Валанцёрскай ініцыятыве InformNapalm.org – два гады
Валанцёрская ініцыятыва інфармавання шырокай замежнай аўдыторыі пра падзеі ва Украіне InformNapalm.org адзначае два гады сваёй дзейнасці.
Сайт акумулюе аператыўную інфармацыю пра ход Антытэрарыстычнай апэрацыі ва Украіне, а таксама пра палітыку Расіі ў Крыме і на Данбасе.
Пра тое, што з сабе ўяўляе InformNapalm.org, распавядае рэдактар беларускай службы Дзяніс Івашын.
– Наша міжнародная валанцёрская супольнасць сама па сабе ўжо з’яўляецца каштоўнасцю. За 2 гады ў калектыве мы аб’ядналі людзей, якія паводле сваёй добрай волі, свайго паклікання працуюць на карысць Украіны, Беларусі дзеля ўзмацнення нацыянальнай бяспекі і супрацьстаяння расійскай агрэсіі.
– Як выглядае ваша штодзённая праца? Як вы шукаеце людзей, пра якіх пішаце?
– Усе матэрыялы нашай супольнасці, усе расследаванні закліканыя выяўляць узброеныя фармаванні Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны ды выкрываць іх уплыў на ход баявых дзеянняў. Выяўляем звесткі пра фармаванне армейскіх карпусоў у так званых “тэрарыстычных” утварэннях ДНР і ЛНР. А таксама высвятляем, што гэтыя ўтварэнні цалкам знаходзяцца пад кантролем Паўднёвай вайсковай акругі ўзброеных сіл Расійскай федэрацыі. Што тычыцца Беларусі – мы працуем дзеля выяўлення парамілітарных расійскіх фармаванняў, выяўляем галоўных іх дзеячоў, структуры, сувязі са спецслужбамі Расіі, і падаем гэтую інфармацыю грамадскасці.
– Вельмі гучным быў артыкул пра казачыя фармаванні ў Беларусі. Як удалося сабраць і знайсці гэту інфармацыію?
– Наша дзейнасць заснаваная на методыцы OSINT. Гэта скарачэнне англійскіх словаў Open Source Intelligence – выведка адкрытых крыніц у сеціве. Перадусім гэта разнастайныя сацыяльныя сеткі: Аднакласнікі, Укантакце, Фэйсбук. Гэта паведамленні афіцыйных структур у Расіі і “тэрарыстычных” утварэннях ДНР і ЛНР. Уся гэтая інфармацыя збіраецца, акумулюецца, аналізуецца і падаецца грамадскасці.
– Хто працуе на InformNapalm.org?
– Гэта звычайныя людзі. Айцішнікі і службоўцы, што працуюць на дзяржаўных пасадах, простыя людзі. Увогуле наша супольнасць сканцэнтраваная ў асноўным у Беларусі і ва Украіне. Таксама ёсць валанцёры з Грузіі, Нямеччыны, ёсць нават балгарская рэдакцыя.
– Ці быў які-кольвек пераслед спецслужбамі беларускіх валанцёраў, якія з вамі супрацоўнічаюць?
– У Беларусі і ва Украіне такіх выпадкаў пакуль не было. Я думаю, што непасрэдна наша дзейнасць вельмі цікавая спецслужбам. Яны таксама гэта даследуюць і вывучаюць. Зразумела, пакуль не паступіла пэўная каманда – нас не чапаюць.
Па словах Дзяніса Івашына, вынікам працы InformNapalm.org з’яўляецца база дадзеных, у якой налічваецца каля 70 вайсковых фармаванняў узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны. Валанцёр перакананы, што гэтая база будзе выкарыстана вайсковым Міжнародным трыбуналам, які непазбежна калісьці адбудзецца.
Дзяніс Івашын: Гэтыя артыкулы — пасквілі на мяне і маю сям’ю