«Турмы і пакуты не даюць чалавеку нічога». Ці мае рацыю журналіст Цыганкоў?
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў апублікаваў вялікі пост у Фэйсбуку. Ён разважае пра тое, што «вайна, няшчасці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў». Маці Паўла Севярынца абурылася такімі словамі.
«Мы не гатовыя прызнацца сабе, што штосьці ў нашым жыцці было лішнім, непатрэбным, таму прыдумляем казачку пра «усё было нездарма». Любую трагедыю, страту, зняволенне мы тлумачым тым, што «гэта дало мне новы жыццёвы вопыт», «пасля гэтага я вырас як асоба», «я шмат зразумеў», — піша Цыганкоў. — Тое самае з турмой.
У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына большасць не гатовая прыняць бескампрамісную пазіцыю Шаламава — «Убеждён, что лагерь — весь — отрицательная школа, даже час провести в нём нельзя — это час растления. Никому никогда ничего положительного лагерь не дал и не мог дать».
Маральна гэта цяжка прыняць, прызнаць, што ў цябе забралі столькі часу жыцця, таму былы вязень пачынае распавядаць, з якімі добрымі людзьмі пазнаёміўся ў турме, колькі разумных кніжак прачытаў, колькі думак перадумаў. А без турмы ты кніжкі не чытаў, для гэтага абавязкова за краты?
Мы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасці мы шукаем надзею і ўрок. Асабліва сёння, калі людзей захапіла масавая псіхалогія «пазітыўчыку». Раптоўная заўчасная смерць прымушае нас казаць штосьці супакойваючае пра «яму там будзе лепей», «Божанька так вырашыў — значыць так і трэба». Бо мы не хочам і не гатовыя прыняць ледзяны дотык бяды, змрочную і пранізлівую несправядлівасць таго, што адбылося.
Турма, страты, хвароба, вайна, нават смерць — на ўсё ў нас гатовыя адгаворкі ў стылі «усё было недарма», «гэта дало мне новы вопыт», «навучыла мяне новаму». Прызнаць праўду, што вайна, няшчасці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў — гэта нам не пад сілу».
Допіс журналіста прыцягнуў увагу чытачоў. Таццяна Севярынец, маці палітыка і палітвязня Паўла Севярынца, абурылася словамі публіцыста.
«Вы абясцэньваеце тых, хто цяпер у вязніцах. Вы хочаце пахваліцца, што вы лепшы і больш значны, бо не зведалі пакут?.. Гэта што? Ганьба і сорам!» — адказала Таццяна Севярынец.
Цыганкоў патлумачыў, што меў на ўвазе зусім не тое, што ўбачыла спадарыня Севярынец. Але яна заўважыла: калі чытач убачыў у тэксце не тое, што туды ўкладваў аўтар, значыць, журналіст гэты тэкст так напісаў.
«Вам падалося, што вы так прыгожа напісалі допіс, так мудра выканалі сваю ролю хірурга пачуццяў, а тут на табе. Я ваш чытач. І мне не спадабалася, як вы сказалі, я ўспрыняла тое як цынізм», — адказала Таццяна Севярынец.
Чытайце яшчэ:
«Теперь я гастарбайтер. Всё с нуля». Путевые заметки фотографа-дальнобойщика
«Без незалежнай журналістыкі быў бы канец грамадства». Як змяніліся беларускія медыі пасля пратэстаў
Як і навошта трэба адпачываць? Тлумачыць псіхолаг