«Трэба быць годным». Памяці Уладзіміра Паца
10 снежня ва ўзросце 54 гадоў з жыцця пайшоў Уладзімір Пац — наш добры калега, карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. У яго засталіся жонка і двое дзяцей.
Калегі згадваюць Уладзіміра.
У 1992 годзе Уладзімір Пац пачаў сваю кар’еру на радыё з працы ў Беларускай службе Польскага радыё, з якой быў звязаны літаральна да апошняга.
Галоўная рэдактарка Беларускай Службы Польскага радыё Яланта Смялоўская ведае Уладзіміра Паца з таго часу:
— Мы пазнаёміліся ў 1992 годзе, калі паўстала Беларуская служба Польскага радыё. Яму падабалася журналістыка, яму падабалася Беларусь. Калі толькі з’явілася такая магчымасць — ён адразу стаў карэспандэнтам Польскага радыё ў Мінску.
Я была пад вялікім уражаннем ад памяці Валодзі. Ён заўжды дасканала памятаў прозвішчы ўсіх дзеячаў, ведаў і памятаў пра іх усе падрабязнасці — хто каго любіць ці не любіць. А самаго Валодзю любілі ўсе. У яго было шмат сяброў, яны былі паўсюль — у Варшвае, Беластоку, Мінску, Брэсце і Гродне.
Аб тым, што Валодзя ўмеў гаварыць з людзьмі, сведчыць той факт, што пасля выбараў 2020 года ён быў адзіным карэспандэнтам замежных СМІ, які прайшоў перарэгістрацыю ў МЗС Беларусі.
Валодзя заўжды ўсміхаўся. Калі ён прыязджаў у Варшаву і прыходзіў на Польскае радыё, заўжды завітваў да нас у рэдакцыю, прыносіў беларускія прысмакі. Яго смерць — гэта страшная нечаканасць для нас. Вельмі прыкра, што з намі больш не будзе такога добрага чалавека і адданага журналіста.
Асабістыя якасці Уладзіміра Паца, напэўна, дапамагалі яму ў працы замежнага карэспандэнта ў складаных умовах беларускай рэчаіснасці. Дзякуючы сваёй дабрыні, Уладзімір Пац ніколі не губляў пазітыўнага настрою. Пра гэта ўзгадвае Наталля Грышкевіч, якая ведала Уладзіміра на працягу амаль 30 гадоў:
— Калі мы былі студэнтамі, менавіта Валодзя запрасіў мяне на радыё паглядзець, як ён рыхтуе навіны ў Беларускай рэдакцыі. І для мяне, і для маіх калегаў, яго смерць — гэта шок, бо ён заўжды выглядаў як волат, заўжды быў гатовы дапамагчы. У маёй памяці ён застанецца разважлівым і спакойным чалавекам.
Як згадавалася раней, Уладзімір Пац меў шмат сяброў у розных мясцінах Беларусі і Польшчы. Доўгае сяброўства звязвала яго і з падлясскім карэспандэнтам Яраславам Іванюком:
— Калі я быў студэнтам, Валодзя часта ночыў у нас у інтэрнаце, ночыў нелегальна.
Пастаянна ў тыя студэнцкія часы ён паўтараў, што трэба быць годным. Гэтае рамантычнае сцвярджэнне фактычна перадавала ўсю асобу Валодзі Паца. Памятаю, бягу на нейкі аўтобус, раптам хтосьці спыняе ззаду, гляджу — Валодзя Пац: «Ярэк, куды ты!? Не спяшайся, трэба быць годным».
Што да мяне, на жаль я ўжо не паспеў так добра пазнаёміцца з Уладзімірам Пацам, як мае старэйшыя калегі. Аднак тыя нешматлікія нашыя спатканні ў Мінску і ў Варшаве пакінулі самыя цёплыя ўспаміны. Уладзімір шчыра, па-добраму, без ніякай пыхі намагаўся дапамагчы свайму малодшаму калезе.