• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усё гэта рана ці позна скончыцца». Калегі арыштаванага журналіста Генадзя Мажэйкі пачалі атрымліваць ад яго лісты

    Сувязі з Мажэйкам не было паўтара месяца. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

    Журналіст выданьня «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзь Мажэйка быў затрыманы, пэўна, 1 кастрычніка. Абставіны яго затрыманьня дагэтуль застаюцца незразумелымі. Афіцыйная вэрсія беларускіх сілавікоў — Мажэйку затрымалі па вяртаньні з Масквы ў Менск.

    Паводле неафіцыйнай жа журналіста затрымалі ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева» супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, пасьля чаго альбо перадалі яго беларускім калегам, альбо пасадзілі на рэйс у Менск, дзе Мажэйку затрымалі мясцовыя сілавікі.

    Затрымалі Мажэйку ў межах крымінальнай справы паводле артыкулаў 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варожасьці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Гэта адбылося пасьля публікацыі на сайце kp.by артыкулу пра менчука Андрэя Зэльцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Шукаючы інфармацыю аб Зэльцары, Мажэйка ўзяў кароткі камэнтар у аднаклясьніцы загінулага, якая станоўча пра яго выказалася. Артыкул Мажэйкі правісеў на сайце ўсяго некалькі хвілін. Сайт kp.by быў заблякаваны ў Беларусі ўжо на наступны дзень, 29 верасьня.

    За камэнтары ў «справе Зэльцара» у сацсетках і мэсэнджарах у Беларусі затрымалі каля 200 чалавек. Дакладная колькасьць і ўсе імёны затрыманых невядомыя. Усіх іх больш за месяц трымалі безь перадач і права на перапіску. Перадачы і сустрэчы з адвакатамі сталі магчымыя для затрыманых толькі ў другой палове лістапада.

    Як паведамілі Свабодзе былыя калегі Генадзя Мажэйкі (расейскія ўласьнікі «Комсомольской правды в Беларуси» прынялі рашэньне закрыць выданьне неўзабаве пасьля арышту журналіста. — РС), умовы ягонага ўтрыманьня не адрозьніваліся ад умоваў, у якіх трымалі камэнтатараў «справы Зэльцара».

    Да Генадзя доўгі час не дапускалі адваката, родныя журналіста ня мелі зь ім сувязі. Першыя лісты ад яго калегі пачалі атрымліваць толькі ў канцы лістапада, праз два месяцы пасьля арышту. Журналістка Сьняжана Інанец расказала Свабодзе пра сваё знаёмства з Генадзем Мажэйкам і атрыманы ад яго ліст.

    «Гена мой калега, ён шмат пісаў пра транспарт і авіяцыю ў „Камсамолцы“, я некалькі гадоў таму вяла падобныя тэмы на Tut.by, таму чытала нямала ягоных тэкстаў, — гаворыць Сьняжана. — Аднойчы мы былі разам у вялікай выправе — забіралі новы самалёт „Белавія“ проста з заводу ў Бразыліі. Гэта быў, напэўна, 2018 год. Embraer быў у новай „ліўрэі“ з валошкамі. Графік працоўны напружаны, але ў адзін зь дзён мы з калегамі змаглі знайсьці некалькі гадзін, каб зганяць на акіян. Ля вады прабылі, мусіць, ня больш за гадзіну — прайшліся ўсе па пляжы невялікага мястэчка Убатуба. Нагадала Гену пра гэты добры час у лісьце — і ён адказаў! Гаворыць, што Бразылію таксама ўспамінае».

    Па словах Сьняжаны, Мажэйка піша, што зь ліставаньнем адразу пасьля арышту ў яго была праблема, але цяпер усё больш-менш наладзілася. Адзін мінус, «ідуць лісты ўсё роўна доўга — пакуль пройдуць усе стадыі». Журналістка расказвае, што свой допіс яму адправіла 5 лістапада, а адказ на яго Генадзь напісаў толькі 17-га. Яшчэ 12 дзён ліст ішоў зь СІЗА да яе.

    «Генадзь расказвае, што паўтара месяца быў у інфармацыйнай блякадзе, без інфармацыі з волі, — гаворыць Сьняжана. — Цяпер, зь візытамі адваката і лістамі, стала лепш. Генадзь, як ён кажа, «плюс-мінус у курсе сытуацыі». Дзякуе людзям за падтрымку. Вось вялікая цытата пра гэта: «Вельмі прыемна, што вялізная колькасьць людзей перажываюць, хвалююцца і падтрымліваюць — гэта вельмі важна! Мяркуючы па ўчорашнім нумары „СБ“, не забываюць пра мяне і „з таго боку барыкадаў :))“. Ня ведаю, які менавіта матэрыял ён меў на ўвазе».

    Сьняжана Інанец гаворыць, што атрыманы ёй ад Генадзя ліст кароткі, але пазытыўны. На здароўе арыштаваны журналіст ня скардзіцца, перадае прывітанне «ўсім калегам, свабодным і ня вельмі».

    Сьняжана цытуе атрыманае ад Генадзя Мажэйкі паведамленьне: «Усё будзе добра, усё гэта рана ці позна скончыцца. І яшчэ куды-небудзь паляцім».

    Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

    У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.

    Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.

    Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.

    Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.

    4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.

    5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.

    11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці