• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв’ю пяці недзяржаўным СМІ: «Мы адчулі сябе незалежнай дзяржавай»

    Міністр замежных спраў Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв'ю пяці недзяржаўным СМІ: «Нашай Ніве», Тут.баю, БелаПАНу, Радыё «Свабода» і Еўрарадыё. Адказваў на пытанні Макей каля дзвюх гадзін. «Наша Ніва» сабрала асноўныя выказванні міністра.

    Як патлумачыў прэс-сакратар міністэрства, кожнае з гэтых выданняў даўно прасіла пра інтэрв’ю, і было вырашана арганізаваць такую сустрэчу адразу для ўсіх.

    Першыя пытанні журналістаў датычылі тэмы гэтак званай «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі» і прапаноў Масквы аб «паглыбленай інтэграцыі». 

    Пра інтэграцыю: 

    — Ніякага палітычнага складніка ў праграме інтэграцыі няма, гаворка пра больш паглыбленую інтэграцыю ў сферах, якія маюць значэнне толькі для эканамічнага развіцця дзяржавы: гарманізацыя правілаў і узгодненая прамысловая, энергетычная (асабліва нам цікавы адзіны рынак энерганосьбітаў), аграрная палітыка, абмен інфармацыяй аб руху тавараў, што таксама важна, бо шмат шэрага імпарту ідзе ў тым ліку з Усходу. 

    Так, на першапачатковым этапе абмеркавання былі непрымальныя для нас прапановы: я так разумею, гэта работнікі сярэдняга звяна расійскіх міністэрстваў унеслі іх. Аб стварэнні нейкіх наднацыянальных структур, напрыклад. Але прэзідэнты на форуме ў Пецербургу прызналі немэтазгоднасць работы над прапановамі, якія ўтрымліваюць палітычны складнік: няма сэнсу гаварыць, напрыклад, аб стварэнні цэнтральнага банка, калі мы эканамічна не інтэграваліся. 

    Разглядаецца, дзе б заканадаўства было набліжана, і я не думаю, што з’явяцца нейкія новыя органы — існуе мноства інстытуцыянальных механізмаў, якія дазваляюць нармальна ўзаемадзейнічаць, пытанні могуць разглядацца на сумесных калегіях міністэрстваў.

    А адносна той публікацыі ў «Коммерсанте» — я думаю, гэта было зроблена наўмысна і з пэўнымі мэтамі, і што гэта не ёсць афіцыйнай пазіцыяй расійскіх уладаў. У нас нармальныя адносіны на ўзроўні міністэрстваў, якія працуюць над дарожнымі картамі, і добрыя адносіны паміж кіраўнікамі, мы знойдзем разуменне. 

    І тымі пытаннямі, якімі займаемся ў рамках інтэграцыі з Расіяй, мы ж займаемся і ў рамках ЕАЭС — гэта, чамусьці, не выклікае заклапочанасці.

    Але там [у ЕАЭС] работа ідзе не вельмі, многае магло б рухацца хутчэй, таму прынятае рашэнне паскорыць гэтыя працэсы ў рамках двойкі — мы ў любым разе прыйдзем да гэтага і ў рамках пяцёркі, але калі гэта можна зрабіць хутчэй, то навошта адмаўляцца? 

    Трэба глянуць, што вымалюецца да канца лістапада, калі будзе адзначацца 20-годдзе «саюзнай дзяржавы», тады ж будзе сустрэча прэзідэнтаў, абмеркавана сітуацыя з падрыхтоўкай гэтых дарожных карт.

    Пра тое, чаму не публікуюцца тэксты дакументаў аб «паглыбленай інтэграцыі»:

    — Не сказаў бы, што людзі так ужо хвалююцца аб дакументах больш паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Я таксама сустракаюся з людзьмі і бачу, што галоўнае, што іх хвалюе, гэта каб была праца, добры заробак і гэтак далей. Пэўныя колы ў Беларусі, канечне, хвалюе гэта пытанне. […] Дзесяць ці нават некалькі тысяч чалавек ствараюць глебу для маніпуляцый ці інсінуацый.

    Напрацоўкі публікаваць немэтазгодна, я лічу, давайце пачакаем да пачатку снежня. Я нават не ўпэўнены, што нашы міністэрствы змогуць падрыхтаваць і рэалізаваць усе тыя планы, якія адлюстраваны ў праекце праграмы паглыбленай інтэграцыі.

    Трэба пачакаць сустрэчы прэзідэнтаў.

    Я падкрэслю, што не бачу небяспек для Беларусі: шмат разоў было заяўлена, што не трэба баяцца, што хтосьці будзе прадаваць суверэнітэт. Усё гэта згодна з нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны!

    Не існуе і думкі аб тым, каб хтосьці падумаў аб страце незалежнасці ці суверэнітэту. 

    Я не разумею, як мог бы першы прэзідэнт краіны, які яе стварыў, прадаць незалежнасць — кім бы ён увайшоў у гісторыю? 

    Ён адназначна сказаў, што гэта немагчыма — у нас грамадства іншае, чым яно было 20 гадоў таму. Ужо некалькі пакаленняў нарадзілася ў новай дзяржаве, яны не бачаць сябе ў іншай дзяржаве, а ў незалежнай Беларусі.

    Я бачу гэта і на прыкладзе свайго 10-гадовага сына, які разумее, дзе ён жыве, вучыцца, і дзе мае намер жыць — у Беларусі.

    Аб тым, ці можа даць слова, што дакументы аб «паглыбленай інтэграцыі» не нясуць палітычных рызык для Беларусі:

    — Ёсць інстытуты, якія могуць гарантаваць ад імя дзяржавы тыя ці іншыя моманты, таму вы не па адрасе звярнуліся. Ніхто незалежнасць здаваць не збіраецца: мы адчулі сябе незалежнай дзяржавай і так застанецца ў будучыні. 

    Пра тое, навошта новым пакаленням увогуле гэтая гэтак званая «саюзная дзяржава»:

    — Існуюць міжнародныя пагадненні, якія мы абавязаліся выконваць.

    А калі грамадства палічыць немэтазгодным існаванне таго ці іншага пагаднення, то яно можа ўзняць пытанне і паставіць яго перад кіраўніцтвам дзяржавы — кіраўніцтва дзяржавы улічвае грамадскую думку і адпаведнае рашэнне будзе прынята. 

    Існуюць жа адпаведныя заканадаўчыя моманты, якія дазваляюць падрыхтаваць петыцыі, звароты, вынесці пытанне на рэферэндум, нарэшце. 

    Наколькі мне вядома, цяпер усе апытанні, якія праводзяцца, кажуць пра тое, што вялікая колькасць грамадзян яшчэ выказваецца за шчыльныя адносіны з Расіяй, але павялічваецца і колькасць грамадзян, якія хочуць адносін і з Расіяй і з іншым бокам — з ЕС.

    Гэта нармальна. 

    Пра тое, якія небяспекі сёння для Беларусі галоўныя: 

    — Сітуацыя вакол нас нясе пэўныя пагрозы для Беларусі, мы паміж двума агнямі: Расіяй і ЕС, якія ўвялі санкцыі адзін супраць аднаго, таму галоўная небяспека для нас — эканоміка. 

    Іншыя знешнія прычыны — далейшая мілітарызацыя нашага рэгіёна.

    У бакоў [Расіі і НАТА] ёсць планы па размяшчэнні тут дадатковых ваенных кантэнгентаў вакол нас.

    Я лічу, што Беларусь можа быць уцягнута ў гэты працэс, гэта можа быць пагрозай. Вельмі ўважліва трэба адсочваць сітуацыю і рэагаваць на яе. Расце недавер між дзяржавамі. 

    Якім чынам ураўнаважыць эканамічную сітуацыю і выйсці з эканамічнай залежнасці ад Расіі: 

    — Так, мы залежым ад Расіі. Але я не думаю, што ў іх інтарэсах зрабіць так, каб Беларусь апынулася на мяжы эканамічнага краху.

    Што датычыць гіпатэтычнага сцэнара «а раптам», то кіраўніцтва любой дзяржавы думае аб магчымых варыянтах дзеянняў. […] 

    Таму прынятае рашэнне аб тым каб сысці ад моназалежнасці і дыверсіфікаваць нашую эканімку і знешнеэканамічную дзейнасць: пастаўлена задача па размеркаванні экспарту на 1/3 — ЕАЭС, 1/3 — ЕС, 1/3 — краіны дальняй дугі.

    Нейкія зрухі ёсць, але да гэтай мэты яшчэ крочыць і крочыць. МЗС і іншыя міністэрствы працуюць над выкананнем гэтай задачы. 

    Задача таксама ў тым, каб сысці ад залежнасці ад адной краіны, чым мы і займаемся, развіваючы нармальныя, сбалансаваныя адносіны па іншых напрамках — з ЕС, ЗША і іншымі дзяржавамі, якія з’яўляюцца сяброўскімі для нас. 

    Пра чырвоныя рысы ў адносінах з Расіяй: 

    — Праводзячы знешнюю палітыку, мы думаем аб тым, каб не нашкодзіць.

    Што тычыць развіцця адносін з ЕС і ЗША, мы ім кажам, што разрываць адносіны з Расіяй мы не збіраемся, што мы не можам сябраваць супраць Расіі, гэты наш погляд прымаецца і гэта, сапраўды, чырвоная рыса, за якую мы не можам перайсці. 

    Але гэта не азначае, што мы крочым услед за Расіяй, у нас ёсць нацыянальныя інтарэсы, мы гаворым ад асобы Мінска, а не Масквы ці Брусэля. 

    Пра галасаванне ў ААН так, як трэба Расіі: 

    — Не заўсёды мы галасавалі так, як галасуе Расія. Мы заўсёды імкнёмся давесці да ўсіх нашых партнёраў матывы галасавання нашага па тым ці іншым пытанні. І знаходзім звычайна разуменне. 

    Пра беларускую мову: 

    — Гэта мова нашага народу, нацыі, калі яна ўжываецца менш, на жаль, то трэба надаваць больш увагі яе развіццю. Дзяржава стварыла ўмовы для нармальнага развіцця дзвюх моваў, а ўсё астатняе залежыць ад нас з вамі, ад канкрэтнага чалавека. 

    Я сам лічу беларускую мову роднай, бо я вучыўся ў беларускай школе. Сын, на жаль, не вучыцца ў беларускай школе. Так склалася сітуацыя. 

    Існуюць пэўныя заявы ў Расіі, быццам бы Беларусь імкнецца развіваць беларускасць: пачалі хадзіць у вышыванках, размаўляць публічна на мове. І ніякай небяспекі для рускай мовы не гэта не нясе, гэта нармальны працэс суіснавання дзвюх моваў. У нас дзве дзяржаўныя мовы, мы — адзіная краіна ў свеце, дзе руская мова другая дзяржаўная, таму абвінавачваць Беларусь у нейкай «дэрусіфікацыі» недарэчна.

    Пра тое, што ў Беларусі не існуе вышэйшай адукацыі на беларускай мове, а ў школьнікаў няма выбару, як вучыцца, бо класаў вобмаль: 

    — Трэба ўдакладніць у Міністэрстве адукацыі, ці ёсць праблема з гэтым. Я думаю, што калі будзе бачна, што ўсё большая колькасць людзей гатовая гаварыць, то няма праблемы адкрыць новыя класы ці ў ВНУ забяспечыць навучанне часткі студэнтаў па-беларуску. 

    Пра стаўленне да постаці Каліноўскага і ідэі яго перапахавання:

    — Беларускім бокам праведзена экспертыза парэшткаў і вынікі вывучаюцца, мы ў кантакце ў літоўцамі, абмяркоўваем правядзенне мерапрыемстваў 22 лістапада.

    Беларускі бок будзе ўдзельнічаць у перапахаванні, але хто прадставіць Беларусь, я не ведаю — трэба на высокім узроўні, гэта вельмі важная падзея для гісторыі Беларусі. 

    А стаўлюся я да яго вось як: Каліноўскі належыць гісторыі Беларусі. І Каліноўскі, і Касцюшка, і Дамейка — усе яны належаць нашай гісторыі.

    Не трэба падводзіць старыя палітычныя матывы, якія звязаныя з гэтымі імёнамі, сёння. 

    Гісторыя мусіць быць аб’ектыўнай — яны тут нарадзіліся, яны нашай гісторыі належаць. Вось і аўтар гімна God Bless Amer­i­ca Ірвінг Берлін нарадзіўся ў Талачыне, мы можам казаць, што ён належыць Беларусі. 

    Калі яны жылі на нашай зямлі, зрабілі ўнёсак у нашу гісторыю, то яны належаць Беларусі, не трэба сёння дзяліць, чый ён больш. 

    А ці рабіла Міністэрства замежных спраў нешта, каб Каліноўскі ляжаў у беларускай зямлі?

    Калі чалавек загінуў там, дзе ён знаходзіцца, навошта пераносіць ягоныя косткі? Што мы атрымаем з гэтага? Зянон Пазняк нават выказаўся — ён катэгарычна супраць пераносу парэшткаў, я тут таксама з Пазняком згодны больш, чым з тымі, хто за перанос.

    Калі ж будзе прынята рашэнне аб стварэнні пантэону герояў, то трэба думаць над сістэмным падыходам, каб і Багдановіча з Ялты перанесці. 

    Пра спрашчэнне візавага рэжыму з ЕС:

    — Мы гатовыя, каб візы для нашых грамадзян не каштавалі 80 еўра, а 35. Чакаем адказу, працэдура запушчана, але праз агромністую бюракратыю ў ЕС працэс марудзіцца — трэба ўзгадніць шэраг тэхнічных дэталяў.

    Пра ўзаемнае прызнанне віз з Расіяй:

    — Дакументы гатовы, але магчымасць кантролю грамадзян трэціх краін на беларуска-расійскай граніцы нас не задавальняе, мы хочам яшчэ раз глянуць.

    Пра смяротнае пакаранне: 

    — Трэба падвесці грамадства да гэтага. Рана ці позна гэта адбудзецца. 

    Пра нацыянальную ідэю: 

    — Нам цяпер трэба рухацца наперад, імкнучыся ўмацаваць эканоміку, суверэнітэт і незалежнасць.

    Ідэя выкрышталізуецца сама сабой, на гэтым этапе мы не можам яе прыдумаць, мы не ведаем, дзе мы апынёмся праз некаторы час — трэба разумець, куды мы імкнемся.

    Хто мы і дзе мы, мы ведаем, але куды ідзём?

    Дваццаць пяць гадоў — гэта кароткі тэрмін.

    Для падаўляючай большасці людзей незалежнасць яшчэ нейкае эфемернае паняцце, незалежнасць звалілася нечакана. Народы балтыйскіх краін змагаліся за незалежнасць, яны не лічылі, што яны частка СССР. Мы адрозніваемся і ад украінцаў, у якіх гэта паняцце незалежнасці мацней выражана. Тое, што мы атрымалі незалежнасць без крыві… Мо таму не ўсе і адчуваюць сутнасць незалежнасці, але лепш так і пакрысе, чым з крывёю. Цяпер ужо мы пажылі, хаця 30 гадоў — гэта імгненне для гісторыі.

    Мы разумеем, што гэта значыць, але за незалежнасць кожны мусіць заплаціць пэўную цэну, працаваць, не спыняючыся, каб умацаваць незалежнасць гэтую. 

    Пра перадзел свету: 

    — Сёння не тая сітуацыя, каб некалькі дзяржаў маглі сабрацца і прыняць рашэнне аб падзеле Еўропы, як у пакце Молатава-Рыбентропа, напрыклад. Без вялікіх дзяржаваў нельга дамовіцца пра бяспеку, вядома, але і без улікаў інтарэсаў малых і сярэдніх дзяржаў гэта немагчыма таксама. 

    Пра выраб ракет з Украінай: 

    — Мы з Кітаем вельмі шчыльна супрацоўнічаем у вытворчасці ракетных комплексаў, і Украіна мае досвед выпуску такіх узброенняў. Мы зацікаўленыя ў тым, каб аб’яднаць намаганні, я тут не кажу пра сумесную вытворчасць.

    Пра супрацоўніцтва з Іланам Маскам: 

    — З кампаніяй «Тэсла» мы спрабавалі наладзіць сувязі, адбываліся сустрэчы з імі работнікаў нашай амбасады ў ЗША. 

    Мы прапанавалі і ўраду шэраг ідэй, звязаных з развіццём электрамабіляў: прапанавалі праекты не толькі з «Тэслай», але і з іншымі. Нешта было прынята, гэтым цяпер займаюцца Міністэрства прамысловасці і НАН.

    Я ведаю, што працуюць цяпер у сферы электрамабіляў з Кітаем, а з Іланам Маскам, здаецца, кантакты не атрымалі працягу.

    Пра Украіну:

    — Лукашэнка ясна сказаў, што ім няма чаго баяцца — з нашага боку не будзе ніякіх дзеянняў, якія могуць несці пагрозу

    Пра расійскую вайсковую базу: 

    — Гэта пытанне ўжо некалькі гадоў не існуе ў двухбаковым парадку дня. 

    Пра Зяленскага: 

    — Ён мне спадабаўся тым, што адчуваецца яго зацікаўленасць, хоць ён і недасведчаны яшчэ палітык, каб выканаць свае абяцанні і дамагчыся таго, каб устанавіць мір ва Украіне. Адчуваецца ў ім нейкая шчырасць — у паводзінах у заявах. А гэта нячаста сустракаецца ў палітыцы, хаця так неабходна. 

    Дамовы пра візіт Зяленскага ў Беларусь няма, ёсць ідэя наступны Форум рэгіёнаў [Беларусі і Украіны] правесці ў нас. 

    Пра абмен Шаройкі: 

    — Яго затрымалі з доказамі віны, гэта адна справа. А грамадзянін Беларусі Паліціка… Ніякага дачынення да спецыяльных службаў ён не мае. Мы імкнуліся вызваліць грамадзяніна нашага, выкарыстоўваючы магчымыя сродкі. Вялі перамовы з папярэднім кіраўніцтвам, але не змаглі рэалізаваць іх. Прыйшла прапанова напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Зяленскага — украінскі бок прапанаваў, мы гэта рэалізавалі. 

    Пра абмен пасламі з ЗША: 

    — Мы за тое, каб аднавіць дыпламатычныя адносіны з важным партнёрам, дзяржавай, якая грае значную ролю ў міжнароднай палітыцы. Мы дамовіліся, каб зрабіць усё магчымае для развіцця.

    З улікам іх імкнення пабудаваць новы будынак, мы прапанавалі чатыры ўчасткі, яны вывучаюцца амерыканскім бокам, і яны паабяцалі, што дадуць адказ у бліжэйшы час.

    Што датычыць тэрміну прызначэння паслоў, у нас гэта хутчэй, у іх даўжэй, складаная працэдура [выбару і зацвярджэння пасла ў ЗША — НН].

    Мы таксама вывучаем адпаведныя кандыдатуры, хто б мог быць прызначаны на гэтую пасаду, будзем уносіць прапановы прэзідэнту і ўзгадняць з амерыканскім бокам. Я думаю, гэта адбудзецца ў наступным годзе. 

    Пра візіт Папы: 

    — Пытанне застаецца на парадку дня. Сітуацыя не мяняецца [для візіту патрэбна згода кіраўніка дамінуючай царквы — маскоўскага патрыярха Кірыла — НН], але я думаю, рана ці позна такі візіт мог бы быць здзейснены. 

    Пра Літву: 

    Ёсць праблемы. І часам двухбаковыя праблемы ўплываюць на шматбаковыя кантакты з ЕС, і трэба рана ці позна гэтыя перашкоды зняць. Мы спадзяёмся, што адносіны з Літвой вернуцца ў нармальнае рэчышча.

    Трэба вырашаць праблемы шляхам дыялогу. Падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН мы сустрэліся з Лінкявічусам і дамовіліся, што трэба не зацыклівацца на праблемах, а імкнуцца вырашаць іх.

    Ён праінфармаваў пра гэта ў твітары — там паднялася хваля супраць яго і планаў змены палітыкі ў дачыненні да Беларусі. 

    Пра Латвію: 

    — Нас цікавіць выкарыстанне партовай інфраструктуры ды іншае. Запрашэнне ў Латвію ляжыць на стале [прэзідэнта Беларусі]. Прэзідэнт зацікаўлены, каб здзейсніць гэты візіт. 

    Пра тое, як Макею ездзіцца на работу на вуліцу Леніна: 

    — Было б добра, каб, сапраўды, тыя людзі, якія зрабілі ўнёсак у развіццё менавіта Беларусі, беларускай дзяржавы, былі ўшанаваныя, а іх імёнамі названыя вуліцы. Я не бачу ў гэтым вялікай праблемы, калі будуць адпаведныя прапановы. 

    «Наша Ніва», Tut.by, БелаПАН, «Народная Воля» і «Еўрарадыё» вырашылі не ўдзельнічаць у прэс-канферэнцыі Бабіча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці