• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У турме ты толькі пасажыр». Як жыве ў СІЗА журналіст Пачобут пасьля каранавірусу

    Падчас каранавіруснага карантыну Анджэй Пачобут, які сядзіць па «польскай справе», быў у камэры-адзіночцы. Ягоных лістоў на волю не перадавалі.

    Пра хваробу Пачобута стала вядома 11 чэрвеня, 16 чэрвеня тэст пацьвердзіў, што журналіст насамрэч захварэў. Тры тыдні да 8 ліпеня ён заставаўся на карантыне ў жодзінскім СІЗА. Увесь час ізаляцыі яго ня мог наведаць адвакат. Сваякам у турме давалі кароткую інфармацыю пра стан здароўя журналіста.

    Нядаўна родным і сябрам пачалі прыходзіць першыя лісты ад Анджэя пасьля выхаду з карантыну. У іх палітвязень расказвае, як сябе цяпер адчувае, пра свой настрой і дзённыя заняткі. Трое чытачоў Свабоды ананімна падзяліліся адказамі ад Пачобута. Ён піша на беларускай і расейскай мовах. Прыводзім фрагмэнты лістоў.

    «Аптымізму і бадзёрасьці не губляю»

    Анджэй прызнаецца, што хвароба праходзіла цяжка, але наступстваў ад каранавірусу пакуль не адчувае і спадзяецца, што іх і надалей ня будзе.

    «Сэрца пакуль, дзякуй Богу, працуе ў нармальным рэжыме. Спадзяюся, што здароўе маё мацнейшае, чым я лічыў», — заўважае ён.

    Нягледзячы на цяжкасьці, Пачобут захоўвае добры настрой.

    «Хоць рэчаіснасьць у цёмных тонах, аптымізму і бадзёрасьці не губляю. Веру, што ўрэшце рэшт і так пераможа праўда і справядлівасьць», — піша ён.

    Турму летам ён называе пеклам, кажа, што калі дождж, тады лягчэй дыхаецца.

    «Летам у турме кепска. Сьпёка, якая прыемная звонку і над ракой або возерам, тут — сапраўднае пакараньне. Але лета, як мы ведаем, мае звычку заканчвацца. Таму я сёлета, як ніколі, чакаю канца лета або прынамсі сэзону дажджоў над Жодзінам. Гэта, канечне, чыстай вады эгаізм, але ад гэтага не схавацца», — піша Анджэй.

    Журналіст расказаў у лісьце байку пра Ракасоўскага і Сталіна:

    «Калі Ракасоўскага ў 1940 (здаецца) выпусьцілі з турмы і зь ім сустрэўся Сталін, то правадыр пралетарыяту, не міргнуўшы вокам, запытаўся: „А дзе вы так доўга прападалі?“. Ракасоўскі адказаў: „У турме сядзеў, таварыш Сталін“. — „Ну і знайшлі вы час у турме сядзець“, — адказаў Сталін».

    «Часам трэба быць вельмі цьвёрдым»

    Пасьля карантыну вязень вярнуўся да «традыцыйнага арыштанцкага графіку» і да штодзённай падрыхтоўкі да свайго суду.

    «Мая справа рухаецца паволі, але я не пераймаюся. У турме ты толькі пасажыр, які едзе ці, правільней сказаць, якога вязуць, і твой уплыў на кірунак, у якім ты рухаесься, вельмі абмежаваны», — кажа мэтафарай журналіст.

    Ён прызнаецца, што да такіх абставінаў цяжка прызвычаіцца.

    «Але калі ўжо прызвычаісься, то ведаеш, што часам трэба быць вельмі цьвёрдым, але часам проста не зьвяртаць увагі і жыць перакананьнем, што час ідзе і затрымаць яго ніхто ня можа. Усё міне, і гэта таксама», — упэўнены Анджэй.

    Даты пачатку суду над ім яшчэ няма.

    «Пакуль час ляціць вельмі імкліва. Не пасьпееш азірнуцца — і ўжо вечар», — піша ён.

    «Кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні»

    Пачобут расказаў, што жыве ў асноўным успамінамі пра родную Горадню, пра «наш цудоўны Нёман».

    «Я яго вельмі люблю. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў… Я таксама люблю летні лес, калі чабор, калі іншыя кветкі… Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — расказвае Анджэй.

    Гарадзенец стараецца рабіць у камэры фізычныя практыкаваньні, наколькі гэта магчыма, і шмат хадзіць.

    «Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе», — расказвае Пачобут.

    У апошняй камэры ў яго на прагулку было 4 крокі ў адзін бок, але ён хадзіў па некалькі гадзін у дзень.

    «Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Гэта матывуе! Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — дзеліцца сваёй прыдумкай Анджэй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці