У Баранавічах масавыя затрыманні па справе газеты Intex-Press, якая ўжо закрылася
Напачатку снежня, паводле звестак @viasna_brest, у Баранавічах прайшлі масавыя затрыманні работнікаў і журналістаў ліквідаванай прыватнай газеты Intex-press.
Вядома пра затрыманне 7 чалавек у рамках артыкула 361–4 Крыминальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пасля выбараў 2020 года рэдакцыя Intex-press сутыкнулася з блакіроўкамі, ператрусамі, штрафамі і канфіскацыяй тэхнікі.
Так, 15 лютага 2023 года у ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў з пастановай аб правядзенні агляду будынка.
У ходзе агляду забралі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі, у тым ліку асабістыя ноўтбукі супрацоўнікаў «Інтэкс-прэс», а таксама кампутарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела.
На наступны дзень затрымлівалі карэспандэнтку «Інтэкс-прэс», якую да гэтага выклікалі на размову ў міліцыю.
А 4 мая 2023 года беларускія ўлады абмежавалі доступ да папулярнага баранавічскага інтэрнэт-выдання. Зроблена гэта было паводле пастановы пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава, а падставай для прыняцця дадзенага рашэння паслужылі нібыта шматлікія парушэнні гэтым медыя Закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Як тады сцвярджала служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, «на ўказаным партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў».