У Брэсце адбыўся сход сябраў мясцовай філіі ГА “БАЖ”
Напярэдадні Калядаў брэсцкія журналісты сабраліся разам, каб падсумаваць выніку адыходзячага года. Падчас абмеркавання ўдзельнікі сходу яшчэ раз пераканаліся, наколькі важна ў цяперашніх умовах узгадваць не пра канкурэнцыю і разыходжанні ў дробных пытаннях, а трымацца журналісцкай салідарнасці.
Некаторыя з калег адчулі гэта сёлета, калі былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў на акцыях пратэсту, а пасля перажылі суды і арышты. Гэтыя падзеі засталіся, бадай што, галоўным успамінам пра 2020 год для многіх брэсцкіх сябраў ГА “БАЖ”.
На сходзе было вырашана прыняць у шэрагі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” трох прадстаўнікоў брэсцкага гарадскога інтэрнэт-часопіса “Бинокль”: Ксенію Пятровіч, Вадзіма Барысевіча і Дар’ю Гарашчанку. Сваё жаданне быць сябрамі БАЖ яны патлумачылі тым, што знаходжанне ў журналісцкай арганізацыі дазволіць атрымліваць новыя карысныя веды, удасканальваць свой прафесійны ўзровень, ведаць, што адбываецца ў медыясупольнасці.
Таксама брэсцкая філія ГА “БАЖ” выступіла з ініцыятывай дапамагчы мясцоваму інваліду першай групы Сяргею Снарскаму, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Сяргей любіць чытаць, аднак не можа самастойна перагортваць старонкі ў друкаваных кнігах. Таму журналісты вырашылі дапамагчы набыць яму электронную кнігу. Ідэя адзінагалосна была падтрыманая на сходзе, і брэсцкія бажаўцы пачалі збіраць грошы на падарунак.