У Гродне адкрылася выстава рэпарцёрскага фота Яна Хведчына
У Гродне 14 верасня — у Дзень горада — фатограф Ян Хведчын прадставіў гродзенцам і гасцям горада свой праект “Гродзеншчына рэпарцёрская”.
Выстава “Гродзеншчына рэпарцёрская” — гэта амаль паўсотні прац фатографа-рэпарцёра Яна Хведчына за апошнія два гады.
“Прадстаўленыя на выставе здымкі зробленыя падчас журналісцкай працы ў розных рэгіёнах Гродзенскай вобласці. Адзін з гэтых здымкаў выйграў вялікі конкурс ва Украіне, заняўшы трэцяе месца, — распавядае пра свае фотапрацы Ян Хведчын. — Частка са здымкаў зробленая, можна сказаць, у апошні момант — за месяц да выставы, а самы свежы — два тыдні таму, першага верасня”.
На экспазіцыі здымкі Яна Хведчына зробленыя для розных выданняў, яны паказваюць гарадскія святы і мерапрыемствы, падарожжы і простае жыццё жыхароў Гродзеншчыны.
Выставу можна паглядзець у выставачным цэнтры “Фестывальны” да канца верасня.