У Гродне спынілі справу блогера супраць выканкама і гарадскога Савета дэпутатаў
Суддзя Ленінскага райсуда Гродна Казімір Сяргей 6 снежня спыніў справу грамадскага актывіста і блогера Анатоля Мышкевіча супраць Гродзенскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў.
Блогер і грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч праз суд аспрэчваў рашэнне гарадскіх уладаў аб немагчымасці прамой трансляцыі пасяджэнняў мясцовых дэпутатаў.
Суддзя Казімір Сяргей патлумачыў сваё рашэнне тым, Мышкевіч не паспеў з тэрмінамі абскарджання адказу аблвыканкама, якое мусіла адбыцца ў месячны тэрмін.
Мышкевіч у ходзе слухання спрабаваў патлумачыць суду, што падача скаргі была пратэрмінаваная ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі лічбавыя носьбіты інфармацыі на 2 месяцы для праверкі па адміністрацыйнай справе ў дачыненні яго за плакат аб зніклых палітыках. Суд не прыняў гэта да ўвагі.
“Заўтра будзе зноў накіраваны зварот у гарвыканкам. Будзе там абскарджаны. І праз месяц мы вернем усе паперы ў суд. І цяпер ніякага пратэрмінавання не будзе”, — лічыць Анатоль Мышкевіч.
Грамадскі актывіст спадзяецца, што ўжо пасля публікацыі ў розных СМІ інфармацыі пра суд з падобнымі зваротамі наконт трансляцыі пасяджэнняў Савета дэпутатаў у гарадскі Савет напішуць звароты і іншыя жыхары горада.