Творчая сустрэча са Святланай Алексіевіч. Відэа анлайн-трансляцыі
13 лютага ў межах канферэнцыі “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы” ў Мінску прайшла творчая сустрэча з нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры 2015 года Святланай Алексіевіч.
Некаторыя выказванні Святланы Алексіевіч з гэтай сустрэчы апублікавала «Наша Ніва».
Лукашэнка пастарэў, яго энергетыка ўпала, а народ паразумнеў.
Мы аказаліся запозненай нацыяй, а цяпер яшчэ і паняволенай.
У нас няма іншых ідэй, акрамя нацыянальнай, але і яна не такая, як у Польшчы і Чэхіі.
Прасветленая частка — яна мізэрна малая. Як напісаў Акудовіч, «агеньчыкі сярод цемры».
Эліта засяродзілася на моўнай траўме, і гэта было незразумела насельніцтву, і толькі цяпер праз 25 гадоў нешта змянілася ў моўным сэнсе. Моладзь стала гаварыць па-беларуску, сталі моднымі вышыванкі.
[Апазіцыі] трэба мець светапогляд, а не проста, што «Лукашэнка кепскі».
Не гэтыя людзі [з дэмакратычнай апазіцыі] возьмуць уладу, уладу возьмуць зусім іншыя людзі, якіх мы нават не адрозніваем у тлуме. І дай бог, каб гэта былі людзі без Трампа ў галаве.
Мы з Бялкоўскім спрачаліся пра Абаму. Ён лічыць, што Абама быў слабы чалавек. Я тое самае чула ва ўсім свеце. Але для мяне Абама быў тып палітыка будучыні. Які стаіць не на пазіцыі сілы, а на пазіцыі каштоўнасці іншага, каштоўнасці чалавечага жыцця.
Мы, людзі эпохі войнаў і рэвалюцый, людзям наступных эпох будзем здавацца варварамі.
Дэмакраты паўтараюць мантры, як шаман, у якога ўжо няма сіл.
Адукацыя — самае слабае наша звяно.
Паўдабра не існуе. Ёсць або дабро, або зло.
Я ў маладосці найбольш любіла чытаць філосафаў. Асабліва французскіх філосафаў. І рэлігійную літаратуру любіла чытаць — Меня, Шмемана.
Чытаю нашу журналістыку — расійская мацнейшая, чым беларуская — і бачу, як паўтараюць тыя самыя думкі, толькі нанізваюць трохі іншыя факты.
Я заўсёды прыходзіла да чалавека як да сябра.
Я не народнік па перакананнях.
У журналістыцы я шукаю новую думку.
Андруся Горвата мне шалёна цікава чытаць.
Летуценні на кухні і былі прычынай нашага паражэння, бо мы не ведалі рэальнага становішча.
Рэч не толькі ў страху. Людзі не бачаць у нашай апазіцыі пунктаў апоры.
Як быць шчаслівым у трывожны час? Закахацца. А яшчэ радаваць можа дзіця, прырода.
Абывацель — вечная фігура, шэрая маса. У вёсцы гэта селянін, які вельмі цяжка працуе, і ўся энергія сыходзіць на выжыванне. Настаўнік, доктар, інжынер — рэдка сустрэнеш чалавека думаючага. Да рэвалюцыі інтэлігенцыя ў вёсцы была мацнейшай. Па-мойму, у Расіі тое самае. І вылезці з гэтага вельмі цяжка. Вось мы запрасілі Вольгу Седакову, і я сядзела і думала, вось яны асколкі сапраўднай расійскай інтэлігенцыі.
Я ў палітыку не пайду, я заўжды буду пісьменніцай. А сапраўднае пісьменніцтва забірае цябе цалкам. Быць добрым пісьменнікам — гэта ўсё жыццё.
Я доўга збіраю матэрыял, і толькі на пяты-шосты год знаходзяцца сілавыя лініі.
Я нядаўна Чалага чытала, вельмі спадабалася мне.
У нас праблема, што на чале ніводнай справы няма моцных асобаў. Быў даволі цікавы Мілінкевіч, але і яго зламалі.
Выпрабаванне лагерамі вытрымалі лепш, чым выпрабаванне далярам.
У нас імператарскае прэзідэнцтва з дамешкам сацыялізму.
З людзьмі пачынаеш гаварыць — у іх каша ў галаве.
Дай бог сіл Украіне. Калі вы адарвяцеся ад савецкага мінулага, то і на нас гэта паўплывае.
Майдан — на антырасійскім быў замяшаны. Калі б не было антырускага, Майдану б не было.
Пазняка не хапіла, ён аказаўся вельмі вузкім чалавекам. Яму трэ было быць тут, і разам з народам прайсці гэты шлях. А [не] з‑за мяжы даваць парады, ва ўсіх бачыць правакатараў…
Мой бацька быў камуніст да канца жыцця. Прасіў партбілет пакласці ў труну.
Мы не ведаем, хто мы.
Нянавісць нас не ўратуе. Нас уратуе разуменне.
Людзі разумнейшыя і за ўладу, і апазіцыю, бо яны наездзіліся [па свеце] і чытаюць.
Чытач, якому я на кніжным кірмашы падпісвала кнігу, сказаў мне: «Я ніколі з такой радасцю не стаяў у чарзе. Я сыходжу з пачуццем, што я не адзін».
Мы будзем бачыць эфект травы. Людзі, у якіх улада, многае могуць зрабіць, але не могуць спыніць час.
Мы — посткаланіяльная краіна. А ахвяра — гэта небяспечная істота. Але нацыю нельга пабудаваць на крыўдзе. Яе трэба будаваць на самапавазе.
У Беларусі пакуль усё пранізана савецкім.
Пагавары з любым айцішнікам, і робіцца ясна. Праз 10 гадоў тое, у чым мы капаемся сёння, стане зусім нецікавым. Занадта паскорыўся час.
Я зайшла ў Маскве ў краму. У нас у Мінску выбар лепшы. Я так і сказала. А мне расійская жанчына, якая пачула, кажа: «Гэта Абама вінаваты».
Давайце рабіць з сябе сучасных людзей.