Украінская журналістка Вікторыя Рошчына памерла ў расійскім палоне
У расійскім палоне памерла ўкраінская журналістка Вікторыя Рошчына. Здарылася гэта падчас этапавання з Таганрога ў Маскву. Бацькі Рошчынай атрымалі афіцыйнае паведамленне, піша hromadske.ua.
Днямі Вікторыі Рошчынай споўнілася 28 гадоў. Яна знікла 3 жніўня 2023-га на часова акупаванай расіянамі тэрыторыі Украіны. Доўгі час не было ніякай інфармацыі пра лёс журналісткі. І толькі вясной сёлета Расія пацвердзіла, што Рошчына затрыманая і знаходзіцца на тэрыторыі РФ.
Вікторыю Рошчыну называюць таленавітай журналісткай. Як фрылансерка, яна супрацоўнічала з «Украінскай праўдай», hromadske, «Украінскім радыё», «UA:Першы», «Цэнзар.нет», украінскай рэдакцыяй Радыё Свабода. У 2022‑м яна атрымала ўзнагароду Міжнароднага жаночага медыйнага фонду «За мужнасць у журналістыцы».