У Азербайджане арыштаваныя шасцёра супрацоўнікаў незалежнага «Мейдан ТВ»
Шасцярых журналістаў кінулі за краты на чатыры месяцы па абвінавачванні ў кантрабандзе. Сувязь з супрацоўнікамі незалежнага тэлеканала «Мейдан ТВ»: Рамінам Дэко (Джабраілзадэ), Айнур Ганбаровай (Элгунаш), Айсель Умудавай, Айтадж Ахмадавай (Найдзенай), Хаялай Агаевай, Націгам Джавадлі – абарвалася яшчэ 6 снежня ў абед.
Па месцы жыхарства некаторых журналістаў праведзеныя вобшукі, гаворыцца ў заяве тэлеканала, забраная апаратуру і асабістыя рэчы.
МУС Азербайджана апублікавала інфармацыю, што нібыта Рамін Джабраілзадэ (Дэко) затрыманы паліцыяй у сувязі з незаконным увозам замежнай валюты ў Азербайджан. Тэлеканал падкрэслівае, што Рамін Джабраілзадэ (Дэко) выступае у ролі рэпарцёра як незалежны журналіст. У рамках следства затрыманыя яшчэ некалькі чалавек.
8 снежня ў Хатайскім райсудзе Баку журналістаў пакінулі за кратамі на чатыры месяцы. У судзе Айсель Умудавай двойчы выклікалі хуткую дапамогу, а яе адвакат так і не зразумеў, у чым абвінавачваюць яе падабаронную.
Кіраўніцтва «Мейдан ТВ» заявіла, што праслухоўванне і затрыманне тэлежурналістаў незаконныя, і абвяргае ўсе абвінавачванні.
Сайт тэлеканала забаронены ў Азербайджане з 2017 года. Акаўнты ў сацсетках знаходзяцца пад пастаяннымі кібератакамі, а матэрыялы выдаляюцца. Рэдакцыя паведамляе, што з таго дня, як тэлеканал пачаў працу, пастаянна арыштоўваюць журналістаў, іх і іхнія сем’і пераследуюць, на іх ціснуць і пагражаюць. А журналістам, якія супрацоўнічаюць з «Мейдан ТВ», незаконна забараняюць пакідаць краіну.
У Азербайджане, акрамя супрацоўнікаў «Мейдан ТВ», за кратамі знаходзяцца яшчэ як мінімум 17 журналістаў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі расцэньваюць пераслед журналістаў як пагрозу свабодзе слова, а ўлады Азербайджана адмаўляюць пераслед супрацоўнікаў медыя за прафесійную дзейнасць.