TikTok-старонка «baj.bу» — у новым папаўненні «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Сёння Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абнавіла свой спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі ў тым ліку Instagram-старонка «margarita.levchuk.official», YouTube-канал «Белсат LIFE», сайт, старонкі праекта ў сацсетках і e-mail «Волковыск.ВY», а таксама TikTok-старонкі «Настоящее время. Беларусь», «Жизнь-малина» і «baj.bу».
Свой TikTok у Беларускай асацыяцыя журналістаў з’явіўся ў ліпені 2023 года. У ім мы размяшчаем не толькі карысную інфармацыю і эфектыўныя парады, але і забаўкі для натхнення. Сёння гэтая старонка трапіла ў так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Нагадаем, што 28 лютага 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прызнаў саму Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем. БАЖ стаў першай беларускай праваабарончай арганізацыяй, якая «атрымала» такі статус. Міжнародная супольнасць была абураная такім рашэннем беларускіх уладаў. Чарговы напад на БАЖ з боку беларускай дзяржавы асудзілі АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя.
Беларуская асацыяцыя журналістаў — буйнейшае дэмакратычнае аб’яднанне прадстаўнікоў медыя ў Беларусі, сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Мы займаемся адукацыяй журналістаў, абаронай правоў, маніторынгам у галіне медыя, праводзім акцыі, кампаніі, займаемся каардынацыяй медыясупольнасці.
«Кожны чалавек мусіць разумець, што мы жывём пад юрысдыкцыяй дзяржавы, якая не карыстаецца прававым падыходам. Атрыманне інфармацыі — адно з асноўных правоў чалавека, і дзяржава павінна гэтае права забяспечваць. Яно важнае настолькі, наколькі важна дыхаць паветрам. Калі дзяржава забараняе дыхаць, трэба абіраць, што рабіць — не дыхаць альбо карыстацца гэтым правам і разумець, што за гэта могуць пакараць», — адзначаў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
У сувязі з «новым статусам» старонкі БАЖа ў TikTok нагадваем, як можна мінімізаваць рызыкі, калі вы працягваеце чытаць і глядзець кантэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў. Вось тут — кароткі гайд пра гэта.