• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Валеры Маракоў — кумір маладых дзяўчат і ўлюбёны паэт Купалы, расстраляны ў 28 гадоў

    Валеры Маракоў здабыў славу паэта яшчэ непаўнагадовым. Потым — праца ў часопісах, газетах, зборнікі і сустрэчы з чытачамі ў авацыях. На пачатку 1930‑х малады паэт фактычна кіраваў адным з самых папулярных часопісаў Беларусі — «Чырвоная Беларусь». Творчы шлях паэта развіваўся вельмі імкліва. І гэтаксама перарваўся Чорнай ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. А перад гэтым былі яшчэ два арышты, падчас якіх Валеры Маракоў не выдаў нікога з сяброў.

    Валеры Маракоў

    Валеры Маракоў нарадзіўся 27 (14) сакавіка 1909 года ў мястэчку Козырава Мінскага павета (цяпер у межах Мінска). Бацька — Дзмітры Маракоў, расеец з Пскоўскай губерні, маці — Вольга з Майсіевічаў, беларуска. Хросным бацькам хлопчыка стаў Янка Купала.

    Падчас Першай сусветнай вайны сям’я знаходзіцца ў бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924‑м Валеры Маракоў скончыў 4‑ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 года працаваў печніком разам з бацькам. У снежні 1925 года па пастанове ЦБ юных піянераў прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў. 

    У канцы 1926 года пэўны час жыў у Полацку, друкаваўся ў газеце «Чырвоная Полаччына». У 1927‑м прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930-га. У 1931‑м паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне ў Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце. Адначасова працаваў у часопісе «Чырвоная Беларусь» (1930–1934). Пасля заканчэння педінстытута перайшоў на работу ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у якім працаваў да студзеня 1935-га.

    Сябар СП БССР з 1934-га. У пачатку 1935 года выключаны з Саюза пісьменнікаў на 6 месяцаў за верш «Песня перамог» (у суаўтарстве з Тодарам Кляшторным). Спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у вёску Чэрнеўка Барысаўскага раёна, але вярнуўся дадому.

    21 сакавіка 1935 года арыштаваны як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі», праз два месяцы арыштаваны таксама бацька паэта, стараста Козыраўскай царквы Дзмітры Маракоў. Летам таго ж года справа Валерыя Маракова была спынена, паэт быў выпушчаны з турмы НКУС.

    Паўторна арыштаваны 6 лістапада 1936 года. Асуджаны выязной Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

    Вядомасць атрымаў непаўналетнім

    Першы зборнік вершаў Маракова 1925 года пад назвай «Пялёсткі» адразу быў заўважаны і крытыкамі, і чытачамі. Крытыкі абвінавацілі 17-гадовага паэта ў вялікім суб’ектывізме, адсутнасці грамадскіх матываў і пэўным песімізме. А публіцы спадабалася. Асабліва чытачкам. Маракова называлі беларускім Ясеніным — звышапапулярным тады расійскім паэтам, тым больш Маракоў і знешне нагадваў яго.

    Як успамінаў паэт Сяргей Грахоўскі, вершы Маракова натхнялі школьніц на рамантычныя ці нават эратычныя перажыванні: «Радкі з „Пялёсткаў“ станавіліся нашымі прызнаннямі ў запісачках, перададзеных у падручніках упадабаным аднакласніцам:

    І ўжо тады пад белаю калінай
    Нам будзе месяц сыпаць каласы.
    І так, бывай, каханая дзяўчына,
    Прыйду я хутка да цябе ў даліны
    Упіцца сьвежасьцю крамянае касы.
    І ў той жа „Фізіцы“ Цынгера часам прыходзілі адказы з тых жа „Пялёсткаў“:
    Будзе песьні нам пець зачарованы гай,
    Будзе слухаць іх месяц і радасны край,
    А мы будзем кахацца ў полі.

    „Пялёсткі“ пераходзілі з рук у рукі, вершы перапісваліся ў патаемныя дзявочыя дзёньнікі».

    Засталіся ўспаміны і пра авацыі юных прыхільніц падчас калектыўных маляднякоўскіх выступаў, кветкі і прызнанні ў каханні такому ж юнаму паэту.

    Купала прадказваў Маракову вялікую будучыню

    Ва ўспамінах паэта Паўла Пруднікава: «Янка Купала вельмі любіў Маракова. Ён заўсёды называў яго ласкава: „Валерык“, „Валік“. Неаднойчы запрашаў яго дахаты, каб „за шклянкай гарбаты“ паслухаць ягоныя новыя вершы і прачытаць свае яму.

    Купала часта запрашаў Валерыя і на сумесныя літаратурныя выступы. Ён гаварыў, што Маракоў — гэта будучыня нашай беларускай паэзіі.

    На вялікі жаль, прарочыя словы народнага паэта не збыліся: перашкодзілі цёмныя сілы. Яны адабралі ў Валерыя самае каштоўнае — жыццё».

    Калі ж Янка Купала пасля допытаў у ДПУ зрабіў спробу самагубства ў 1930‑м, Валеры Маракоў маральна падтрымаў яго ўголас сваім вершам:

    «Праз сон на кургане,
    Ад спаленых гнёздаў
    Вы клікалі к зорам,
    На вольны прасьцяг,
    Вы сэрца,
    Вы кроў сваю,
    Розум, —
    Ўсё кінулі
    Ў буры жыцьця…
    За песьні і думы
    Мы любім паэтаў,
    За кожнае слова,
    За кожны радок,
    Што нашым агнём
    І трывогай сагрэты…
    Купала,
    Вам гэты вянок!»

    Рэпрэсіі трывожылі і пужалі

    Рэпрэсіі па ўсім Савецкім Саюзе набіралі моц. Па ўспамінах сучаснікаў, усё гэта вельмі негатыўна ўплывала на Маракова. Алкаголь, прыступы агрэсіі, нервовыя зрывы. Прызнаваўся сябрам, што мае пісталет і будзе адстрэльвацца, калі прыйдуць па яго.

    Вось як пачынаецца «Мая паэма» (1929):

    «Вецер.
    Вецер!
    Як сэрца забіла трывогу!
    Гэта свой,
    Ці мо гэта чужы?
    Ты скажы мне,
    Скажы,
    Хто блукае ўначы па дарогах,
    Хто фарбуе
    Крывавай зарою на сэрцах нажы,
    Ты скажы?».

    «Заяц» (1932):

    «Заяц упаў на снег,
    Стрэл быў сухі і кароткі…
    І задуменнаму мне
    Сніцца ў крыві бародка.
    Круціцца дым ад крыві,
    Сэрца кранулася
    Й стала…
    „Быццам і жыў і ня жыў“ —
    Глуха зямля запытала».

    Не пабаяўся праведаць Алеся Дудара ў высылцы

    «У пачатку ліпеня 1929 году да мяне раптоўна прыехаў Валеры Маракоў, былы маладняковец, які быў сакратаром часопісі „Маладняк“, калі я яе рэдагаваў. У літэратурных адносінах Маракоў зьяўляецца маім выхаванцам: я калісьці правіў і пушчаў у друк яго першыя вершы, рэдагаваў яго першы зборнік і г. д. Да маёй жа палітычнай дзейнасьці ён ня меў ніякага дачыненьня і ня мог мець, бо я лічыў яго занадта маладым і безталковым для таго, каб уводзіць яго ў круг сваіх поглядаў і спраў. Проста не зьвяртаў на яго асаблівай увагі. Але цяпер, калі ў мяне абарваліся ўсякія сувязі зь Менскам і з кругам маіх сяброў і знаёмых, я, безумоўна, ягонаму прыезду быў дужа рады. Маракоў прывёз з сабою рэшткі таго спачуваньня мне і захапленьня мною, якія акружалі мяне ў апошнія дні ў Менску. Ён гаварыў, што пісьменьніцкая моладзь у Менску дужа мне спачувае, што да мяне зьбіраюцца яшчэ і другія маладнякоўцы. Разьвіталіся мы захопленыя адзін адным і цалкам задаволеныя», — з паказанняў Алеся Дудара са справы «Саюзу вызвалення Беларусі», 2 верасня 1930 года.

    Вяртанне імя

    Імя паэта было забытае на доўгі час. Яго рэабілітавалі ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР толькі ў красавіку 1957 года.

    У 1959 годзе выйшаў невялічкі зборнік пад назвай «Лірыка».

    У канцы ХХ ст. асобай Валерыя Маракова зацікавіўся яго пляменнік Леанід Маракоў. У 1999 годзе ён выдаў кнігу «Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст», а ў 2003‑м — зборнік выбраных твораў Валерыя Маракова «Рабінавая ноч».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці