• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Барысаве міліцыя разглядае заяву за знявагу дзяржаўнай рускай мовы

    Артыкул “Клоачный русский” — это наш, родной язык”, апублікаваны на сайце EX-PRESS.BY яшчэ ў лістападзе мінулага года, стаў падставай для заявы ў міліцыю. Заяўнік, нехта грамадзянін Б. напісаў, што ў тэксце аўтар выказаў публічную знявагу дзяржаўнай рускай мовы, а таксама прапаведуе варожасць на моўнай глебе, прапагандуе непаўнавартаснасць грамадзян па прыкмеце моўнай прыналежнасці.

    Заява першапачаткова была дасланая ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Адтуль яе накіравалі ў барысаўскую міліцыю.

    Аўтар артыкула Алег Мацкевіч з абвінавачаннямі не згодны. Тлумачыць, што вызначэнне “клоачный русский” упершыню ўжыў расійскі прафесар Гасан Гусейнаў. Тады вакол яго меркавання адбыўся моцны скандал, Гусейнаву пагражалі і прапаноўвалі выбачыцца за свае “русафобскія” выказванні. Аднак выбачацца прафесар не стаў, не прыцягвалі яго і да адказнасці. Сам Гусейнаў патлумачыў, што яго меркаванне тычыцца не рускай мовы, а толькі той “гаворкі”, якая з’яўляецца мовай тэлевізійных шоў, мовай нянавісці і нецярпімасці.

    “Мой допіс у блогу на сайце EX-PRESS.BY — гэта маё асабістае меркаванне, якое з’явілася пэўным перафразам слоў Гусейнава. Любая мова ў пэўнай ступені адлюстроўвае стан развіцця грамадства, дзяржавы і не з’яўляецца ані канстантай, ані непадзельным феноменам, — кажа Алег Мацкевіч. — Так, я вельмі крытычна стаўлюся да тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне, і мовай гэтых негатыўных з’яў лічу як раз згаданы “клоачный русский”. Субкультура, узрошчаная на ім, заснаваная на непавазе да правоў чалавека, яго годнасці,  на татальнай хлусні, застрашванні, культывацыі не самых лепшых маральных якасцяў. У той жа час існуе руская мова Чэхава, Дастаеўскага, Талстога, Салжаніцына. Гэта мова сумлення, спагады, мова найвышэйшых гуманістычных каштоўнасцяў”.

    Мацкевіч даводзіць, што ў яго артыкуле няма ніякіх дыскрымінацыйных пасылаў і заклікаў. “Судзіць мяне за тое, што я крытычна стаўлюся да існуючага грамадскага ладу, — абсурдна. Свабода меркавання — маё канстытуцыйнае права”, — зазначае ён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці