• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У аўторак пачынаецца суд над журналісткамі. Што трэба ведаць пра Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву

    У судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага а 10:00 распачнецца працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Напярэдадні суда belsat.eu распавядае пра дзяўчат і нагадвае дэталі іх крымінальнага пераследу.

    Хто такая Кацярына Андрэева

    Кацярына нарадзілася ў 1993 годзе ў сям’і, якая складаецца з розных пакаленняў менскай інтэлігенцыі. Бацькі журналісткі — філолагі. Бабуля Ала Ваганава — дацэнт кафедры археалогіі БДУ. Дзядуля Сяргей Ваганаў — вядомы беларускі журналіст, публіцыст і паэт.

    Каця скончыла гімназію № 23 у Менску, паступіла на іспанскі факультэт МДЛУ. У 2013 годзе паехала паводле валанцёрскай праграмы Еўракамісіі ў Іспанію, дзе правяла два гады.

    Але ў канцы 2014 года вярнулася на Радзіму. Яшчэ ў дарозе яна напіша свой першы журналісцкі артыкул — «Паланэз на вакзале», — які дашле на конкурс «Народны журналіст». Гэты тэкст пераможа ў намінацыі «Шчырасць і стыль».

    «У мяне, як, упэўнена, у вялікай колькасці маладых беларусаў, ёсць мара. Мая мара вельмі простая, але яна ж і складаная — шчаслівае жыццё на роднай зямлі», — пісала ў сваім першым артыкуле Кацярына.

    «З таго часу Кацярына цалкам прысвяціла сябе журналістыцы», — кажа дзядуля Каці Сяргей Ваганаў.

    Каця супрацоўнічала з радыё «Свабода», украінскім праектам «Данбас. Рэаліі», друкавалася ў «Народнай Волі» і расейскім выданні «Новая газета». З сакавіку 2017 года яна карэспандэнтка «Белсату». Двойчы (у 2017 і 2020 гг.) прызнавалася на тэлеканале «Тэлевізійнай асобай года». Была лаўрэаткай конкурсу БАЖ «Вольнае слова».

    Loading video

    У снежні 2016 года Кацярына пабралася шлюбам з журналістам Ігарам Ільяшом.

    «Мы з Кацяй упершыню сустрэліся на плошчы Свабоды, куды прыйшлі асвятляць акцыю пратэсту падчас выбарчай кампаніі 2015 года, — успамінае Ігар, — Я падумаў: якая прыгажуня, трэба абавязкова яе запрасіць у кавярню пасля акцыі! У той дзень я гэтага і не зрабіў, бо Каця сышла раней, і я нават не паспеў узяць у яе нумар тэлефона. Але праз тыдзень мы зноў сустрэліся на плошчы Свабоды, на новай акцыі пратэсту. Цяпер ужо я не выпускаў яе з‑пад увагі, і пасля акцыі мы пайшлі ў кавярню.

    Самае смешнае, што гэтае нашае спатканне скончылася тым, што нас ледзь не затрымалі. Гэта быў дзень напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а побач з кавярняй была гімназія, дзе месціўся выбарчы ўчастак, там ішло датэрміновае галасаванне. Мы доўга размаўлялі пра выбары, і потым Каця прапанавала наведаць гэты ўчастак перад закрыццём, каб проста паглядзець, як гэта ўсё выглядае. Але чальцы камісіі, убачыўшы ўвечары двух журналістаў, спалохаліся і выклікалі міліцыю. На шчасце, міліцыянты проста праверылі дакументы і адпусцілі нас. У той вечар я зразумеў, што закахаўся ў Кацю».

    У суаўтарстве з Ігарам Ільяшом Кацярына падрыхтавала шэраг гучных журналісцкіх расследаванняў, а ў 2020 годзе яны выдалі дакументальную кнігу «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у расейска-ўкраінскім канфлікце. Цягам мінулага года кніга вытрымала два тыражы.

     

    Хто такая Дар’я Чульцова

    Дар’я нарадзілася ў 1997 годзе ў Шклове. Скончыла Гісторыка-філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Куляшова па спецыяльнасці «журналістыка».

    Свой журналісцкі шлях яна распачала нядаўна. Спачатку спрабавала сябе як аўтар рэпартажаў, але больш яе вабіла праца аператара. Пасля выбараў 2020 года Даша пераехала працаваць у Менск.

    «Дачка – за праўду гарой і не трывае несправядлівасці. Калі мы размаўлялі аб працы, Даша казала, што хоча паказваць людзям праўду. Я думаю, яна вырашыла ісці ў журналістыку ўжо ў старэйшых класах, бо моцна націснула на вучобу. Паведаміла пра свой выбар на выпускным. Я, сястра і Дашына цёця былі супраць, адгаворвалі. Мы простыя працоўныя, палітыкай і журналістыкай ніхто не цікавіўся. Але Даша сказала адназначна: «Калі не ў журналістыку, значыць, нікуды!» — распавядае ейная маці Наталля.

    Апошнія некалькі тыдняў перад арыштам Дар’я Чульцова падчас нядзельных акцыяў пратэсту ў Менску працавала на стрымах разам з Кацярынай Андрэевай.

    «Цяпер я дакладна не забуду нашай з ёй размовы яшчэ да затрымання, — распавядае Крысціна, сяброўка Дар’і. — Я спытала: «Даша, ты не баішся арышту?» Той адказ застаўся ў памяці:

    «Гэтага складана не баяцца, маральна сябе кожны раз падрыхтоўваеш да такога, усё роўна бярэш у рукі камеру і ідзеш на здымку. Пра што казаць, калі нават мужчыны-аператары проста адмаўляюцца выходзіць на рэпартажы, таму што іх збівалі, не шкадуючы?! Хто тады гэта будзе асвятляць? Вось і ідзеш на свой страх, спадзеючыся, што ты дзяўчынка, а значыць, цябе могуць пашкадаваць».

    Але, мабыць, не ў той раз. У тую нядзелю Дашка чарговы раз пайшла на здымку, каб людзі ўбачылі праўду».

    Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

    Стрым яны вялі з кватэры на 14‑м паверсе дому па вуліцы Смаргоўскі тракт, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

    Сілавікі паводзілі сябе з журналісткамі вельмі груба. «Калі мяне затрымліваў спецназ, яны крычалі: «Паедзеш на зону на 7 гадоў, будзеш мянтам форму шыць». Намеснік начальніка ў РУУС называў «цёткаю», «малою», штурхаючы ў спіну з лесвіцы. Крычалі мянты: «Ты больш не будзеш весці сваіх стрымаў! Ніколі!» — распавядала Кацярына пра сваё затрыманне ў адным з лістоў.

    У РУУС Кацярыне стала блага, яна адчула рэзкі боль у галаве, яна ванітавала, а потым журналістка страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую і даставілі пад канвоем у 9‑ы шпіталь. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

    На Акрэсціна Дар’я і Кацярына спачатку трапілі ў адну камеру, умовы ўтрымання былі жахлівыя. Камера была разлічаная на чацвярых, але туды запіхнулі 11 чалавек. Затрыманыя спалі, уткнуўшыся адна ў адну. Пасцельнай бялізны не далі, даводзілася спаць на пыльных і брудных матрацах. Сядзець або ляжаць днём не дазвалялі, пагражалі забраць нават матрацы. У перанаселенай камеры было вельмі душна, але «акенца» спецыяльна пакідалі зачыненым.

    «Мы спыталі, ці ў курсе яны, што ў нас катавальная, а не камера затрыманых адміністратыўных правапарушальнікаў. Усміхаюцца, кажуць, што так, так і трэба, мы задавальненне атрымліваем. Вось так… Мацюкі праз слова», — распавядала потым суседка Каці і Дашы з камеры ў ізалятары.

    У чым абвінавацілі журналістак

    Спачатку на Кацю і Дашу склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП — іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту.

    У пастанове суда адзначалася, што Кацярына і Дар’я здзейснілі правапарушэнне, але ў іх дзеяннях адсутнічаў склад злачынства. Аднак насуперак высновам суда супраць журналістак «Белсату» адначасова была распачатая крымінальная справа. 20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, яны былі этапаваныя ў жодзінскую турму. У Жодзіна іх трымалі ў асобных камерах.

    Кацю і Дашу абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў). Шкода «Менсктрансу» была ацэненая на 11 562 рублі і 14 капеек.

    Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Акрамя таго, Каця наагул адмовілася даваць паказанні падчас следства.

     

    Хто спрычыніўся да пераследу журналістак

    Справу супраць Дашы і Каці вялі следчыя Фрунзенскага РАСК г. Менску — капітан юстыцыі Ігар Курыловіч і лейтэнант Ігар Кудзеля. Аператыўным суправаджэннем следства займаўся ГУБАЗіК.

    Менавіта байцы ГУБАЗіКу ў лістападзе затрымалі мужа Кацярыны Ігара Ільяша (ён трапіў за краты на 15 содняў) і арыштавалі ягоную тэхніку, якая потым была чамусьці прызнаная рэчавымі доказамі ў справе Каці і Дашы.

    Крымінальны пераслед журналістак суправаджаўся інфармацыйнымі атакамі з боку адыёзных прапагандыстаў. У лістападзе Андрэй Мукавозчык на сайце «СБ — Беларусь сегодня» апублікаваў пасквіль пра Кацярыну Андрэеву і ейную сям’ю.

    А ў студзені Рыгор Азаронак на СТВ абвінаваціў дзяўчыну ў тым, што яна нібыта кіравала міфічнымі «масавымі закалотамі», назваў яе «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі падчас вайны «разбіраўся СМЕРШ». На абразы з боку прапагандыста Кацярына адрэагавала кароткім адказам, які перадала праз адваката:

    «Шкада беднага хлопчыка, які зрабіў няправільны выбар. Я магу яму толькі паспачуваць. Таму што я раней ці пазней усё роўна выйду з турмы, а ён застанецца з гэтым цяжарам на ўсё жыццё. Мае спачуванні Грышу Азаронку», — перадала яна свой адказ прапагандысту.


     

     

    Як дзяўчаты перажываюць зняволенне

    Кацярына і Дар’я застаюцца за кратамі ўжо амаль тры месяца, але трымаюцца бадзёра і не губляюць аптымізму.

    «Маральна Даша трымаецца вельмі нават добра, таму што ў лістах усё па-баявому… Яна сказала мне так: я хачу, каб ты мной ганарылася. Я ёй вельмі ганаруся, хоць і дапякаю часам тым, што яна туды ўлезла… Проста я яе люблю і хачу, каб у яе ўсё было добра. Яна ў нас ваяр. Даша — пераможца», — распавядала ў інтэрв’ю «Белсату» маці Дарʼі — Наталля.

    Loading video

    Турма не прымусіла Дашу ўсумніцца ў сваім жыццёвым выбары. У лістах да маці дзяўчына пісала, што, калі б яна ведала, да чаго прывядзе яе журналісцкая праца, яна б усё роўна абрала менавіта гэты шлях.

    У будучыню Дар’я глядзіць аптымістычна. «2021 год — мой год. Бо я нарадзілася ў год быка. І я, як і ён, вельмі настойлівая», — напісала яна ў лісце калегу. Дзяўчына кажа, што адчувае сябе добра, не хварэе і вельмі сумуе па працы.

    Кацярына ў лістах піша, што не адчувае страху перад будучыняй і не ўпускае ў сваю душу крыўду і злосць:

    «Самае дзіўнае, што я не адчуваю злосці, крыўды, прагі помсты да таго, хто прыняў рашэнне паступіць так з намі, са мной. Што я адчуваю? Жаль да іх, якія выконваюць загады. Лянівае раздражненне, якое здольнае выклікаць хіба што гудзенне мухі. Бедныя, бедныя маленькія людзі… Ім жыць з усім гэтым, а маё жыццё ніяк не сапсаванае, як бы ім не хацелася».

    Напярэдадні судовага працэсу Кацярына даслала з СІЗА заяву для прэсы, дзе кажа, што зняволенне не зламала яе і не прымусіла адмовіцца ад сваіх прынцыпаў:

    «Амаль тры месяцы я правяла за кратамі. Паводле іхнай (спецслужбаў. — Заўв. belsat.eu) задумы, зняволенне павінна было зламаць мяне і прымусіць усумніцца ў правільнасці абранага шляху. Аднак нічога падобнага не адбылося. Гэты час у СІЗА толькі загартаваў мой характар».

    Яна дадае, што будзе шчаслівая незалежна ад прысуду, бо сумленне яе чыстае, «а праўду казаць лёгка і прыемна».

     

    Рэзананс і салідарнасць

    Кацярыну і Дар’ю прызналі палітвязнямі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачвання. А ў снежні дзяўчаты сталі лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года». Брытанская праваабарончая арганізацыя «Arti­cle 19» у адмысловай заяве падкрэслівае, што абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выказвання думкі.

    У абарону журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-цэнтр Беларусі, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

    Больш за паўтары тысячы чалавек з Беларусі, Расеі, Украіны і іншых краінаў паставілі свае подпісы пад петыцыяй аб вызваленні Кацярыны Андрэевай. У тым ліку – вядомыя пісьменнікі і літаратары. Салідарнасць набывала і канкрэтныя юрыдычныя формы.Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч, галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб і журналіст Валер Каліноўскі ў снежні накіравалі ў Следчы камітэт хадайніцтва з просьбай вызваліць дзяўчат пад асабістую паруку. Аднак следчыя адмовіліся змяніць меру стрымання для Дашы і Каці.

    Расейскі журналіст Уладзімір Познер, журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ, тэлевядоўца і палітык Ксенія Сабчак з патрабаваннем вызваліць Дар’ю і Кацярыну звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі.

    У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі «хросным» Кацярыны Андрэевай стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас (Jür­gen Haber­mas). А Дар’ю Чульцову пад апеку ўзяла дэпутатка літоўскага Сейму Даля Асанавічуце (Dalia Asanav­ičiūtė).

    Агулам за час зняволення Каця і Даша атрымалі сотні лістоў, у тым ліку ад незнаёмых людзей, якія хацелі выказаць салідарнасць з журналісткамі. Лісты прыходзяць таксама з‑за мяжы: Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Бельгіі, Чэхіі, Бразіліі, Швецыі ды іншых краінаў. Дзяўчаты кажуць, што такая салідарнасць вельмі дапамагае ім у турме.

    «Неверагодная падтрымка з волі напаўняла радасцю кожны дзень», — адзначала ў сваім адкрытым звароце Кацярына.

     

    Поддержите белорусских журналистов, с которыми сейчас жестоко расправляется власть. БАЖ призывает к международной солидарности

    Belarusian journalists under crackdown need your support now! BAJ calls for international solidarity

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці