• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У суд Паставаў прыйшла даведка з МЗС наконт акрэдытацыі пакойнага бацькі журналіста Змітра Лупача

    За адзін дзень — склалі пратакол, пратрымалі ў міліцыі тры гадзіны, а пасля прызначылі суд і аштрафавалі. Усё гэта адбылося ў Паставах з глыбоцкім журналістам-фрылансерам Змітром Лупачом.

    26 кастрычніка ён павінен быў з’явіцца па позве ў Пастаўскі РАУС аб адзінаццатай гадзіне да Малікава Е.А. Калі журналіст туды прыехаў, яму давялося доўга чакаць міліцыянта. Зміцер хацеў выйсці з РАУС і папярэдзіць свайго калегу, з якім прыехаў у Паставы, што яму давядзецца яшчэ пачакаць, але Лупачу міліцыянты сказалі, што ён адсюль пакуль не выйдзе.

    Потым прыйшоў участковы Аляксандр Кішко і склаў на яго пратакол паводле артыкуле 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Пасля гэтага міліцыянт сказаў, што яны пойдуць у суд. Журналіст запытаўся, ці выпусцяць яго да суда. Міліцыянт адказаў, што не. Таму Змітру Лупачу давялося правесці ў Пастаўскім РАУСе тры гадзіны.

    Дакументы адміністрацыйнай справы рыхтавалі каля гадзіны, потым на журналіста склалі пастанову, што яго затрымліваюць. За гэты час Змітру далі падпісаць паперы, што ён папярэджаны пра наступствы за парушэнне законаў аб масавых мерапрыемствах і аб СМІ.

    Потым адбыўся суд у кабінеце галоўнага суддзі Пастаўскага раёна Анатоля Карыткі.

    Зміцер Лупач не чакаў, што за адзін дзень адбудзецца столькі падзей. Як мяркуе журналіст, гэта было зроблена для таго, каб ніхто не ведаў, што яго будуць судзіць, і не прыйшлі падтрымаць. Але ўсё ж яго калегу Леаніда Юрыка, з якім ён прыехаў у Паставы, пусцілі на судовае пасяджэнне. У кабінеце прысутнічала пяць чалавек: суддзя, сакратар, міліцыянт, Зміцер і яго калега. Суд доўжыўся каля паўгадзіны, у выніку журналіст быў пакараны штрафам памерам 40 базавых велічыняў.

    Адміністрацыйная справа тычылася сюжэта, паказанага на тэлеканале «Белсат», пра выгнанне ўладамі Беларусі ксяндза-паляка з касцёла ў гарадскім пасёлку Варапаева.

    Да справы была далучаная даведка з Міністэрства замежных справаў, пра тое, што Антон Іванавіч Лупач не акрэдытаваны МЗС у якасці журналіста. Але, як зазначыў у судзе Зміцер Лупач, яму і не патрэбная была ніякая акрэдытацыя — ён даўно памёр і ляжыць у магіле.

    Як аказалася, запыт у МЗС быў складзены на імя бацькі Змітра Лупача. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці