• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Творчыя сустрэчы ў рэдакцыі «Газеты Слонімскай»

    Ад Слоніма да Беластока, ці Гродна бліжэй, чым да Мінска. Апошнім часам часцей у рэдакцыю "Газеты Слонімскай" завітвалі сталічныя госці. Сёлетні травень змяніў гэтую практыку.

     стваральнік і кіраўнік фонду беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк

    Яраслаў Іванюк і Віктар Шалкевіч

    15 траўня адразу два госця, адзін з Беластока, а другі (па дарозе з ім) з Гродна прыехалі ў Слонім. У той дзень стваральнік і кіраўнік фонду беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пачынаў у Слоніме сёлетнюю прэзентацыю свайго рэсурсу ў Беларусі. А каб сустрэчы праходзілі больш плённа і весела спадар Яраслаў прыхапіў з сабой свайго даўняга сябра і вядомага спявака, паэта, пісьменніка, артыста  і шоумэна Віктара Шалкевіча.

    Журналісты «Газеты Слонімскай» і госці той сустрэчы з цікавасцю слухалі расповед Іванюка пра тое, як ад выдання папяровага бюлетэню праграм беларускай рэдакцыі Радыё Палонія ў даінтэрнэтаўскую яшчэ эпоху, дзе ён тады працаваў, узнікла ідэя стварыць беларускую электронную бібліятэку ў Польшчы, якая з цягам часу была рэалізавана ў рэсурс, што цяпер мае 400 тысяч публікацый беларускіх кніг і перыёдыкі з наведвальнасцю 1000 – 3000 чалавек у дзень.

     Расповед Яраслава і яго інтэрнэт-экскурсія па сайце kamunikat.org увабралі ў сябе больш як 20 гадоў навейшай гісторыі. І глядзець, і слухаць гэты жывы, эмацыйны экскурс было не сумна.

    Але другая частка той сустрэчы, калі ўзяў у рукі гітару і заспяваў Віктар Шалкевіч, павінна надоўга запомніцца ўсім: слонімскім журналістам, гасцям і суседзям офіса рэдакцыі «Газеты Слонімскай». У Слоніме, дарэчы, Шалкевіч бывае рэдка, а спявае яшчэ радзей. Але тады пацеўшы нашы стомленыя працай душы. Дзякуй, маэстра!

     

    Ірына Новік і Марыя Кучмэйна

    Раней перадавыя работнікі заводаў і калгасаў ездзілі ці то пераймаць працоўны досвед, ці то дзяліцца ім. У наш час гэтым любяць пераймацца журналісты, выдаўцы і рэдактары недзяржаўных медыя. Магчыма, і дзяржаўных таксама, але тут аўтар гэтых радкоў не валодае дастаткова поўнай і аб‘ектыўнай інфармацыяй.

    Што да калегаў, то ў рэдакцыю «ГС» у Слонім 21 траўня наведаліся адразу дзве каляжанкі з гродзенскага інтэрнэт-рэсурса Hrodna.life, які ўжо пяць гадоў не дае спакою абласным начальнікам, Ірына Новік і Марыя Кучмэйна. І хоць якраз у той дзень здаваўся ў друк чарговы нумар «Газеты Слонімскай», сустрэча з калегамі атрымалася цёплай і цікавай.

    Вось жа, прызнацца, раней нават не чуў пра гульню ў інтэрнэце, дзе трэба перабіраць смецце, а Ірына Новік паказала ў сябе на сайце і запэўніла, што далей за 4‑ы ўзровень не дайсці — нават сам распрацоўшчык гэтай гульні далей 6‑га не падымаўся. Гульню, дарэчы, можна бясплатна прапанаваць чытачам пры публікацыі матэрыялу на экалагічную тэму ў інтэрнэце — вось спасылка на яе https://hrodna.life/articles/sartuy-smecce.

    Саміх жа Ірыну і Марыю найбольш цікавіла, як гэта мы такой малой камандай паспяваем рабіць цікавую газету і сайт. Выпытвалі, як маглі, нашы працоўныя сакрэты.  А мы дзяліліся, чым маглі, — кавай, печывам, цукеркамі… Усё ж добра, калі да вас завітваюць калегі.

    У размове з аўтарам гэтых радкоў спадарыня Новік пацікавілася, ці ўдаецца нам паставіць у пэўныя рамкі супрацоўнікаў нашай рэдакцыі, маючы на ўвазе рэжым працоўнага дня, тэрміны выканання рэдакцыйных заданняў і іншае. Так, у нас рэдакцыя афіцыйна працуе з 8.00 да 18.00 пяць дзён на тыдзень. Але ці патрэбна яшчэ далей заганяць у нейкія рамкі журналістаў, якія так ці інакш працуюць усе выхадныя і ўсе святы на розных мерапрыемствах, з дому, з лецішча, у дарозе?.. Тут кожны рэдактар і ўладальнік СМІ па-свойму вырашае. Галоўнае ў гэтай справе, падаецца, не выйсці за рамкі ўсякай прыстойнасці.

    А напрыканцы, дзякуй за запрашэнне ў госці! Будзем у Гродне, завітаем на вул. Кірава, 3 — на каву і па досвед.

    Фота з архіва «Газеты Слонімскай»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці