• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Сейме Літвы прайшоў Форум свабоднай журналістыкі

    13 снежня ў Сейме Літоўскай Рэспублікі адкрыўся Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў «Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта — падтрымліваць самыя высокія стандарты». Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў, што Форум — значны акт падтрымкі і салідарнасці не толькі беларускіх журналістаў у выгнанні, але і калег, якія застаюцца ў Беларусі.

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Удзельнікаў Форуму вітаў першы намеснік старшыні Сейма Літвы Ёзас Олекас:

    Вельмі важнай з’яўляецца будучыня незалежнай прафесійнай журналістыкі, якая вяла Літву да нашай свабоды. Нас натхнялі дысідэнты, змагары пасляваеннага перыяду.

    Але ўва многія сем’і звярталіся надзейныя журналісты з «Голасу Амерыкі», «Радыё Свабода», якія, як і беларускія журналісты сёння, не маглі жыць у сваёй краіне, эмігравалі ў дэмакратычныя краіны і намагаліся перадаць нам, у акупаваную саветамі Літву, праўдзівую інфармацыю. Надзейная прафесійная журналістыка неабходная. Мы, як палітыкі, хоць і працуем як мага больш інтэнсіўна самі, але шчыпок з боку журналістаў часам неабходны, каб не даць палітыкам заснуць.

    Дайнюс Радзявічус, старшыня Саюза журналістаў Літвы, звярнуў увагу на памылкі з боку ўплывовых медыяў, зробленых не так даўно:

    У СМІ зрабілі шмат памылак. Time яшчэ ў 2016 годзе назваў Пуціна новым царом Расіі чалавека, які ўжо тады кіраваў злачыннай дзяржавай. Гэты чалавек быў абраны нашымі калегамі чалавекам года: нібыта ён прынёс стабільнасць у Расію і зрабіў яе сусветнай дзяржавай. Штосьці не так мы зрабілі ў 2016 годзе. Можа, часам не ўяўляем, колькі памылак мы робім… Толькі агаляючы памылкі ў мінулым, мы можам не паўтараць такія ж памылкі ў будучыні.

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года

    Андрэй Бастунец на Форуме свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец нагадаў, што ў Беларусі і сёння затрымліваюць людзей, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў яшчэ 4 гады таму.

    Гэты год называюць супергодам выбараў. Выбары прайшлі больш чым у 70 краінах, прайшлі ў Літве, так званыя «выбары» будуць праз месяц у Беларусі. Па сёння затрымліваюць людзей, якія выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў яшчэ 4 гады таму. Гэта адбываецца на тле міжнародных канфліктаў і войнаў, колькасць якіх  толькі павялічваецца. Мы ўбачылі падзенне рэжыма Асада, але не ведаем, ці не стане Сірыя яшчэ адной гарачай кропкай. Сітуацыя ў Грузіі ўсё больш нагадвае Беларусь — з падаўленнем свабоды слова і мірных пратэстаў. Журналісты могуць даносіць праўду, даваць права выказацца ўдзельнікам падзеяў, якія, можа, становяцца і ахвярамі. Вельмі цяжка не перайсці на адзін з бакоў, не стаць маніпулятарамі.

    Мая Север, прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў адзначыла, што незалежныя журналісты не з’яўляюцца ворагамі палітыкаў і дзяржавы, яны стаяць на варце грамадскіх інтарэсаў.

    Салідарнасць не проста слова, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Гэта тая сіла, якая прымушае паўстаць супраць дэзінфармацыі, ціску, прапаганды. Прафесійная журналістыка адзіная абарона ад дэзінфармацыі. У Беларусі журналісты сутыкаюцца з несправядлівымі аб’яднаннямі. Але межы праўду не спыняюць.

    Праўда становіцца мішэнню, а журналісты ахвярамі. Ваша праца сімвал змагання за свабоду. Турмамі, цэнзурай ці запалохваннем праўду нельга схаваць. Мы будзем дамагацца, каб міжнародная супольнасць супраціўлялася рэпрэсіям.

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Беата Марцін, дырэктарка Фонда Эберта краін Балтыі падкрэсліла:

    — Літва стала бяспечным месцам для многіх журналістаў, якія не могуць працаваць у сваіх краінах. Вельмі важна, што журналісты могуць абмеркаваць праблемы якаснай журналістыкі ў бяспечным месцы. Абарона крыніц інфармацыі, абарона журналістаў ад пераследу гэта важна для захавання жыццяў і развіцця журналістыкі. Якасная журналістыка адыгрывае незаменную  ролю для дэмакратыі, у барацьбе супраць дэзінфармацыі, асабліва расійскай, і аперацый уплыву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці