У Беларусі затрымалі журналіста Ігара Ільяша
Пра затрыманне журналіста Ігара Ільяша ў Беларусі паведамляе ПЦ «Вясна». Яго фотаздымак у кайданках апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Падрабязнасці і акалічнасці затрымання Ігара Ільяша праваабаронцам пакуль невядомыя.
Адзін з тэлеграм-каналаў, звязаных з сілавікамі, апублікаваў фота Ільяша, намякнуўшы, што яго затрыманне нейкім чынам звязанае з тэлеканалам «Белсат». У наступным паведамленні была пагроза затрымаць сяброў журналіста, якія нібыта паведамілі пра сітуацыю з ім у незалежныя СМІ, піша «Позірк».
Ігар Ільяш — журналіст і муж журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні.
У лістападзе 2020 года Ільяша арыштоўвалі на 15 сутак за «удзел у пікетаванні». У ліпені 2021 года яго таксама затрымлівалі на 15 сутак падчас масавых вобшукаў і затрыманняў незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. У кватэры Ільяша правялі ператрус, забралі тэхніку і кнігі.
Кацярына Андрэева працавала журналісткай на тэлеканале «Белсат». Яе і аператара Дар’ю Чульцову затрымалі ў лістападзе 2020 года падчас стрыму з «плошчы Перамен». Суд прыгаварыў журналістак да двух гадоў пазбаўлення волі. На Кацярыну падчас зняволення завялі новую крымінальную справу — аб здрадзе дзяржаве, па якой яна атрымала 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі.
Кацярына Андрэева адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Яна ўнесеная ў спіс «экстрэмістаў».