У Кітаі рэжысёра-дакументаліста асудзілі на тры з паловай гады турмы за асвятленне пратэстаў супраць цэнзуры
Дакументальны фільм Чэнь Пінліня распавядае пра рух «Белая кніга». Гэтыя пратэсты пачаліся ў адказ на абмежаванні, уведзеныя ў рамках палітыкі супраць Covid-19. Падчас акцый дэманстранты трымалі чыстыя аркушы паперы, каб асудзіць цэнзуру і злоўжыванні рэжыму.
Суд у Шанхаі асудзіў рэжысёра-дакументаліста Чэнь Пінліня на тры з паловай гады пазбаўлення волі пасля закрытага судовага працэсу. Рэжысёра прызналі вінаватым у «распальванні варожасці і правакаванні беспарадкаў» за дакументальны фільм пра пратэсты 2022 года супраць цэнзуры і злоўжыванняў улады. Пра гэта паведамляе міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF).
Чэнь быў затрыманы ў лістападзе 2023 года пасля выхаду дакументальнага фільма Urumqi Middle Road. Стужка распавядае пра пратэсты, якія першапачаткова ўзніклі ў адказ на абмежаванні, уведзеныя палітыкай барацьбы з Covid-19. Падчас акцый дэманстранты трымалі чыстыя аркушы паперы, каб асудзіць цэнзуру і злоўжыванні рэжыму. Фільм таксама асвятляе жорсткае падаўленне паліцыяй пратэстаў, якія сталі найбуйнейшымі з 1989 года. Дакументальная стужка была размешчана на платформах YouTube і X, забароненых у Кітаі.
«Рэжысёр-дакументаліст Чэнь Піньлін служыў толькі грамадскім інтарэсам, дакументуючы гістарычныя пратэсты супраць цэнзуры і злоўжыванняў з боку кітайскага рэжыму. Абвяшчаючы яго парушальнікам спакою, Пекін дэманструе поўную пагарду да права на інфармацыю. Мы заклікаем міжнародную супольнасць узмацніць ціск на рэжым, каб дамагчыся вызвалення Чэнь Піньліня, а таксама 123 іншых журналістаў і абаронцаў свабоды прэсы, якія зараз знаходзяцца пад вартай у краіне», — заявіў дырэктар Азіяцка-Ціхаакіянскага бюро RSF Седрык Альвіяні.
У Кітаі незалежныя журналісты, якія займаюцца адчувальнымі для рэжыма пытаннямі часта сутыкаюцца з падобнымі абвінавачваннямі. Журналістку Чжан Чжань асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў 2020 годзе за рэпартаж пра ўспышку Covid-19. Пасля вызвалення (у траўні 2024 года) яе зноў узялі пад варту са жніўня 2024 года — на гэты раз пасля размяшчэння ў сацыяльных сетках інфармацыі аб пераследзе актывістаў у Кітаі.
З таго часу як Сі Цзіньпін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе, ён выхоўваў медыякультуру, калі пошук інфармацыі або яе свабодны абмен крыміналізуюцца. Зараз Кітай — найбуйнейшая ў свеце турма для журналістаў і абаронцаў свабоды прэсы. За кратамі знаходзяцца як мінімум 124 супрацоўнікі СМІ, краіна займае 172‑е месца са 180 у Сусветным індэксе свабоды прэсы RSF за 2024 год .