У Беларусі блакавалі доступ да YouTube і сацсетак
Відэахостынг YouTube перастаў працаваць у Беларусі прыкладна а 1.30 ночы 10 студзеня, піша motolko.help. Пасля сталі паступаць паведамленні, што не адкрываюцца некаторыя сайты, мэсанджары і сацсеткі, у тым ліку Telegram і TikTok.
У Беларусі ўначы блакавалі доступ да YouTube, Twitch і Discord. Па інфармацыці motolko.help, гэта назіралася ва ўсіх правайдэраў (А1, МТС, Life і ByFly).
Таксама былі праблемы з доступам да Telegram, Instagram, Viber і TikTok, сэрвісаў Google. Не адкрываліся некаторыя сайты. Карыстацца імі можна было толькі праз VPN.
Белтэлекам 9 студзеня паведамляў, што будзе з 00:00 да 07:30 праводзіць работы на сетцы перадачы даных: «магчыма абмежаванне доступу да паслуг сеткі перадачы даных для абанентаў горада Мінска, Гомеля і Гомельскай вобласці».
Але не працавалі дзясяткі сэрвісаў па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінску і Гомелі.
А трэцяй гадзіне ночы доступ да інтэрнэту пачаў аднаўляцца.
Апошні раз у Беларусі падобныя праблемы былі ў навагоднюю ноч. Тады блакавалі YouTube, у некаторых гарадах інтэрнэт не працаваў цалкам.