• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове

    Другі год Яўген Атцецкі жыве ў Львове. Фатограф распавёў Беларускай асацыяцыі журналістаў, як змяніўся за гэты час настрой простых украінцаў, чаму ён сам усё часцей адчувае сябе ў самаізаляцыі і што яму дапамагае структураваць сваё існаванне.

    Гэта другая зіма, якую я сустракаю ў Львове. Мінулую я правёў з графікамі адключэння электрычнасці. Пасля расейскіх атак па энергасістэме Украіны я мог разлічваць на гарантаваных 8 гадзін святла і інтернета. Яшчэ 8 гадзін электрычнсаці дакладна не было, а 8 — як атрымаецца.

    Дзесьці ў сярэдзіне зімы я сустрэў у пад’ездзе суседа, разгаварыліся. Кажу, з‑за выключэнняў вельмі цяжка працаваць, няма інтэрнэта, трэба ўсё планаваць загадзя. Ён абурыўся: гэта не страшна, мы пацерпім, галоўнае, каб хлопцы з ЗСУ зрабілі сваю працу. Тады быў вялікі эмацыйны ўздым пасля харкаўскага контрнаступу, шмат хто верыў, што хутка ўсё скончыцца. 

    Гэтай восенню і зімой яшчэ не было асбтрэлаў Львова, але агульны настрой зусім іншы. Мне цяжка казаць дакладна, раблю высновы па пастах украінскіх знаёмых, па навінах і юцюбу.

    Людзі пачынаюць разумець, што гэта надоўга, а што яшчэ цяжэй, што свет губляе цікавасць да Украіны. 

    Я адчуваю сябе ва ўсё большай ізаляцыі. Іншыя беларусы паціху з’яжджаюць адсюль. У людзей заканчваюцца пашпарты, што вымушае зноў змяняць дом/краіну. Усё больш востра стаіць пытанне, як узаемадзейнічаць з іншай культурай, да таго ж падчас вайны. У мяне пакуль няма адказу. Проста напітваюся мясцовым кантэкстам. Зразумела, што я не стану (і не хачу станавіцца) украінцам, але і з беларусамі я патроху губляю сувязь.

    Да і беларусы — гэта ж не аднародная група. Мы і раней былі, канешне, розныя, але зараз яшчэ больш аддаляемся з‑за рознага досведу.

    Я адчуваю, што беларусы, напрыклад, Варшавы (канешне, не усе, а ў большасці сваёй) не разумеюць беларусаў Украіны. Варшаву не бамбяць, там людзі апантаныя сваімі праблемамі. Што тычыцца беларусаў у Беларусі: сувязі абрываюцца адна за адной.

    Бачыш фоткі ў сторыз сябра — ён у Маскве, яму там весела. Адчуваю сум. Іншы знік з сацыяльнай прасторы. Што з ім зараз? Падаецца, вялікі пласт жыцця перамясціўся ў андэграўнд ці на кухні. Ты эмацыйна не там, адлегласць павялічваецца. Думаю, менавіта зараз пачынаецца наша галоўнае выпрабаванне. Спачатку мы бароліся, потым беглі, выжывалі, зараз надышоў час спыніцца і пабыць з сабой. 

    Жыццё ва Украіне падчас вайны вельмі ўплывае на мяне. Напэўна, я нават не заўважаю, наколькі моцна. Я сустрэў першыя дні расійскага ўварвання ў Кіеве, такое цяжка забыць. Горад амаль імгненна быў паралізаваны: не працавалі крамы, не хадзіў транспарт, раз-пораз былі чутны выбухі і стрэлы.

    Тады для сабе прыняў некалькі палітычных рашэнняў: я амаль цалкам адмовіўся ад расійскага інфармацыйнага кантэнту,  перашоў на беларускую мову ў сваіх публікацыях у сацсетках.

    Таксама мне важна пабыць некаторы час ва ўкраінскіх акулярах. Мой плэйліст на юцюбе змяніўся: зараз я з вялікай цікавасцю гляджу інтерв’ю з украінскімі вайскоўцамі, мясцовымі палітычнымі і вайсковымі аналітыкамі, а таксама размовы з расійскімі палоннымі. 

    На адном з буйнейшых кніжных мерапрыемстваў краіны Lviv Book Forum трапіў на дыскусію пра гумар падчас вайны. Чаму не, калі дзякуючы смеху людзям пад абстрэламі стане лягчэй. Цікава, што звычайна больш за ўсё чаканняў менавіта ад тых, хто ў больш цяжкім становішчы: абараняйцеся, выжывайце і не забывайце — гэта застаецца эталонам маралі. 

    Я намагаюся дакументаваць жыццё навокал. Гэта звычка дакументальнага фатографа, а таксама спосаб структураваць сваё жыццё. Кожную здымку я кладу ў асобную папку з датай і подпісам/каментаром. Звяртаюся да фатаграфій некалькі разоў, падзея і дата звязваюцца і фіксуюцца ў маёй памяці.

    На пачатку зімы ў нас моцна захварэла і памерла кошка Петра, потым мы пераехалі на іншую кватэру. Я быў на пахаванні ўкраінскіх вайскоўцаў у храме, я назіраў, як дзеці радуюцца снегу і катаюцца з гары ў парку Франка. Мінулай зімой снега амаль не было, вось толькі пару тыдняў у лютым.

    Летам я прайшоў адбор ад агенцтва Noor Images і паехаў на фатаграфічную майстэрню ў нямецкае мястэчка Вакен. У жніўні там адбываецца адзін з буйнейшых фестываляў метал-музыкі. Я рабіў партрэты наведвальнікаў, здымаў сацыяльны пейзаж.

    Фестываль доўжыўся чатыры дні, цягам якіх людзі максімальна занураліся ў свята. Паўсюль метал-музыка, ежа, алкаголь, забавы. Людзі загадзя рыхтавалі строі, бралі адпачынак, частка прыязджала сем’ямі. Наведвальнікі аддаваліся моманту, цешыліся жыццём і музыкай.

    Тут я максімальна адчуў, што свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй.

    Восенню мы з сябрамі пайшлі ў горы. Горы — адна з тых рэчаў, якую можна назваць безумоўным плюсам у маёй эмігарцыі. Наша мэта — Гаверла. Вершыня гэтай гары лічыцца самай высокай кропкай Украіны.

    Дзесьці за паўгадзіны да канца пад’ёму мы трапілі ў зону наймацнейшага ветру. Амаль нічога не бачна і не чутна. Прыкладна за дваццаць метраў да фінальнай кропкі я злавіў панічную атаку. Мне падавалася, што гэты вецер перакіне мяне праз гару і расплючыць аб землю з іншага боку. Я лёг на зямлю і замёр.

    І ўсё ж я намагаюся глядзець на сітуацыю пазітыўна. Наша новая здымная кватэра ў Львове знаходзіцца ў старым доме 1908 года на адной з самых прыгожых вуліц горада.

    Столі — 4 метры, у кожным пакоі — па печцы. Калі жывеш у Львове, такое абавязкова трэба паспрабаваць. Разам з намі тут месціцца наша другая кошка Фуюца, якая прыехала з намі з Беларусі. Гэта яе новы сапраўдны дом, ёй тут вельмі падабаецца. 

    Я застаўся ў фатаграфіі — раблю партрэты і працую з архівам. У наступным годзе я б хацеў больш актыўна заняцца арганізацыяй фатаграфічных мерапрымстваў для беларусаў. Адчуваю, што прыйшоў час перазапускацца.

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок

    «Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць

    «Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці