У зьняволеных беларускіх журналістаў зьявіліся «хросныя» ў Бундэстагу
У межах кампаніі салідарнасьці Libereco #WeStandBYyou сымбалічныя «хросныя» зьявіліся ў палітвязьняў у журналістаў Людмілы Чэкінай, Ірыны Слаўнікавай, Віктара Фянчука, Ягора Марціновіча, Аляксандра Дайнэкі, Ірыны Леўшынай і іншых палітвязьняў.
Тэса Гансерэр, дэпутатка нямецкага Бундэстага (Партыя зялёных), якая стала «хроснай» Людмілы Чэкінай свой учынак пракамэнтавала наступнымі словамі:
«Я захапляюся адданасьцю многіх людзей у Беларусі, якія, моцна рызыкуючы, працуюць на карысьць дэмакратыі, вяршэнства закона, правоў чалавека і незалежнай журналістыкі. Я хачу выказаць усім ім сваю салідарнасьць і хачу запэўніць: «МЫ З ВАМІ!» Мы падтрымліваем вас у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі! Па гэтай прычыне я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Людмілы Чэкінай, а таксама ўсіх іншых несправядліва зьняволеных палітвязьняў. Гэтыя несправядлівасьць, гвалт і прыгнёт грамадзян Беларусі недапушчальныя».
«Хросны» Ірыны Слаўнікавай Томас Хакер — дэпутат Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі і сябра Камітэта па справах Эўразьвязу ў сваю чаргу заявіў, што «мужныя беларусы ўрэшце перамогуць, бо свабода і дэмакратыя заўсёды мацнейшыя за дыктатуру!»
«Рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе замацаваць сваю ўладу. Амаль 900 палітвязьняў зараз чакаюць паказальных судоў або ўжо былі асуджаныя. Сярод іх шмат блогераў, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія проста паведамлялі пра заняпад сыстэмы, адна зь іх — Ірына Слаўнікава. Яе мужнае выступленьне за свабоду – гэта больш, чым натхненьне, гэта заклік да нашай поўнай салідарнасьці. Мы стаім разам з такімі мужнымі беларусамі, як Ірына Слаўнікава», — падкрэсьліў Томас Хакер.
«Хросным бацькам» Ягора Марціновіча стаў дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных Андрэас Аўдрэч. Ён адзначыў, што ўтрыманьне Марціновча і ягоных калегаў за кратамі — гэта сур’ёзнае парушэньне правоў і наступ на свабоду прэсы ў Беларусі.
«Мы, парлямэнтары і «хросныя бацькі» палітвязьняў, заяўляем, што дзеяньні Лукашэнкі не павінны застацца без наступстваў. Ягор Марціновіч, ягоныя калегі з рэдакцыі «Нашай Нівы» і ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Мы салідарныя зь імі і свабоднымі і дэмакратычна настроенымі грамадзянамі Беларусі!», – падкрэсьліў Андрэас Аўдрэч.
Разам з палітзьняволенымі журналістамі хросных бацькоў атрымалі таксама палітвязьні берасьцеец Юры Кузьміч, асуджаны па справе аб «масавых беспарадках» і жыхары Гомеля Аляксей Губіч, якога абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама Дзьмітры Заломскі, які мае інваліднасьць па слыху і зараз адбывае пакараньне ў калёніі за за нібыта «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да гвалту».