У Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у дачыненні да жанчын журналісты розных краін даслалі дзясяткі паштовак калегам за краты
Удзельнікі міжнароднай журналісцкай праграмы “Медыя-дыялог” з Нямеччыны, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны падпісалі і адправілі больш за 40 паштовак і лістоў зняволеным беларускім журналістам.
Акцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дню барацьбы за спыненне гвалту ў адносінах да жанчын. На дадзены момант у няволі ў Беларусі знаходзяцца 29 прадстаўнікоў медыя.
17 з 29 зняволеных ў Беларусі прадстаўнікоў медыя — жанчыны. Часта для жанчын ствараюць «асаблівыя ўмовы ўтрымання» — пазбаўляюць элементарных гігіенічных сродкаў, падсяляюць у камеру бадзяжных людзей з вашамі ды іншае.
Пачытайце падрабязны расповед журналісткі Кацярыны Карпіцкай пра месяц у ІЧУ.
«Людзей дагэтуль працягваюць катаваць». Журналістка Кацярына Карпіцкая расказала пра месяц арышту на Акрэсціна
— Дзясяткі журналістак пацярпелі ад гвалту з боку сілавых органаў Беларусі цягам мінулага года. І вельмі многія з іх працягваюць заставацца за кратамі. Сёння гэта наша агульная бяда, таму на ўсіх міжнародных пляцоўках Беларуская асацыяцыя журналістаў кажа і будзе казаць пра зняволеных калег, падтрымліваць іх і патрабаваць іх вызвалення, — гаворыць арганізатарка акцыі беларуская журналістка Глафіра Жук, якая сама адбыла 30-суткавы арышт у ізалтары на Акрэсціна гэтай вясной.
Затрымалі ў салоне прыгажосці, усю камеру адправілі ў карцар. Журналістка Глафіра Жук распавяла пра 30 сутак на Акрэсціна
Адрасы ўсіх зняволеных калег у нас заўсёды ТУТ.
Настойліва просім дасылаць у турмы менавіта заказныя лісты.