У Беларусі арыштавалі нерухомасць журналісткі Таццяны Каравянковай
Мінскае гарадское агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельнаму кадастру 4 кастрычніка арыштавала нерухомую маёмасць журналісткі Таццяны Каравянковай.
Як напісала Таццяна ў Facebook, арышт накладзены на падставе пастановы галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта ад 26 верасня 2024 года. Прычына такога пераследу ў дакуменце, які атрымала журналістка з кадастравага агенцтва, не паведамляецца.
Таццяна Каравянкова піша, што звярнулася ў Следчы камітэт за тлумачэннямі, але адказу на свой ліст пакуль не атрымала.
Арыштаваная маёмасць — гэта 1/3 частка дома, якую журналістка мае ў сумеснай уласнасці са сваякамі.
Таццяна Каравянкова — вядомая беларуская журналістка. Працяглы час працавала як палітычны і міжнародны аглядальнік у незалежным інфармагенцтве БелаПАН. Лаўрэат шэрагу журналісцкіх прэмій. У 2021 годзе вымушана з’ехала з Беларусі і на сёння жыве і працуе за мяжой.