У Беларусі запускаюць «Фабрыку блогераў». На кастынг чакаюць 100 удзельнікаў
ОНТ рэкламуе «ўнікальны праект, аналагаў якому не існуе», хаця арганізатарам не хапіла фантазіі нават на ўласную назву, якую проста запазычылі з расійскай «Фабрыкі зорак».
«Штампаваць» беларускіх блогераў у прамысловых маштабах збіраюцца на першым блогерскім рэаліці-шоу. Здымкі пройдуць пройдуць 22–30 снежня ў Магілёве. Пераможцу абяцаюць прыз ў памеры 20 тысяч беларускіх рублёў і «мора папулярнасці». Зараз падзея актыўна прасоўваецца ў Instagram.
Заяўку на ўдзел у «Фабрыцы блогераў» можа даслаць кожны, хто вядзе свой блог ці толькі падумвае пра гэта. На афлайн-кастынг, які адбудзецца 14 снежня, арганізатары плануюць запрасіць 100 самых «перспектыўных» удзельнікаў. Па яго выніках у праект патрапяць 15 лепшых.
Нікому там не патрэбныя? Як справы беларускіх блогераў і прапагандыстаў у Рутубе
Удзельнікам шоу абяцаюць ганарары, пражыванне і харчаванне ў «блогерскім доме». Іх забяспечаць камерамі, эфірам, сустрэчамі і навучаннем ад «самых вядомых спікераў з Расіі і Беларусі».
Дарэчы, ужо вядома імя аднаго з настаўнікаў. Ім стане беларускі блогер, спявак і тэлевядучы тэлеканала МУЗ-ТБ Улад Кабякоў. У 2020 годзе ён выходзіў на пратэсты, а зараз удзельнічае ў «Марафонах единства» і публікуе відэа ў падтрымку Лукашэнкі. У Кабякова 1,5 мільёна падпісчыкаў у Instagram і амаль 8 мільёнаў у TikTok.
Відавочна, што першае блогерскае рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў» па задуме і апісанні вельмі нагадвае «Фабрыку зорак» — расійскае музычнае рэаліці-шоу па падтрымцы маладых выканаўцаў, якое выходзіла на розных расійскіх тэлеканалах з 2002 па 2024 годы (з перапынкамі). Толькі ў беларускім «унікальным праекце» музыкаў памянялі на блогераў.