• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Кітаі рэпрэсуюць журналістаў, якія ў сацсетках паведамлялі пра рэальныя наступствы каранавіруса

    Журналісты, якія раскрывалі праўду пра каранавірус на пачатку пандэміі, могуць быць пазбаўленыя акрэдытацыі.

    Калі летась ва Ухані пачалася ўспышка каранавіруса, многія маладыя жыхары не давяралі інфармацыі з дзяржаўных СМІ. Замест гэтага яны звярнуліся да сацыяльных сетак. Каля 10 журналістаў і блогераў з Уханя здымалі відэа на смартфоны, каб задакументаваць раннія стадыі пандэміі, піша DW.

    Без гэтых звестак многія дэталі, якія кітайскаму ўраду было выгадна не разносіць, імаверна, так і не былі б абнародаванымі.

    Аднак нават гэта праява свабоды слова ў сацыяльных сетках будзе абмежаваная. Цяпер усе пасты журналістаў у сацсетках будуць ацэньвацца, наколькі яны з’яўляюцца палітычна прымальнымі. Гэта ацэнка будзе пасля выкарыстоўвацца для таго, каб вырашыць, ці падаўжаць тым ці іншым журналістам акрэдытацыю.

    Па заяве Галоўнага кіраўніцтва друку і публікацый Кітая (Gen­er­al Admin­is­tra­tion of Press and Pub­li­ca­tion) ад 19 студзеня, мэта такога рашэння ў тым, каб «рэалізаваць важныя ідэі генеральнага сакратара Сі Цзіньпіна па прапагандзе і ідэалагічнай працы і стварыць каманду журналістаў, якія з’яўляюцца палітычна моцнымі і інавацыйнымі, а таксама прытрымліваюцца рэалістычных поглядаў».

    Новае рэгуляванне закране радыё, тэлебачанне, друкаваныя і інтэрнэт-СМІ. Той, хто будзе наймаць журналістаў без акрэдытацыі, будзе падвяргацца пакаранню. Такія змены, якія могуць падацца нязначнымі, верагодна, будуць мець доўгатэрміновыя наступствы.

    Кітайскія СМІ заўсёды імкнуцца рэалізаваць свабоду слова ў аўтарытарным асяроддзі краіны. Гэта ўключае ў сябе выкарыстанне сацсетак для рэпартажаў на тэмы, якія не выклікаюць адабрэння ў дзяржаўных цэнзурных органаў.

    Таксама пад кантроль возьмуць карыстальніцкі кантэнт, які публікуюць людзі без журналісцкай адукацыі.

    Некаторыя з журналістаў Уханя ўжо сутыкнуліся з рэпрэсіямі за сваю прафесійную дзейнасць. 37-гадовы відэаблогер Чжан Чжань (Zhang Zhan) атрымаў 4 гады арышту. Яшчэ двое журналістаў застаюцца пад арыштам. А месцазнаходжанне рэпарцёра Фан Біня (Fang Bin) невядома з лютага 2020 года.

    Пасля таго, як Сі Цзіньпін узначаліў дзяржаву, цэнзура ў Кітаі значна ўзмацнілася.

    Яшчэ адной новай падзеяй стала ўзмацненне рэпрэсій супраць кітайскіх карыстальнікаў замежных платформ Twit­ter і Face­book, якія ў Кітаі даступныя толькі з VPN. За апошнія тры гады больш за 50 кітайскіх грамадзян арыштавалі за выкарыстанне гэтых сацсетак для выказвання свайго меркавання наконт пратэстаў у Ганконгу, статусу Тайваня і парушэння правоў чалавека ў Сіньцзяні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці