У адказ на блакіроўку Еўрасаюзам расійскіх СМІ ў Расіі заблакавалі «Белсат»
Расія адказала на блакіроўку сваіх прапагандысцкіх медыяў у Еўрасаюзе. У спіс СМІ, «у дачыненні да якіх уводзяцца меры ў адказ па абмежаванні вяшчання і доступа да рэсурсаў у інтэрнэце з тэрыторыі Расіі», трапіў «Белсат».
Тэлеканал «Белсат» пазначаны ў спісе ў раздзеле польскіх СМІ. Акрамя яго ў гэты радзел трапіў толькі журнал «Новая Польша». Нагадаем, у красавіку 2022 года Роскамнагляд ужо блакаваў доступ да сайта belsat.eu.
Усяго ў Расіі заблакавалі 81 еўрапейскае медыя, паведамляе «РИА Новости». Сярод іх такія выданні, як нямецкія Spiegel, Zeit, Frankfurter Allgemeine Zeitung, іспанская El País, італьянскія La Stampa, La Repubblica, французскія Le Monde, Liberation, AFP, эстонскі Delfi, агульнаеўрапейскія Politico і EUobserver.
Забарона на вяшчанне еўрпейскіх СМІ пачала дзейнічаць 25 чэрвеня 2024 года.
«У выпадку, калі абмежаванні адносна расійскіх СМІ будуць знятыя, расійскі бок таксама перагледзіць сваё рашэнне адносна згаданых медыяаператараў», — адзначаецца ў заяве расійскага МЗС.
Напярэдадні Еўрасаюз абвясціў пра абмежаванне доступа да расійскіх рэсурсаў «Известия», «РИА Новости» і «Российская газета», а таксама да медыяпраекта «Голас Еўропы» (Voice of Europe), зарэгістраванага ў Чэхіі.