У Бярозе прэвентыўна затрымлівалі мясцовага блогера Аляксандра Кабанава
Блогер збіраўся 17 лютага прыехаць у Брэст, каб асвятляць падзеі на галоўнай плошчы горада. Традыцыйна там па нядзелях ужо амаль год збіраюцца людзі, якія выступаюць супраць з’яўлення акумулятарнага завода каля горада.
Аднак на вакзале ў Бярозе Аляксандра Кабанава затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Паводле слоў блогера, яго апытвалі ў якасці сведкі пра падзеі, што адбываліся ў Брэсце 10 лютага: тады праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зладзілі шэсце па цэнтральных вуліцах горада.
“Апытанне цягнулася некалькі гадзін і было зразумела, што галоўная мэта – каб я не трапіў ў Брэст на чарговую акцыю”, – кажа Аляксандр Кабанаў.
Ён распавёў, што некаторыя пытанні былі вельмі дзіўныя, напрыклад, чаму блогер рэгулярна ездзіць у Брэст, навошта ходзіць у кіно і якія мае планы на вечар. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі часта тэлефанавалі свайму кіраўніцтву, каб узгадніць наступныя дзеянні. У выніку апытанне ў Бярозаўскім РАУС скончылася, калі ехаць у Брэст для асвятлення тамтэйшых падзей Аляксандру Кабанову ўжо не было сэнсу.