Сябры БАЖ вучылі полацкіх калег эфектыўна атрымліваць інфармацыю ад дзяржорганаў
Трэнінг па доступе да інфармацыі з выкарыстаннем механізмаў Закона аб зваротах грамадзян прайшоў у Полацку. Яго зладзіла 1 снежня полацкая суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Мерапрыемства адбылося ў межах лідарскага курсу арганізацыі. У якасці трэнераў выступілі полацкія юрысты, праваабаронцы, сябры ГА “БАЖ” Генадзь Воранаў і Марына Яфімава.
Трэнінг «Атрыманне дакладнай інфармацыі без акрэдытацыі журналіста» складаўся з двух частак: тэарэтычнай і практычнай.
Падчас семінару ўдзельнікі атрымалі прававыя веды, практычныя парады юрыстаў па складанні зваротаў, скаргаў і заяў у дзяржустановы і суды. Разгледзілі Указ аб дадатковых мерах у працы са зваротамі грамадзян, механізм адміністрацыйных працэдур і прынцып “Адно акно”. А таксама даведаліся пра нормы адказнасці заяўнікаў і службовых асоб за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян.
Як кажа Генадзь Воранаў, журналісты павінны даносіць да чытача дакладную інфармацыю. І калі яны маюць пісьмовы дакумент з дзяржаўнай установы, гэта стоадсоткавая гарантыя таго, што спрацавалі прафесійна і такім чынам данеслі да спажыўца дакладную і своечасовую інфармацыю. Да таго журналісты сябе і абаранілі ў выпадку нейкіх спрэчных пытанняў.
— Мы максімальна простымі словамі і схемамі пастараліся паказаць прысутным як працуе механізм атрымання інфармацыі ад дзяржаўных устаноў у тым выпадку, калі журналіст выступае не ў якасці журналіста, а як звычайны грамадзянін краіны, то бок фізічная асоба. Кожны ўдзельнік сыйшоў адсюль з раздатачным матэрыялам: узорамі напісання зваротаў, скаргаў і заяваў у дзяржустановы і суды. А іх напаўненне будзе залежыць ужо ад канкрэтных жыццёвых сітуацый.
Па словах Марыны Яфімавай, галоўнай мэтай для іх было ў першую чаргу навучыць журналістаў правільнаму механізму звароту ў дзяржаўныя ўстановы па інфармацыю.
— Усе мы – у першую чаргу грамадзяне, і калі не штодзённа, то даволі часта сутыкаемся з тым, што нават у сваіх інтарэсах трэба атрымаць інфармацыю. І часам не ведаем, як, куды трэба звяртацца, не ведаем алгарытму звароту ў дзяржустановы, таму часам і не атрымліваем патрэбных вынікаў. Таму мэтай было навучыць усіх прысутных абароне сваіх правоў, навучыць дапамагаць іншым людзям атрымліваць дакладную і патрэбную інфармацыю.
Паводле ўдзельнікаў семінара, яны атрымалі шмат карыснай інфармацыі па зваротах грамадзян у дзяржаўныя структуры. Памяткі паводзінаў са службовымі асобамі таксама спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці.
Як кажа лідар полацкай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Віктар Стукаў, тэма семінара была вельмі цікавай, бо часта атрыманне інфармацыі ад чыноўнікаў – гэта вялікая праблема для журналістаў:
— Семінар праводзілі вельмі кваліфікаваныя мясцовыя юрысты. Я для сябе знайшоў шмат цікавага, што яшчэ можна прымяняць на практыцы. Хоць я і раней прымяняў штосьці, але некаторыя рэчы з вопыту калег карысна будзе пераняць. Цікава было паслухаць, як працуе практыка па масавых зваротах грамадзян (гэта калі пад зваротам падпісалася больш за трыццаць чалавек). Як аказалася, гэта адна з найбольш эфектыўных практык. Канешне, інфармацыі было прадастаўлена вельмі шмат, трэба яе яшчэ асэнсаваць.
Напрыканцы мерапрыемства юрысты Генадзь Воранаў і Марына Яфімава адказалі на пытанні ўдзельнікаў і далі прафесійныя парады. Імпрэза праводзілася напярэдадні Дня юрыста, таму журналісты павіншавалі сваіх трэнераў і калег-юрыстаў з прафесійным святам.