У журналісткі Марыі Булавінскай арыштавалі дом, яе фота змясцілі на стэндзе «У вышуку»
Журналістка і рэжысёрка Марыя Булавінская, якая з 2020 года не жыве ў Беларусі, даведалася, што на яе вясковую хату пад Гомелем накладзены арышт. Па якой прычыне — невядома, распавяла БАЖ Марыя.
Пра арышт маёмасці Булавінскай у Беларусі стала вядома з пастановы Следчага камітэта, але прычына ў дакуменце не паведамляецца.
Увесну 2022 года у гэтым доме сілавікі праводзілі ператрус.
«Рашэннем ад 27 ліпеня 2022 года, акурат у мой дзень народзінаў, мяне пазбавілі права распараджацца сваёй маёмасцю, прадаваць, перадаваць некаму. А цяпер канчаткова арыштавалі, але з якіх прычын, артыкулаў — мне невядома», — кажа Марыя.
Пра пераафармленне дома на некага іншага, калі гэта было яшчэ магчымым на падставе даверанасці, рэжысёрка не думала, бо на той момант не ўяўляла, што можа ўзнікнуць прычына, з якой на дом будзе накладзены арышт.
Дом пад Гомелем Марыя Булавінская набыла, бо заўсёды хацела мець хату ў вёсцы, а яшчэ праз прафесійны інтарэс.
«Гэты будынак не каштуе шмат грошай, але мне вельмі шкада яго. Я па адукацыі гісторык, і выбірала такі дом, каб ён меў мясцовыя гістарычныя рысы, каб яго можна было адрэстаўраваць. У мяне былі планы замяніць некаторыя дэталі і цалкам зрабіць яго прыдатным для жыцця і захаваць яго гістарычныя асаблівасці. Я лічыла, гэта будзе вельмі цікавы эксперымент. Я распачала падрыхтоўчыя працы, але ў 2020 годзе з’ехала, і так усё засталося. Гэты дом ніхто не даглядаў апошнія гады, і я не ведаю, што там цяпер адбываецца», — распавядае суразмоўца.
Паводле слоў рэжысёркі, ужо паўгода яе фотаздымак вісіць на стэндзе «У вышуку» ў Гомельскім РАУСе. З якой нагоды яе шукаюць і ці заведзеныя нейкія крымінальныя справы, Марыя таксама не ведае.
«Усё складаней атрымліваць інфармацыю з Беларусі. Сваякоў у мяне там не засталося, — кажа былая гамяльчанка. — Ператрусы ў мяне пачалі праводзіць яшчэ ў 2021 годзе, але тады, са словаў сваякоў, называлі такія адарваныя ад рэчаіснасці артыкулы, што мне цяжка паверыць, што гэта было праўдай».
Марыя Булавінская вымушана з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. Ціск на журналістку і рэжысёрку пачаўся яшчэ ў жніўні, перад прэзідэнцкімі выбарамі.
«Дома я не жыла са жніўня 2020 года. З 7 па 9 жніўня я знаходзілася ў кватэры маці, а пад домам дзень і ноч дзяжурыў АМАП. Два месяцы змяняла месца жыхарства, а 1 кастрычніка з’ехала ва Украіну. На мне быў пратакол па колішнім артыкуле за пратэсты паводле 23.34 КаАП, але я адчувала, што мяне могуць затрымаць і па іншай прычыне. Было ўсё больш званочкаў, што пажадана пакінуць Беларусь», — распавядае Марыя.
Ва Украіне Марыя Булавінская скончыла кінашколу. У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, з’ехала ў адну з еўрапейскіх краін. У 2024 годзе Марыя зняла пад Варшавай дакументальны фільм «Лес». Гэта стужка пра рэпрэсіі 1930‑х гадоў на Гомельшчыне і раскопкі, якія цяпер вядуцца пад Гомелем на месцы масавых расстрэлаў 1930‑х гадоў. Стужка была зробленая на падставе архіўных відэа, знятых яшчэ ў Беларусі.
У планах Марыі — новыя гістарычныя медыяпраекты, прысвечаныя Гомельшчыне.
«У мяне назапашаны вялікі досвед у Беларусі, веданне свайго рэгіёна. Мяркую, мы ўсё роўна ствараем актуальны кантэнт, хоць апошнім часам усё больш складана атрымліваць інфармацыю з Беларусі. Напачатку мне здавалася, што я не з’ехала за мяжу, а проста змяніла кватэру, бо была на сувязі з людзьмі ў Беларусі, было шмат інфармацыі. Цяпер гэтага ўсё менш. Людзі знікаюць, выдаляюць акаўнты ў сацсетках», — кажа рэжысёрка.
Самая цяжкае для Марыі ў эміграцыі — пачуццё ізаляванасці ад калегаў, праца анлайн і тое, што такім чынам большасць часу праводзіцца ў адзіноце. Рэжысёрка была заўсёды ўпэўненая, што не з’едзе з Беларусі, чатыры гады жыла ў спадзяванні, што ўсё скончыцца і атрымаецца вярнуцца. Цяпер мяркуе, што было б добра аднойчы займець магчымасць хаця б прыязджаць у Беларусь, бываць дома, падарожнічаць па краіне.
Марыя Булавінская — рэжысёрка, журналістка, гісторык, гамяльчанка. Аўтарка шматлікіх дакументальных стужак, пераможца творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова» ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за фільм «Над сістэмай».