«Вам ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму»: пенсіянерку з Ваўкавыска асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за каментары
"Я прашу вас, дзеля Бога, не караць мяне так строга, таму што ... наогул для мяне гэта смяротны прысуд. Я выбачылася перад усімі і прашу прабачэння яшчэ раз. Я гатовая заплаціць штраф і што там яшчэ можа быць. Ну, можа быць павялічыць мне абмежаванне волі, але толькі не пазбаўленне волі. У мяне муж яшчэ старэй, чым я. і наогул, у мяне яшчэ ёсць дзве жанчыны, мае сваякі, якія вельмі сталага ўзросту, я ім дапамагаю. Я проста ... вы разумееце, я проста не перанясу", — сказала падчас судовага працэса абвінавачваемая Галіна Міхальчук.
7 лютага суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна асудзіў 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска Галіну Іванаўну Міхальчук да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Яе ўзялі пад варту ў залі суда. Прысуд вынес суддзя Андрэй Талочка. Бок дзяржабвінавачання падтрымала пракурорка Ала Кузьма. Сакратаром на пасяджэнні была Таццяна Кароль.
Галіну Іванаўну прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэкса. Яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі шляхам частковага складання пакаранняў: 1,5 года пазбаўлення волі — паводле ч.2 арт.367 КК, 1,5 года пазбаўлення волі — паводле ч.1 арт.368 КК, два гады абмежавання волі — паводле арт.369 КК. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурорка Ала Кузьма. Таксама яна папрасіла павялічыць пакаранне да 2,5 гадоў пазбаўлення волі праз тое, што абвінавачаная ўжо адбывае пакаранне паводле арт.369 КК.
Вядома, што 26 кастрычніка 2021 года яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле дыфамацыйнага артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. Да суда пенсіянерка два месяцы (з 21 верасня 2021 года да 21 лістапада 2021 года) утрымлівалася ў знвяоленні: першапачаткова яе затрымлівалі паводле арт.342 КК. Да пенсіі яна працавала на чыгунцы.
Якія пазовы заявілі пацярпелыя?
Пацярпелыя не з’явіліся ў суд і папрасілі разглядзець справу ў іх адсутнасць. Пацярпелымі выступілі старшыня Валкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько (адзіны, хто не заявіў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды), міліцыянткі АМАП Гродзенскага УУС Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч (заявілі пазовы — па 1000 рублёў), начальнік ППС Валкавыскага РАУС Валерый Раманчык (пазоў — 1500 рублёў), начальнік Ваўкавыскага РАУС Віталь Асоцкі (пазоў — 1500 рублёў). Абвінавачаная заўважыла, што патрабаванні ёй зразумелыя, аднак адразу яна не зможа выплаціць суму цалкам, таму прызнае іх часткова. Адзначым, што яна мае пенсію ў 500 рублеў.
Абаронца папрасіла выклікаць пацярпелых Бандарчук, Мазуркевіч і Раманчыка, бо яны заявілі пазоўныя патрабаванні, але не пазначылі, якія менавіта маральныя пакуты перажылі:
Суддзя Андрэй Талочка: «Як вы сабе гэта ўяўляеце? Што яны прыедуць, пакуль абед? (смяецца)
Абаронца: «А што тут такога? 60 кіламетраў. Заяўлена 1500 пазоўных патрабаванняў».
Дзяржабвінаваўца Ала Кузьма: «А што гэта вялікая сума?»
Абаронца: «Што на гэта павінен адказаць абаронца чалавека, які атрымлівае пенсію ў 500 рублёў?»
Дзяржабвінаваўца Ала Кузьма: «Высокі суд, немэтазгодна выклікаць названых асоб на судовае пасяджэнне, паколькі пазоўныя патрабаванні не з’яўляюцца такімі вялікімі, зыходзячы з сённяшніх коштаў і г.д. Увогуле падстаў тут не маецца. Сума суразмерная з тымі выказваннямі, якія былі, і неабходнасці ў запрашэнні названых асоб няма. Тым больш, дадзеныя асобы знаходзяцца на працоўным месцы, і сарвацца і прыехаць яны не змогуць.»
У чым прызналі вінаватай?
Галіне Іванаўне паставілі ў віну больш за тры дзясяткі эпізодаў: цягам паўгода яна пісала каментары ў тэлеграм-канале «Волковыск для жизни».
Яе судзілі за шэраг каментароў, якія маюць негатыўную ацэнку Лукашэнкі, а таксама зневажаюць ягоны гонар і годнасць. Сярод іх — наступныя каментары:
- «в эту минуту .. человек .… а именно лукашенко.… пусть каждый омоновец посмотрит на себя со стороны. Вы что творите твари, убийцы, сволочи»;
-
«почему он унижает врачей? Дорогие доктора, будьте благоразумны. Ведь главный … сказал, что иногда не до законов, а значит и присяги врачей. Жыве Беларусь»;
-
«сейчас они питаются нашими штрафами, но скоро это закончится. Есть надежда, что новый год будет без твари»;
- «пусть подумают, стоит ли защищать ублюдка или быть с народом. Уже бы давно арестовали и судили твари».
У бок Валерыя Раманчыка яна пакінула каментар «А в жизни морда ещё лучше, чем на фото». У адрас Валерыя Асоцкага — «Что он мразь, сам доказал у исполкома в августе. К нему отвращение хуже, чем от луковаго. Тот …, а этот пресмыкающее. Я ненавижу их всех со дня выборов, когда мы собрались у исполкома. Никогда не думала, что могут быть такие бесстыжие, наглые рожи». У адносінах да Міхаіла Сіцько яна Галіна Іванаўна напісала «Пока главный урод не упадет со своего трона, он Ситько не уберет. Они же все в одной цепи, поэтому пока держаться. Как же он может прогнать, уже гнали в августе у исполкома всем Волковыском. Только докладные осталось писать луке на него, что он вечно пьяный. Может сменят на какого-то очередного придурка». У бок Бандарчук і Мазуркевіч — «Откуда родом эти шлюхи? Все твари .…на кладбище».
Таксама згодна з абвінавачаннем яна пісала і паклёп у адносінах да службовых асобаў: былога начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова, былога міністра МУС Юрыя Караева, кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай, а таксама міліцыянткі роты ППС Фрунзенскага РАУС Мінска Валуйскай, аднак яны адмовіліся пісаць заявы, паводле якіх мусіць быць узбуджаныя крымінальныя справы.
«Ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму»
Галіна Іванаўна спачатку сказала, што прызнае віну часткова, потым удакладніла: калі ўсё даказана, прызнае віну цалкам. Але заўважыла, што зараз ўжо не памятае, што пісала і рабіла, бо пайшоў ужо другі год. Пракурорка адзначыла, што пенсіянерцы «ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму», на што Галіна Іванаўна адказала, што не ўяўляе ніякай пагрозы для дзяржавы: напярэдадні ёй падарылі тэлефон, яна зайшла ў інтэрнэт, а зараз ужо не памятае, што пісала, і шкадуе пра тое, што рабіла. На пытанне дзяржабвінаваўцы, чым была выкліканая пазіцыя да «існага ладу і кіраўніцтва», пенсіянерка сказала, што не можа адказаць, як так здарылася. Пенсіянерка адзначыла, што здзіўлялася падчас чытання каментароў, як яна магла такое напісаць.
— Напісана, што вы адчувалі нянавісць. Ці сапраўды гэта так? — запытаў у абвінавачанай суддзя.
— Не, — адказала яна.
— Каментары былі ў сувязі з любоўю да канстытуцыйнага ладу? Ці нельга было выказваць сваю нязгоду ў больш прыстойнай форме?
— Я не павінна была так казаць.
— У вас ёсць псіхічныя растройствы?
— Можа быць і ёсць.
— Вы здольныя даваць справаздачу сваім учынкам?
— Так.
— Вы друкавалі гэтыя словы ўручную альбо аднекуль капіявалі?
— Пісала сама.
— Вы паўгода гэта пісалі. Калі б вы хварэлі, то гэта было б аднаразова. А тут вы мэтанакіравана знаходзілі чарговую ахвяру і каментавалі.
— Мне няма чаго сказаць. Мне сорамна.
— Вы абразілі і кіраўніка дзяржавы. Называеце яго забойцам. Адкуль у вас такія звесткі і ці ёсць у вас доказы?
— Я не ведаю як гэта растлумачыць.…
— Вы прызнаеце ўсе фразы, якія пісалі, але не можаце сказаць у адрас каго іх пісалі?
— Так.
— Што яшчэ хочаце сказаць?
— Нянавісці ні да каго не адчуваю. Я вінаватая. І прашу прабачэння.
— У каго вы просіце прабачэння?
— Ва ўсіх, каго абражала.
— Каго вы абражалі? Тых, хто паказаны ў абвінавачванні?
— Так.
Сведкай па справе выступіў 78-гадовы муж Галіны Іванаўны — Раман Данілавіч Сірык, які працуе лекарам-рэнтгенолагам у паліклініцы Ваўкавыска. Ён адзначыў, што ягоная жонка раней не карысталася інтэрнэтам і не разумее, што гэта такое. Каментары ён звязвае са станам здароўя Галіны Іванаўны і шэрагам лекаў, якія яна прымае. Раман Данілавіч быў упэўнены, што ніякага злога намеру прынізіць кагосьці ягоная жонка не мела.
«Наогул для мяне гэта смяротны прысуд»
У спрэчках пракурорка Ала Кузьма адзначыла, што масаваць каментароў пацвярджаюць мэтанакіраванасць дзеянняў абвінавачанай, а таксама выказала ўпэўненасць, што выказванні абвінавачанай наконт ейнага здароўя не адпавядаюць рэчаіснасці: Галіна Іванаўна давала падрабязныя паказанні. Таксама падчас абвінавачання следчы ўказваў на тое, што ў справе ёсць шэрах абцяжарваючых абставін. А менавіта ён вылучыў тое, што пенсіянерка раней ужо здзяйсняла злачынства, а гэтым разам злачынства было здзейснена па матывах палітычнай ці ідэалагічнай варожасці. Адна пракурорка ў спрэчках прасіла выключыць з абвінавачання гэтыя абставіны.
Абаронца Юлія Юргілевіч папрасіла прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Яна адзначыла:
«Вядома, Высокі суд, я б вельмі хацела убачыць гэтых асоб (пацярпелых) у судовым пасяджэнні па адной прычыне: хацелася б мне паглядзець ім у вочы. Як яны выконвалі свае службовыя абавязкі, як яны выходзілі на вуліцу, як яны выходзілі ў форменным абмундзіраванні, як яны ажыццяўлялі патруль вуліц у тыя дні цяжкія для іх дні? І як яны, такія людзі мужныя, якія ажыццяўлялі ахову нашай дзяржавы ў такі неспакойны час, маглі цяпер перажыць такія маральныя пакуты на 1000 беларускіх рублёў, якія яны просяць спагнаць з пенсіянеркі, якая атрымлівае 538 рублёў пенсіі?»
Яна адзначыла, што па шэрагу эпізодаў не ўстаноўлена, у чый адраз пакідаліся каментары. Таксама яна заўважыла, што хацела б аб’яднаць два з эпізодаў у адзін, бо нельга інкрымінаваць за адзін і той жа каментар два артыкулы. Прааналізаваўшы каментары і экспертызы, яна пагадзілася толькі з двума каментарамі, якія былі ў абвінавачанні, таму папрасіла зменшыць пакаранне па арт.369 КК. Паводле арт.367 яна папрасіла вынесці апраўдальны прысуд, бо ні ў адзінай экспертызе не пазначана, што каментары пакідаліся ў бок Лукашэнкі. А паводле арт.368 — улічыць, што абвінавачаная прызнала віну і раскаялася, а таму прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Галіна Іванаўна ў апошнім слове сказала:
«Паважаны суд, я раскайваюся, што я напісала. Я прызнаю сваю віну. Гэта было ўсё ў мінулым, усё гэта ўжо было даўно. Я прашу вас, дзеля Бога, не караць мяне так строга, таму што … наогул для мяне гэта смяротны прысуд. Я выбачылася перад усімі і прашу прабачэння яшчэ раз. Я гатовая заплаціць штраф і што там яшчэ можа быць. Ну, можа быць павялічыць мне абмежаванне волі, але толькі не пазбаўленне волі. У мяне муж яшчэ старэй, чым я. і наогул, у мяне яшчэ ёсць дзве жанчыны, мае сваякі, якія вельмі сталага ўзросту, я ім дапамагаю. Я проста … вы разумееце, я проста не перанясу. Я ўсведамляю ўсё. Я ўсё прызнаю. Я вельмі раскайваюся, мне сорамна. Я нават не магу выказаць здагадку, што гэта я ўсё гэта пісала, але … зразумейце мяне, гэтыя ж артыкулы мяркуюць жа і іншае пакаранне, не толькі пазбаўленне волі. Я два месяцы прабыла ў турме. Я ведаю, што гэта такое. Гэта проста невыносна і страціла апошнюю сваю <неразборліва>. Я не ведаю, як я … змагу. Я каюся, прашу прабачэння. Я ніякай пагрозы краіне ніякім людзям я не ўяўляю, разумееце?.. Я калісьці ў свой час таксама была пазаштатным супрацоўнікам міліцыі. Я ведаю, што гэта за праца такая: усе з павагай ставяцца і ставіліся. Я была і чальцом прафкама партыі ў свой час. Ну вось нешта мяне пераклініла. Дык вось атрымалася, але гэта ўсё было калісьці, гэта было даўно. Цяпер усё змянілася бо, разумееце? Ну, нельга ж так не дараваць людзей за мінулыя нейкія памылкі? Тым больш, што гэта толькі словы. Я прашу Высокі суд мяне памілаваць, як толькі можна мякчэй паставіцца да мяне. У мяне ўсё».