• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску адбылося пасяджэнне Рады ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (ФОТА)

    Сустрэча Рады ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" — першае вялікае публічнае мерапрыемства арганізацыі з вясны бягучага года. 

    На пачатку сустрэчы старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец павіншаваў усіх прысутных з 25-годдзем арганізацыі. Ужо чвэрць стагоддзя грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» яднае вакол сябе людзей, якія стаяць на пазіцыях свабоды слова, правоў чалавека.

    «У 1995 годзе заснавальнікамі былі 38 чалавек, сёння ў БАЖы больш за 1 300 сябраў. Чвэрць стагоддзя дзейнасці прыпала на такія палітычныя ўмовы. Пандэмія і палітычная сітуацыя зрабілі немагчымым святкаванне ва ўрачыстым фармаце. Многія нашы калегі застаюцца ў турмах, адбываецца ціск на медыя, ідзе судовы працэс аб пазбаўленні партала TUT.BY статусу СМІ.

    Мы вельмі ўдзячныя ўсім беларускім і міжнародным арганізацыям, якія падтрымліваюць беларускіх журналістаў і БАЖ цяпер», — сказаў Андрэй Бастунец.

    Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец

     

    Намеснік старшыні Алег Агееў распавёў прысутным пра працу арганізацыі ў юрыдычным кірунку, які цяпер асабліва актуальны.

    Алег Агееў пералічыў статыстычныя звесткі зафіксаваных БАЖам фактаў парушэння правоў журналістаў. Ад пачатку выбарчай кампаніі было зафіксавана больш за 350 фактаў затрыманняў, арыштаў, гвалту супраць журналістаў. Пасля выбараў прэзідэнта 9 жніўня не менш за 55 журналістаў сутыкнуліся з фізічным гвалтам, гэта не толькі збіццё, але і раненні ад агнястрэльнай зброі.

    Былі заблакаваныя многія сайты, пасля выбараў тры дні ў краіне фактычна не было інтэрнэту.

    На дадзены момант праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 77 чалавек, з іх дзевяць асобаў — блогеры. А таксама бізнесмен, сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і TheVil­lage-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Аляксандр Васілевіч.

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні ГА «БАЖ», галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч адзначыў надзвычай сур’ёзныя працэсы ў сталенні грамадства:

    — Беларусы прайшлі шлях ад памяркоўных да неверагодных. І гэта заслуга незалежных медыя. Я вельмі рады, што трапіў у гэту кампанію.

    Падчас Рады была ўшанаваная памяць Васіля Мацкевіча, журналіста “Медыя-Палессе”, які раптоўна памёр ад каранавіруса ў красавіку. Гэта трагедыя для яго сям’і, калег, медыясупольнасці рэгіёна.

    Рэдактар сеткавага выдання «Медыя-Палессе» Святлана Гарда цёплымі словамі згадала свайго калегу: 

    «Васіль рабіў вострыя рэпартажы з аптэк, дзе не было лекаў, а праз два дні сам цяжка захварэў. Яго адпусцілі з паліклінікі, а на наступны дзень ён памёр. На самым заўважным месцы ў офісе «Медыя-Палесся» вісіць дыплом Васіля Мацкевіча за перамогу у творчым конкурсе БАЖ “Вольнае слова” як прыклад якасці для калег».

    Радай ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» была прынятая Заява пра ўмовы дзейнасці журналістаў і медыя ў перыяд электаральнай кампаніі 2020 года. Пасля далучэння да Заявы шэрагу іншых суб’ектаў медыясферы краіны дакумент будзе апублікаваны.

    Рада ГА «БАЖ», як і цырымонія падвядзення вынікаў традыцыйнага штогадовага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова», прайшлі ў межах канферэнцыі «Бяспека журналістаў».

    У Мінску назвалі пераможцаў журналісцкага конкурсу “Вольнае слова” ФОТА

    ВЯЛІКІ ФОТАРЭПАРТАЖ з цырымоніі абвяшчэння лаўрэатаў конкурсу «Вольнае слова»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці