• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей САХАРАЎ: “У пэўны час эга трэба засунуць у адно месца, каб праект працаваў”

    Каманда CityDog'а правяла адкрытую лятучку, падчас якой чытачы змаглі прагаласаваць за тэмы, якія хутка з’явяцца ў выданні, пазнаёміцца з героем самага чытанага матэрыялу і даведацца, чаму ў рэдакцыі так любяць троляў-каментатараў.

    Атрымліваецца ў тых, хто спрабуе

    Як паказала практыка, адкрытая рэдакцыйная лятучка аднаго з самых папулярных lifestyle выданняў Беларусі – справа аднолькава карысная і для аўдыторыі, і для часопіса. Першыя змаглі даведацца, як працуе іх любімае выданне, а другія без згрызотаў сумлення карысталіся магчымасцю і рознымі шляхамі шукалі адказ на пытанне “якім жа аўдыторыя хоча бачыць City­Dog”. А ў тым, што аўдыторыя хоча яго бачыць, сумневаў няма. Дый і ці магло быць інакш, калі City­Dog сёння – самае поўнае і раскручанае медыя пра гарадское жыццё ва ўсіх яго праявах.

    Хоць атрымалася ўсё далёка не адразу. У 2008 годзе каманда, якая сёння часткова займаецца “Гарадскім сабачкам”, запусціла электронны pdf-часопіс “Е‑город”. Выданне было дадаткам да сайта ej.by. Часопіс выходзіў толькі 3 месяцы, бо, па словах галоўнага рэдактара City­Dog Сяргея Сахарава, многія хібы праекта былі выкліканы яго асабістай непадрыхтаванасцю да пасады кіраўніка.

    “У пэўны час эга трэба засунуць у адно месца, каб праект працаваў, –  прызнаўся Сахараў. – Я гэтага зрабіць не змог, па розных прычынах пачалі адвальвацца рэкламадаўцы і праект закрыўся”.

    Той City­Dog, які ведае і любіць беларуская аўдыторыя сёння, паўстаў толькі ў 2012 годзе. Відавочна, што рэдактар нарэшце адшукаў падыходзячае месца для эга, бо сёння рэдакцыя працуе амаль у тым жа складзе, што і падчас заснавання. А часопіс, па словах Сахарава, “вытаптаў палянку” ў беларускай медыяпрасторы.

    Собака могла подрасти?..

    Падчас сустрэчы супрацоўнікі City­Dog прапанавалі ўсім ахвотным запоўніць папяровыя анкеты і адказаць на пытанні аб працы выдання. У тым ліку аб тым, у чым адметнасць гарадскога часопіса. Не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што менавіта імкненне рэдакцыі чуць меркаванне аўдыторыі вылучае City­Dog з шэрагу іншых рэсурсаў. Прынамсі, менавіта такое уражанне складаецца, калі паназіраць за працай часопіса. Нават за дзве гадзіны ў “Прэс-клубе” Сяргей Сахараў і яго калегі паспелі правесці сярод слухачоў галасаванне па тэмах, якія з’явяцца на старонцы ўжо ў бліжэйшыя дні, распаўсюдзілі вышэйзгаданыя анкеты ды запрасілі ўсіх ахвотных далучацца да рэдакцыйных сустрэч на сталай аснове.

    “Любы можа прапанаваць нам сваю тэму, – распавяла рэдактар City­Dog Яся Каралевіч-Картэль. – Падчас рэдакцыйных лятучак мы можам дакруціць, дапрацаваць тэму. Мы працуем так з усімі тэкстамі, у тым ліку з рэкламнымі. Наша мэта – ствараць усе матэрыялы ў адной стылістыцы. Калі мы атрымліваем замову, мы абмяркоўваем, як павярнуць тэму і нават часам адмаўляемся ад іх, калі не можам прыдумаць нешта цікавае”.

    “Гарадскі сабачка” вельмі добра адгукаецца на настрой аўдыторыі. Свая хвіліна славы на сустрэчы была нават у самых актыўных каментатараў, якія не скупіліся на скаргі і прапановы. Дасталася ў тым ліку і фемінітывам, якія City­Dog пачаў актыўна ўжываць у паўсядзёнай працы ледзь не першым у краіне. Тым, хто не жадае чытаць пра аўтарак, архітэктарак і каментатарак Сяргей Сахараў прапанаваў змірыцца і прызвычайвацца. Па словах рэдактара, у тым ліку такім чынам рэдакцыя праяўляе сваю сацыяльную адказнасць.

    Клуб 34

    Штодня на старонцы City­Dog з’яўляецца 14–17 новых тэкстаў, па колькасці натыўнай рэкламы (той, якая робіцца ў стылістыцы пляцоўкі, на якой размешчана), беларускі часопіс можна параўнаць з расійскім выданнем Meduza. Самы чытаны матэрыял сабраў каля 10 тысяч рэпостаў у сацыяльных сетках. Відавочна, што City­Dog – паспяховы праект з моцным падмуркам. Але ці далёка засталося да столі?

    “Калісьці мы працавалі з камандай 34mag.net і дамовіліся, што калі нам споўніцца па 34, мы пакінем часопіс, – распавёў сайту БАЖ Сяргей Сахараў. – Відавочна, што з City­Dog на гэтым мы не спынімся. Мы бачым новыя гарызонты, перспектывы для развіцця і росту. Праект мае вялікі патэнцыял і для мяне, як для рэдактара”.

    Сярэдні ўзрост аўтара City­Dog – 30 гадоў. Гарадскі часопіс ствараюць маладыя і актыўныя для такіх жа маладых і актыўных, а выданне сталее разам з яго стваральнікамі. Што б не чакала City­Dog і яго каманду наперадзе, няма сумневу ў тым, што сачыць за развіццём выдання будзе цікава.

    CityDog.by: Разам з чытачамі мы перажываем усё, што адбываецца вакол

    Сяргей Сахараў з CityDog: беларускія і заходнія СМІ не паспяваюць за развіццём інтэрнэта

    Пересечение аудиторий тематических сайтов Citydog.by, Kyky.org, Marketing.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці