• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Дубавец: Агрэсія і дзеянні квазідзяржавы Беларусь не адпавядаюць волі насельнікаў беларускай краіны

    Журналістка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – публіцыстам і мысляром Сяргеем Дубаўцом пра тое, хто цяпер  кіруе Беларуссю, як вайна ва Украіне паўплывае на беларускія нацыятварэнне ды ідэнтычнасць і якой будзе Беларусь надалей

    Акурат 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі і Сусветны дзень спажыўца ў Беларусі ў сілу ўступіла новая рэдакцыя Канстытуцыі. З гэтага дня Лукашэнка ўжо не нясе персанальнай адказнасці за «дзеянні, здзейсненыя на пасадзе Прэзідэнта», у Беларусі пачынае кіраваць Усебеларускі народны сход, а сама краіна страчвае ядзерную нейтральнасць і дае Расіі мажлівасць легальнага размяшчэння на ўласнай тэрыторыі ядзернай зброі.

    — 15 сакавіка ў РБ пачынае дзейнічаць новая Канстытуцыя. Якой Беларусь увойдзе ў 15 сакавіка, і што нам чакаць?

    — У звязку з гэтым нам нічога чакаць не выпадае, таму што ніхто гэтай Канстытуцыі не бачыў, ніхто асабліва за яе не галасаваў і ўвогуле гэта непаразуменне, а не Канстытуцыя. Дзяржава не жыве паводле Канстытуцыі. І так ужо даўно: у нас не да законаў. А паводле Канстытуцыі ў нас крыніцай улады з’яўляецца народ, гэта напісана на самым пачатку. А як ён з’яўляецца крыніцай улады, мы пабачылі ў 2020 годзе. Калі ўсе, хто не галасаваў за гэтую ўладу, былі рэпрэсаваныя альбо выгнаныя з краіны. Таму ў прынцыпе весці нейкія размовы пра нейкую Канстытуцыю ў Беларусі сёння не выпадае.

    — На Ваш пункт гледжання, хто цяпер кіруе Беларуссю? Лукашэнка, Пуцін ці нейкая трэцяя сіла?

    — Безумоўна, рукамі Лукашэнкі кіруе Пуцін, бо Лукашэнка цалкам залежны ад Пуціна і мусіць выконваць ягоныя распараджэнні. Тым больш мы бачым, што ўся дзейнасць Лукашэнкі ідзе ў фарватары Пуціна: гэта сілавы захоп улады, дзеянні АМАПу, войска, і ўсяго астатняга. Беларусь у 20-ым годзе пасля выбараў была «зачышчаная», як яны казалі ад грамадзянскай супольнасці, то бок фактычна ад народу, і ператвораная ў плацдарм для атакі на Украіну ці куды там яшчэ захоча Пуцін уварвацца.

    — Ці можам мы сказаць, што Беларусь гэта нешта кшталту ЛДНР, яна яшчэ захоўвае свой суверэнітэт хоць нейкім бокам?

    — Тут ёсць адна сур’ёзная рэч, якая часта не бярэцца пад увагу: краіна і квазідзяржава Беларусь — гэта абсалютна розныя рэчы. Калі квазідзяржава Беларусь, Рэспубліка Беларусь можа выступаць у ролі агрэсара, то краіна Беларусь, як і кожная іншая, не можа быць агрэсарам. Таму што краіна Беларусь — гэта найперш культура, прырода, менталітэт, прычым тут нейкая агрэсія? Цяпер Беларусь называюць краінай-агрэсарам, хоць гэта аксюмарон, так не можа быць з аніякай краінай.

    А што да квазідзяржавы — гэта проста купа чыноўнікаў у адной скрыні, якія не маюць дачынення да Беларусі, краіны як такой. Яны могуць быць агрэсарамі, і з’яўляюцца імі ў дадзенай сітуацыі. Хоць іхнія рашэнні абсалютна не адпавядаюць жаданням і памкненням беларускага народу, які ніколі не быў агрэсарам, і ніколькі не праяўляў ваяўнічасці, асабліва ў дачыненні да суседзяў.

    У гэтым непаразуменне. Прычым і Захад так піша, што гэта «краіна-агрэсар». Нас не разумеюць, а нашыя людзі, чуючы такія словы, адчуваюць сорам, злосць, ці нешта яшчэ.

    Абсалютна справядліва адчуваюць унутраны дыскамфорт ад таго, што беларусаў, якія ў большасці сваёй не галасавалі за дзейную ўладу і цярпелі ад яе, далучаюць да агрэсараў, адмяняюць візы. Хоць гэта ўдар найперш па іх, па маральнай большасці беларускага народу. Ім чыняць нейкія перашкоды з паступленнем у замежныя ўніверсітэты. Гэта поўнае глупства ідзе ад неразумення таго, што краіна і дзяржава —  дзве вялікія розніцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці