• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трэці званок, які можна назваць сірэнай — публічная дыскусія пра экалогію ў Гомелі

    На гомельскай ток-пляцоўцы “Медыяпрастора” адбылася маштабная дыскусія па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, абароны саміх сябе, свайго горада ад дзейнасці, якая пагаршае якасць паветра, вады, глебы і прывяла ўжо да змены клімату на планеце.

    У дыскусіі ўзялі ўдзел эколагі, грамадскія актывісты, журналісты і проста неабыякавыя гараджане. Высокі градус дыскусіі задалі ініцыятар і спікер сустрэчы, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова, эколаг-даўншыфтар Дзмітрый Янкоў, прадстаўнік партыі “Зялёныя” Аляксандр Снітко.

    “Трэба рваць стоп-кран!”

    Выступ шведскай 16-гадовай актывісткі Грэты Тунберг на сусветным саміце ААН па клімаце — гэта ўжо трэці званок чалавецтву пра катастрафічны стан экалогіі Зямлі, зазначыў Аляксандр Снітко.

    Першы званок, паводле яго слоў, празвінеў у 60‑я гады ХХ стагоддзя, калі эколагі і медыкі паўсталі супраць прымянення пестыцыдаў і дусту ў сельскай гаспадарцы. Другі званок быў звязаны з барбарскай высечкай лясоў на планеце, непрадуманым карыстаннем прыродай і яе багаццямі ў розных краінах свету. Польская навукоўца Антаніна Лянько выдатна паказала гэта ў кнізе “Аскальпаваная Зямля”.      

    — Зараз звініць трэці званок, які можна назваць нават сірэнай: выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу прывялі да змены клімату. Калі ўявіць нашу планету як шар дыяметрам адзін метр, то жыццё на ёй магчыма толькі ў абалонцы, тоўшча якой складае ўсяго 1 міліметр, — падсумаваў свой выступ Аляксандр Снітко. — Надышоў час ужо не проста званіць у званок як у тэатры, а рваць стоп-кран, каб людзі нарэшце спыніліся і задумаліся: знішчыўшы прыроду, мы знішчым і сябе.

    “Добрая экалогія тады, калі людзі не хварэюць”

    Эксперт у пытаннях экалогіі Дзмітрый Янкоў засяродзіўся на розных фактарах забруджвання прыроды — хімічных, фізічных, біялагічных. Сам Янкоў разам з некалькімі маладзёнамі не так даўно выратаваў ад закопвання вёску Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне. Цёплую палову года яны жывуць там, займаюцца навуковай дзейнасцю, вывучаюць флору і фаўну, назіраюць за птушкамі, арганізоўваюць культурніцкія імпрэзы — плэнеры, фестывалі, канцэрты, майстар-класы. Парадкуюць экалагічныя актывісты і гарадскую прастору, бо добрай экалогія лічыцца тады, калі людзі не хварэюць.

    Маладых эколагаў асабліва турбуе тое, што планета імкліва пакрываецца смеццем, і прамысловым, і побытавым. У Гомелі, прынамсі, гэта бачна па гарах адкідаў хімічнага завода і гарадской звалкі побач. Дапаўняюць “карціну” шматлікія  звалкі, якія ўзніклі ледзь не пры кожным паселішчы і садаводчым кааператыве.

    Цывілізаваныя краіны адкіды не складуюць, а перапрацоўваюць. Германія, напрыклад, 48 % адкідаў пускае на перапрацоўку, 18 %, дзе ёсць раслінны складнік, кампастуе, астатняе спальвае.      

    У Беларусі перапрацоўваецца толькі каля пятай часткі адкідаў, на Гомельшчыне — каля 28 адсоткаў. Астатнія адкіды, на жаль, забруджваюць зямлю. Суседнія Польшча і Літва ў гэтым напрамку прасунуліся наперад, бо, апроч перапрацоўкі, наладзілі ўжо і кампаставанне, і спальванне адкідаў.

    На думку ўдзельнікаў дыскусіі, у справе змагання за чысты дом, двор, горад  і ўрэшце за планету важная пазіцыя кожнага грамадзяніна. Памылкова лічыць, што ад асобнага чалавека нічога не залежыць — нават раздзельны збор адкідаў спрыяе іх лепшай утылізацыі. І тут важнае значэнне маюць сумесныя высілкі гараджан, камунальных службаў, кіруючых уладных структур.

    Былая старшыня Гомельскага гарвыканкама і гарадскога савета Святлана Гальдадэ, якая таксама ўзяла ўдзел у дыскусіі, перакананая, што любая справа патрабуе добрай арганізацыі. Гэтага бракуе. Ды й дзяржава мала пакуль праяўляе зацікаўленасці ў ахове навакольнага асяроддзя: За год у краіне збіраецца 3,7 мільёна тон розных адкідаў, а ў абарот з іх ідзе толькі 19,2 адсотка ад агульнай колькасці.

    Недастаткова ўвагі, на думку Гальдадэ, надаюць праблемам экалогіі  і СМІ. Лакальныя падзеі, канечне, асвятляюцца, а вось аналітычных матэрыялаў, па сутнасці, няма, у тым ліку і на сайце “Зялёны партал”. На тэлебачанні патрэбны запамінальныя адукацыйныя ролікі на экалагічныя тэмы.

    Большасць выступоўцаў трымалася высновы, што ў гаспадарлівым абыходжанні з адкідамі ніяк не абыйсціся без перніка і пугі. Ровар вынаходзіць тут не трэба, варта ўважліва прыглядзецца да таго, што робяць улады ў заходніх краінах.

     

    Вясковая міні-фабрыка і змаганне з фабрыкай “Гомельшпалеры”

    Дыскусія ў “Медыяпрасторы” засведчыла і яшчэ адно: карысная любая грамадзянская ініцыятыва, якая спрыяе экалогіі.

    У прыгараднай вёсцы Сеўрукі, што пад Гомелем, мясцовая жыхарка Зоя Ананьева адкрыла калектыўны кампаставік — гэткую міні-фабрыку, каб перапрацоўваць арганічныя адкіды ў біяўгнаенні. Падчас дыскусіі  яна падзялілася сваім досведам. Раней апалае лісце, сухую траву, рознае бадылле на вуліцы, дзе жыве сям’я Ананьевых, палілі. Дым зацягваў усю ваколіцу. Цяпер расліннасць ідзе на ўгнаенне. Маладая жанчына нават выйшла пераможцай у конкурсе сацыяльных праектаў “Idea Gen­er­a­tion Camp 2019”.

    Цікавым быў і расповед Алены Давыдавай пра змаганне жыхароў Навабеліцкага раёна Гомеля супраць новай лініі фабрыкі “Гомельшпалеры”, якая выкідвала на жылыя кварталы шкодныя рэчывы з моцным пахам і матала нервы пастаянным гулам абсталявання. Людзі параўноўвалі гэта з Чарнобыльскай катастрофай у асобна ўзятым мікрараёне. Сістэма ачысткі выкідаў, распрацаваная для фабрыкі расійскім навукова-даследчым інстытутам метралогіі імя Мендзялеева з Санкт-Пецярбурга, яўна не спрацоўвала.

    — Толькі праз вулічныя пратэсты мы змаглі ўрэшце пераадолець гэты глум над мясцовымі жыхарамі — лінію спынілі да жніўня 2020 года. У нашым змаганні здорава дапамаглі найперш незалежныя СМІ, якія пастаянна асвятлялі нашы пратэсты, — распавяла Алена Давыдава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці