• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У суд выклікалі дэпутата, прамыслоўца і палітолага, якія паручыліся за журналістак Tut.by

    10 красавіка Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд спраў супрацоўніц партала Tut.by  Алены Талкачовай і Вольгі Лойкі. Справы тычацца асабовага паручальніцтва для вызвалення журналістак з-пад варты. Паколькі яны пакінулі Беларусь і былі абвешчаныя ў міжнародны вышук, падпісанты хадайніцтваў мусяць кампенсаваць дзяржаве суму абгаворанага закладу.    

    Інфармацыя аб пасяджэннях з’явілася на сайце Вярхоўнага суда. З яе вынікае, што цягам 10 красавіка ў Мінскі гарсуд на розны час выклікаюць тых, хто ў свой час паручыўся за журналістак зліквідаванага партала Tut.by, калі яны яшчэ знаходзіліся за кратамі.

    Так, сярод паручальнікаў Алены Талкачовай фігуруюць дыпламат, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, а таксама палітолаг, экс-кіраўнік Рады па міжнародных адносінах ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.  

    За Вольгу Лойку персанальна хадайнічаў старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

    У судовым дакуменце канкрэтна не ўказваецца, на падставе якога артыкула выклікаюцца паручальнікі, фігуруе толькі расплывістая фармулёўка «іншыя матэрыялы». Аднак з папярэдняй практыкі вынікае, што ў працэсе папярэдніх дамоўленасцяў абгаворваецца канкрэтная сума, якую ў выпадку форс-мажору «апякун» мусіць выплаціць за свайго падабароннага. Як правіла, гаворка пра істотныя грошы.

    З улікам, што Вольга Лойка і Алена Талкачова пакінулі Беларусь насуперак падпіскам аб нявыездзе, за гэта цяпер мусяць панесці фінансавую адказнасць іх паручальнікі.

    Нагадаем, сёлета 9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся закрыты працэс над шэрагам супрацоўнікаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». Аднак замест аб’яўленых пяці фігурантаў 180-томнай справы на лаўку падсудных здолелі пасадзіць толькі двух.

    Кампанію генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай і галоўная рэдактарцы Марыне Золатавай мусілі скласці галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, рэдактарка аддзела нерухомасці Алена Талкачова і юрыдычная кансультантка Кацярына Ткачэнка. Іх вызвалілі летась пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд, але тыя не сталі выпрабоўваць лёс і з’ехалі з Беларусі, як толькі была названа дата судовага працэсу.

    Пазней з’явілася інфармацыя, што з’ехаўшыя фігуранткі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Адметна, што прозвішча Кацярыны Ткачэнкі і яе паручальнікаў у графіку пасяджэнняў Мінгарсуда ні на 10 красавіка, ні на пазнейшыя даты не фігуруе. 

    Сукупна тутбаеўцаў вінавацілі па цэлым шэрагу «злачынстваў»: нясплата падаткаў, распальванне варожасці, шкода нацбяспецы і г. д. Акрамя таго, Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова трапілі ў спіс Камітэта дзяржбяспекі як асобы, «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».

    У выніку справы Алены Талкачовай, Вольгі Лойкі і Кацярыны Ткачэнкі вылучылі ў асобную «спецвытворчасць», выглядае, што іх будуць судзіць завочна, як ужо гэта мела месца з іншымі апанентамі рэжыму.

    Што да Людмілы Чэкінай і Марыны Золатавай, дык 17 сакавіка суддзя Валянціна Зянкевіч пакарала журналістак 12 гадамі зняволення кожную з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. 

    Абаронцы асуджаных неадкладна падалі скаргі на неабгрунтавана жорсткі прысуд і чакаюць прызначэння даты разгляду апеляцый у Вярхоўным судзе

    Усіх фігурантаў справы Tut.by праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. 

    Чытайце яшчэ: 

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?

    Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

    Onliner удалил ветку форума, связанную с получением Карты поляка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці