У Гродне людзі ў цывільным схапілі блогера Дзяніса Рудзевіча — аўтара канала «Ліда Для Жыцця»
Дзяніс Рудзевіч — блогер з Ліды, адзін з аўтараў канала «Ліда Для Жыцця».
13 ліпеня ў Гродне, на выхадзе з будынка суда Ленінскага раёна быў затрыманы асобамі ў цывільным блогер YouTube канала «Ліда для Жыцця» Дзяніс Рудзевіч.
Рудзевч прыехаў у Гродна, каб падтрымаць мясцовых актывістаў падчас судовых паседжанняў (судзілі Ежы Грыгенчу і Юлію Карачаеву ў суддзе Ленінскага раёна Гродна за акцыю «Ланцуг Салідарнасці», якая адбыўся ў Гродне 19 чэрвеня 2020 года).
Дзяніс Рудзевіч 13 ліпеня мусіў у Ленінскім РАУСе горада атрымаць пастанову па сваёй справе.
Але пасля выхаду з будынка суда каля Рудзевіча прыпыніўся таніраваны мікрааўтобус: выскачылі людзі ў цывільным і схапілі Дзяніса.
На дадзены момант яго лёс невядомы.
Нагадаем, 19 чэрвеня ў Гродне падчас акцыі “Ланцуг салідарнасці“ Дзяніса Рудзевіча схапілі невядомыя ў цывільным, не прадстаўляючыся, запіхнулі ў аўтобус і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. Там Дзянісу паведамілі, што ён затрыманы і на яго быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд СМІ).
Акрамя таго, у яго было канфіскавана ўсё абсталяванне, а тэлефон разбілі пры затрыманні супрацоўнікі ў цывільным
9 ліпеня 2020 года высветлілася, што адміністрацыйная справа па гэтым пратаколе прыпынена. Але на Дзяніса склалі новы пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства).