У Гомелі суд прызнаў, што фотакалаж з нацысцкай формай прынізіў гонар і годнасць чалавека
У Гомелі суд часткова задаволіў пазоў дырэктаркі школы да відэаблогера.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 29 кастрычніка прызнаў, што, “адзеўшы” дырэктарку школы № 3 Ніну Старажэнка ў чорны нацыскі мундзір афіцэра СС у застаўцы відэароліка, блогер Арцём Шапараў прынізіў яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Для кампенсацыі маральнай шкоды блогер абавязаны сплаціць Ніне Старажэнка 300 рублёў з патрабаваных у пазове 5 тысяч рублёў. Яшчэ 347 рублёў з выдаткаванай тысячы блогер абавязаны кампенсаваць дырэктарцы школы за паслугі адваката і судовыя выдаткі. Такое рашэнне вынесла суддзя Вольга Імпалітава.
“Галоўнае для мяне, што суд не патрабаваў выдаліць на YouTube і ў “Вконтакте” відэаролікі пра школу № 3. У іх расказана праўда, і гэтым я задаволены”, — сказаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Арцём Шапараў пасля судовага слухання.
Яшчэ ў траўні на сваім канале “Общество Гомель” відэаблогер Шапараў вырабіў ролік “Дзеці ў закладніках, а іх маці-ўдава — у рабстве. Жудасныя рэаліі Беларусі. Дэкрэт № 18”. У ім расказана гісторыя шматдзетнай маці Антаніны Шайнюк, якая адна гадуе чацвёра дзяцей. Яе сям’ю Ніна Старажэнка пагражала паставіць на ўлік як сацыяльна ненадзейную. Дырэктарцы школы не спадабалася, што шматдзетная маці несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, яе дачок-школьніц часцяком даглядае бабуля, а ў кватэры беспарадак: абадраныя шпалеры ды адчуваюцца непрыемныя пахі ад хворай аўчаркі, якую кіраўніца школы настойліва раіла ўсыпіць.
Шматдзетнай сям’і аказала фінансавую дапамогу Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, а гамельчукі сабралі грошы на аперацыю хворай аўчаркі. Сям’я расплацілася з запазычанасцямі і вылечыла сабаку.
Тым часам дырэктарка школы палічыла, што блогер Шапараў абразіў яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Яна падала заяву ў Савецкі райаддзел міліцыі, але там не знайшлі пацвярджэння знявагі. Справу перакваліфікавалі паводле артыкула 17.10 КаАП – прапаганда і распаўсюд нацысцкай сімволікі. Застаўку да відэасюжэта міліцыя накіравалі на экспертызу. Вынікі яе разам з пратаколам аб адміністрацыйным парушэнні былі перададзеныя на разгляд у суд.
12 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу Арцёма Шапарава. Было прынята да ўвагі хадайніцтва блогера на парушэнне ягонага права на ўдзел у правядзенні экспертызы, зробленай, як заяўляў Шапараў, аднабакова і неякасна.
Але мінула два месяцы з моманту “аддзявання” дырэктаркі школы ў нацысцкую форму, і міліцыя цалкам спыніла адміністрацыйную справу, заведзеную, як выглядае, дзеля абароны школьнага адміністратара. На гэты конт Арцём Шапараў атрымаў афіцыйны ліст за подпісам начальніка міліцыі Савецкага раёна Андрэя Баранца.
Такі расклад не задаволіў Ніну Старажэнка. Паколькі тэрміну даўнасці па справе знявагі гонару і годнасці не існуе, то дырэктарка школы ў верасні нанова падала пазоў у суд на блогера Шапарава, патрабуючы спагнаць з яго прычыненую маральную шкоду і судовыя выдаткі.
Запрошаныя ў суд эксперты – дырэктар абласнога музея ваенной славы Дзмітрый Чумакоў і яго намеснік па навуцы Канстанцін Мішчанка – пацвердзілі, што чорная уніформа, у якую адзета ў застаўцы відэароліка дырэктарка школы Ніна Старажэнка, гэта форма гаўптштурмфюрэра СС, і ў такім выглядзе мае асацыяцыю з ваеннымі злачынцамі. Яе нельга пераблытаць з формай расійскіх паштальёна ці чыгуначніка, як спасылаўся блогер, “хіба толькі калі чалавек – слабаадукаваны”. На асабістую думку Мішчанкі, застаўка ў відэароліку мае зняважлівы характар.
У суд у якасці сведкі прыйшла Антаніна Шайнюк. Высветлілася, што яе кватэру з гаргазу ніхто не наведваў. Інфармацыя пра запазычанасць за газ нібыта сыходзіла неафіцыйна ад былой настаўніцы, якая перайшла на працу ў газавую службу. А пільная ўвага да сям’і шматдзетнай маці была выкліканая тым, што яна не здала грошы на пакупку для школы тэлевізара.
Арцём Шапараў дадае, што ён ужо вырабіў новы відэаролік пра паборы з бацькоў у школе № 3.
Сённяшняе рашэнне Чыгуначнага райсуда блогер наважаны абскардзіць у Гомельскім абласным судзе.