• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт памяці музыкі і журналіста Аляксандра Кулінковіча ФОТА

    У мінскім клубе Prime Hall прайшоў канцэрт памяці музыкі і журналіста Аляксандра Кулінковіча. Беларускі музыка, паэт, актор, журналіст, лідар культавага панк-рок гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч пайшоў з жыцця ва ўзросце 46 гадоў у жніўні гэтага года.

    Аляксандр Кулінковіч на працягу свайго творчага шляху займаўся не толькі музыкай, але і журналістыкай. У розны час ён вёў аўтарскія калонкі ў часопісе Sexus, газеце «СБ. Беларусь сегодня», друкаваўся ў часопісах «Развлечения и отдых» (РиО), “ТАКСИ” і іншых выданнях.

    На знак памяці, а таксама з намерам паставіць кропку ў амаль 30-гадовай гісторыі гурта музыкі Neu­ro Dubel, сябры і калегі зладзілі канцэрт пад назвай “Я принес тебе ура!”.

    Бессмяротныя хіты “Переехало комбайном”, “На Марс”, “Резиновый дом”, “Охотник и сайгак” і іншыя замест Кулінковіча разам з музыкамі Neu­ro Dubel выканалі яго сябры і калегі: Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Юрый Стыльскі, Уладзімір Пугач, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Алесь Мышкевіч, Алесь Лютыч, Зоя Сахончык, Ангус Тарнада, Les­ley Knife, Дзяніс Тарасенка.

    Апошняй прагучала песня “Время распрощаться”, традыцыйная для канцэртаў “Дзюбялей”. Поўная заля Prime Hall цяпер насамрэч “распрощалась” з гуртом Neu­ro Dubel і годна аддала даніну павагі легендзе беларускай музыкі Аляксандру Куліновічу.

    Neu­ro Dubel праводзілі доўгімі  авацыямі .

    Канцэрт быў дабрачынны, сродкі, атрыманыя ад продажу квіткоў, пойдуць на выданне зборніка публіцыстыкі Кулінковіча, устаноўку надмагільнай памятнай пліты, а таксама на стварэнне альбома з фотаздымкамі гурта.

    Сваімі ўражаннямі ад канцэрта і добрымі ўспамінамі пра Аляксандра Куліковіча падзяліліся музыка яго гурта Уладзімір Сахончык, калега па беларускай сцэне Зміцер Вайцюшкевіч, прыхільнік Аляксандр Кашэня, які адмыслова прыехаў на імпрэзу са Слоніма:

    Уладзімір Сахончык:

    — Калі мы пазнаёміліся восенню 2004-га года, Саша для мяне быў кумірам, лідарам культавай панк-рок групы Neu­ro Dubel, да гэтага я хадзіў на выступы гурта, граў яго песні ў вузкім коле сваіх сяброў.  Пазней Саша стаў сябрам, партнёрам, натхняльнікам, настаўнікам. Мне складана адным словам сказаць, кім гэты чалавек быў для мяне…  Усведамляю, што гэта апошні канцэрт Neu­ro Dubel, далей будуць трыб’юты, і гэта будзе не тое. Мы ніколі не казалі, што граем апошні канцэрт, гулялі крайні, але ў гэты чацвер 25-га кастрычніка быў сапраўды апошні канцэрт культавай беларускай панк-групы Neu­ro Dubel. Ніколі за ўсю гісторыю нашай групы мы не рыхтаваліся так старанна да нашага выступу, як у гэты раз. Апошні раз.

    Уладзімір Сахончык

     

    Зміцер Вайцюшкевіч:

    — Выступ на сённяшнім канцэртце найперш быў данінай павагі Сашу Кулінковічу, які раптоўна ад нас пайшоў, тым больш ён марыў зладзіць у Prime Hall вялікі канцэрт. Сёння была вельмі магутная зала, шкада, праўда, што з такой невясёлай нагоды.

    Зміцер Вайцюшкевіч

     

    Аляксандр Кашэня:

    — Так супала, што Аляксандр Кулінковіч памёр ў дзень майго юбілея, 4 жніўня мне спаўнілася 40 год. Свой юбілей я вырашыў сустрэць на фэсце “Рок за Баброў” з любімымі беларускімі рок-выканаўцамі, сярод якіх і Neu­ro Dubel. І раптам пасля выступу J‑Морс абвесцілі, што Сашы не стала, гэта быў шок. 29 гадоў творчасці, узлётаў і падзенняў. Маё меркаванне, гэта быў наш беларускі Ягор Летаў. Пасля такого грандыёзнага канцэрту, напэўна, на нябёсах Саша Кулінковіч сказаў нам усім «Я принес тебе ура!»

    Аляксандр Кашеня і бэк-вакаліст "Нейра Дзюбеля" Юрый Навумаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці