У Кітаі высокапастаўленага рэдактара адной з галоўных газет абвінавацілі ў шпіянажы
У Кітаі вынеслі абвінавачанне ў шпіянажы высокапастаўленаму рэдактару аднаго з галоўных СМІ Камуністычнай партыі Кітая. Пра гэта паведаміла выданне The New York Times са спасылкай на сям'ю затрыманага рэдактара.
Донг Юю больш за 30 гадоў працаваў у адной з найбуйнейшых кітайскіх праўладных газет Guangming Daily і быў там вельмі аўтарытэтным рэдактарам, які па абавязку службы і для напісання артыкулаў рэгулярна сустракаўся як са звычайнымі замежнікамі, так і з палітычнымі дзеячамі замежных дзяржаў.
Падчас адной з такіх сустрэч у лютым мінулага года Донг Юю быў арыштаваны кітайскімі спецслужбамі проста на абедзе з японскім дыпламатам (якога, нягледзячы на недатыкальнасць, таксама затрымалі, але потым праз пару гадзін адпусцілі).
Сваякі рэдактара толькі цяпер вырашылі падзяліцца гэтай гісторыяй, бо дарма спадзяваліся, што Донга Юю ў рэшце рэшт выпусцяць і здымуць абвінавачанні.
«Па словах членаў ягонай сям’і, якія пажадалі застацца ананімнымі з‑за страху помсты, дагэтуль не зразумела, ці стаў 61-гадовы спадар Донг мішэнню за яго ліберальныя погляды, кантакты з замежнікамі, ці адразу і тое, і іншае. Адзіным доказам віны, прадстаўленым на дадзены момант, былі яго кантакты з замежнымі дыпламатамі і наяўнасць замежных акадэмічных стыпендый, якія той атрымаў раней падчас працы», — піша The New York Times са спасылкай на сям’ю затрыманага рэдактара.
Донг Юю з’яўляецца чалавекам ліберальных поглядаў, які, нягледзячы на працу ў адной з галоўных праўладных газет, пісаў крытычныя артыкулы ў адносінах да Камуністычнай партыі Кітая і не замоўчваў праблем палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага і гістарычнага напрамкаў (пісаў ён артыкулы і для замежных выданняў, такіх як The New York Times, The Times і інш.).
Напрыклад, ён звяртаў увагу на неабходнасць прызнання палітычнай адказнасці ўсёй КПК за масавыя рэпрэсіі і людскія ахвяры, якія адбыліся ў Кітаі падчас праўлення Мао Цзэдуна. Таксама Донг Юю выступаў за большую падтрымку бедных кітайскіх студэнтаў, пісаў аб праблемах забруджвання навакольнага асяроддзя, а таксама публічна прасоўваў ідэі вяршэнства закона і незалежнай судовай сістэмы.
Рэдактару на момант арышту заставалася ўсяго тры месяцы да выхаду на пенсію, а цяпер яму пагражае ад 10 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце яшчэ:
Адказ на запыт аб пазітыўным кантэнце. Журналісты — пра праект «Беларусы могуць»
Рэжысёрка стужкі «Беларусь 23.34» Таццяна Свірэпа: Я не маю адукацыі ў сферы кіно, таму ўсё раблю метадам спробаў і памылак
Прадукцыю «Еўрарадыё» ў расійскіх сацсетках прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»