік? А маркіраваць сайт ці Telegram-канал? Актуальныя пытанні БАЖ пераадрасаваў юрысту Алегу Агееву і мэтру журналістыкі Аляксандру Класкоўскаму.

    Алег Агееў: “Абавязак папярэджваць пра экстрэмісцкі статус у прававых нормах не замацаваны”

    Меркаванні сярод журналістаў істотна падзяліліся. Адны лічаць, што ў часы масавай “экстрэмізацыі” інфармацыйнай прасторы (адпаведным цэтлікам «узнагароджваюць» не толькі медыя, але ж і Telegram-каналы, суполкі ў сацсетках і г. д.) “усе ўсё разумеюць” і нешта тлумачыць бессэнсоўна — толькі напалохаеш суразмоўцаў.

    Другія кажуць, што нават у цяжкіх для журналістыкі ўмовах неабходна прытрымлівацца прафесійных прынцыпаў, а цынічныя дзеянні рэжыму не з’яўляюцца падставай адыходзіць ад этычнага кодэкса. Тым больш, што згадванне імя суразмоўцы можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў, калі той знаходзіцца ў Беларусі ці збіраецца прыехаць дадому.

    Трэція пытаюцца: навошта ўвогуле дыскутаваць? Абмеркаванне тэмы надае легітымнасці такім рашэнням, то бок мы тым самым пагаджаемся з ярлыком і падыгрываем рэжыму.

    Юрыст, намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў заўважае, што абавязак папярэджваць суразмоўцу пра экстрэмісцкі статус у прававых нормах не замацаваны:

    — Аднак мы маем справу з рэжымам, які не выконвае свае ж драконаўскія нормы. Нават вольнае стаўленне да іх стала часткай нашага жыцця.

    Ён нагадаў, што вядомыя як мінімум два выпадкі, калі былі асуджаныя суразмоўцы незалежных медыя менавіта за тое, што давалі каментары і інтэрв’ю “экстрэмісцкім” медыя.

    Гаворка пра Дар’ю Лосік (ёй прызначылі два гады калоніі за за тое, што ў красавіку 2022 года дала інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”) і Ягора Лебядка (пяць гадоў калоніі за каментар для “грамадскага дэструктыўнага канала”).

    — Лічу, што прысуды сведчаць аб вельмі адвольнай трактоўцы нават тых драконаўскіх норм, якія замацаваныя, — адзначае Алег Агееў. — Калі літаральна чытаць гэтыя нормы, то суразмоўцы медыя не павінны былі прыцягвацца да адказнасці. Але мы бачым, што органы палітычнага пераследу вырашаюць інакш.

    На думку юрыста, двух выпадкаў дастаткова, каб зафіксаваць тэндэнцыю. Фактычна рэжым крыміналізаваў любую форму ўзаемадзеяння з так званымі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

    Заканадаўчыя “навацыі” беларускай улады Алег Агееў называе неправавымі юрыдычнымі нормамі для ўнутранага спажывання:

    — Яны не маюць аналагаў у цывілізаваных краінах. Прызнанне ўнутры Беларусі медыяў экстрэмісцкімі арганізацыямі і фармаваннямі ніякіх наступстваў за межамі краіны не стварае. Калі СМІ зрабіла ўсё ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, дзе дзейнічае, ні ў каго няма падставаў папракаць журналістаў.

    Аляксандр Класкоўскі: “Ніякая смажаная тэма не вартая таго, каб падстаўляць людзей пад удар”

    Аднак адсутнасць прававых нормаў аб папярэджанні не здымае з журналістаў маральныя абавязкі. Алег Агееў пагаджаецца, што больш правільна казаць у дадзеным выпадку пра этычную адказнасць медыя.

    — У гэтым пытанні на першым месцы, як і для дактароў, павінен быць прынцып “не нашкодзь”, — лічыць палітычны аналітык @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі. — Ніякая гарачая, смажаная тэма не вартая таго, каб падстаўляць людзей пад удар. Гэта ўніверсальны падыход, што стасуецца з прафесійнай і агульначалавечай этыкай.

    На яго погляд, папярэджваць пра экстрэмісцкі статус неабходна, і гэта зусім не азначае прызнання віны.

    — Суразмоўца павінен разумець рызыку, — працягвае ён думку. — Натуральна, ёсць сталыя эксперты і спікеры, якія гэта добра ведаюць. Кожны раз паўтараць ім не мае сэнсу, аднак у выпадку сумневу, што чалавек разумее магчымыя наступствы, варта тлумачыць. Лепей перастрахавацца, чым падвесці.

    Але цяпер і без таго няпростыя ўмовы для журналістыкі ўскладняюцца яшчэ больш. Кола суразмоўцаў звузілася, атрымаць інфармацыю стала нашмат цяжэй, нават калі на медыя не начапілі экстрэмісцкі цэтлік.

    Мэты рэжыму — на паверхні: улада хоча мінімізаваць уплыў незалежных медыяў на грамадства, стварыць манаполію дзяржаўнай прапаганды.

    — Адсюль такія захады, як наданне СМІ экстрэмісцкага статусу, суды над журналістамі, блакіроўка сайтаў. Я ведаю, што некаторых палітвязняў, калі яны выходзяць на свабоду, папярэджваюць, каб не давалі каментары “экстрэмісцкім” СМІ,— кажа Аляксандр Класкоўскі. 

    “На любой стадыі суразмоўца можа адазваць згоду на каментар”

    Пры гэтым Аляксандр Класкоўскі прызнае, што ў пэўнай ступені ўлада сваіх мэтаў дасягнула: у прыватнасці, кола інфарматараў і экспертаў значна скарацілася, у чытачоў ёсць стомленасць ад адных і тых жа спікераў, якія рэгулярна фігуруюць у розных медыя.

    Выйсцем ён бачыць пашырэнне кола публічных экспертаў у першую чаргу за кошт тых, хто выехаў за мяжу і знаходзіцца ў бяспецы.

    Але не заўсёды гэта атрымліваецца гладка. Невыключнай сітуацыяй у апошні час стала адмова суразмоўцы ад каментара, што быў дадзены колькі часу таму. Раптам суразмоўца вырашае забараніць выкарыстанне яго слоў.  Раней большасць рэдакцый, напэўна, занялі б прынцыповую пазіцыю, адмовіўшыся ісці насустрач такім патрабаванням. А як быць цяпер?

    — Наколькі я ведаю, у розных рэдакцый розны падыход, — дзеліцца досведам Аляксандр Класкоўскі. — Некаторыя практыкуюць прынцып “слова не верабей”… Але я асабіста, хаця не сутыкаўся з такім, усё ж выкрасліў бы такі каментар, таму што галоўны прынцып — не нашкодзь.

    Аднак юрыдычныя нормы на гэты конт сфармуляваныя больш катэгарычна.

    — На любой стадыі любы чалавек, калі ён пагадзіўся даваць нейкія звесткі, уключаючы асабістую інфармацыю, можа адазваць згоду, і гэта значыць, што рэдакцыя павінна выдаліць такія дадзеныя, — спасылаецца на прававыя нормы Алег Агееў.

    Юрыст адзначае, што гаворка не ідзе пра публічна сказаныя словы, а пра індывідуальна дадзены каментар ці інтэрв’ю для канкрэтнага медыя:

    — У такім выпадку журналіст не можа выпускаць матэрыял ці абавязаны ўнесці запатрабаваныя змены.

    Канешне, на практыцы такія спрэчкі вырашаюцца перамовамі і нейкім кампрамісам. Напрыклад, выкарыстаннем каментара без згадвання імя спікера. Гэта шкодзіць дакладнасці публікацыі, зніжае яе каштоўнасць, але ж такія часы…

    — У кожным разе нават такое рашэнне трэба ўзгадняць са спікерам, — звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі. — Калі гэта эксперт у вузкай галіне, то рэжым яго можа лёгка вылічыць.

    Ён пагаджаецца, што недзяржаўным медыя наносіцца шкода. Але многае залежыць ад пераканаўчасці аргументаў у тэкстах. Калі ўсё лагічна і абгрунтавана, то ананімнасць каштоўнасці публікацыі не шкодзіць.

    “Кляймо на лбе не выратуе ад брутальных захадаў улады”

    Некаторы час сярод беларускіх медыя назіралася цікавая тэндэнцыя: у сацсетках і Telegram-каналах яны наўмысна адзначалі, што не з’яўляюцца экстрэмісцкімі. Аднак калі такі статус надаваўся рэжымам, то папярэджанне знікала, а новага не з’яўлялася. Адсюль пытанне: ці варта маркіраваць сябе як экстрэмісцкае медыя, згодна з рашэннем, хоць і не прававым, уладаў?

    Можна ўзгадаць, што многія расійскія блогеры і незалежныя медыя вызначаюць сябе як замежныя агенты.

    — Як я разумею, гэта робіцца, каб іх канчаткова не заблакавалі, — мяркуе Аляксандр Класкоўскі. — У беларускім жа выпадку не бачу ў гэтым ніякага сэнсу — кляймо на лбе не выратуе ад брутальных захадаў улады.

    Але гэта не выключае, на яго думку, таго, што варта папярэджваць суразмоўцу і не выкарыстоўваць чалавека ўцёмную.

    — З пункту гледжання закона, абавязку абазначаць сябе экстрэмістамі ў СМІ няма, — дапаўняе Алег Агееў. — У адрозненне ад Расіі, дзе прапісана працэдура прызнання замежным агентам. Гэта прамежкавая форма пераследу. У Беларусі ж улада дзейнічае больш жорстка, і такіх лайтавых форм не прадугледжана.

    Падсумоўваючы, суразмоўцы пагаджаюцца, што зараз назіраюцца экстрэмальныя (не блытаць з экстрэмісцкімі) умовы існавання беларускай журналістыкі. Сёння інтарэс аўдыторыі зніжаецца, страх грамадства павялічваецца. Аднак трэнд можа змяніцца ў залежнасці ад дынамікі палітычнай сітуацыі.

    Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што пры з’яўленні вакна магчымасцяў грамадства імгненна палітызуецца і прагляды ў незалежных медыя рэзка павялічваюцца. Так было ў 2017 годзе падчас пратэстаў “дармаедаў”, у 2020 годзе, калі прыйшоў кавід (тады спрацавала тое, што ўлады хавалі маштаб эпідэміі), а таксама ў перыяд апошняй прэзідэнцкай кампаніі.

    — Журналістыка — частка нашага жыцця, — падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі. — Або чалавек — у тым ліку і аўтар матэрыялу — вызнае этычныя прынцыпы, або плюе на іх. Мы бачым, што рэжым і прапаганда плююць. Гэта выклікае агіду ў нармальнага чалавека з унутранымі маральнымі арыенцірамі. Калі мы імкнемся да справядлівага грамадства, то не можам адступаць ад прынцыпаў. Інакш чым мы лепшыя за тых, хто прыніжае, ганьбіць нашу прафесію?

    Чытайце яшчэ:

    Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў Магілёў на “ўзмоцнены рэжым”

    После чисток на гомельском радио 107.4 FM новый руководитель

    Кіраўнік «Нівы» і Радыё Рацыя: «Маёй першай нацыянальнай школай была вясковая вуліца і лавачка»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці