Віцебская блогерка Вольга Жураўская піша, каб за яе “не хваляваліся”. Але людзі не вераць
У Facebook разгрнулася цэлая кампанія, што да гісторыі з блогеркай Вольгай Жураўскай, якая ўжо трое сутак не адказвае на тэлефанаванні і прыватныя паведамленні. Людзі выказваюць меркаванні, што яна магла стаць ахвярай пераследу за сваю блогерскую дзейнасць, якую ажыццяўляе пад псеўданімам “Елена Смирнова» у сацыяльных сетках и на уласным відэаканале «Снимать разрешено». Интэрнэт-сябры непакояцца, і не здарылася з блогеркай нешта кепскае, і выказваюць трывогу за лёсы яе дваіх малых дзяцей.
Паводле грамадскай актывісткі Вольгі Карач, спадарыня Жураўская мусіла выйсці з ёй на сувязь тры дні таму, але не выйшла. А праз некалькі гадзін на яе старонцы ў Facebook пачалі з’яўляцца правакацыйныя паведамленні. Сябры па сацыяльных сетках вырашылі, што акаўнт узламаны. А паколькі Вольга не выходзіць на сувязь, то яе свядома пазбаўляюць такой магчымасці.
Абмеркаваўшы сітуацыю, віцебскія журналісты вырашылі схадзіць да Вольгі Жураўскай. Дзверы ў кватэру, дзе яна жыве, ніхто не адчыніў, як не адгукнуўся і на званкі ў дамафон. Аднак святло ў вокнах кватэры гарэла, а за дзвярыма чуліся крокі. Суседзі сказалі, што ведаюць жыхарку кватэры, але нічога надзвычайнага з апошнія дні не заўважалі.
Неўзабаве пасля апошняга бясплённага візіту да Вольгі Жураўскай у інтэрнэце з’явіўся яе відэазварот. Праўда, ён спарадзіў яшчэ болей спрэчак і недаверу, чымсьці ўся сітуацыя, якая склалася раней. На камеру Вольга кажа, што на святы гасцявала ў вёсцы, а там няма інтэрнэту, і таму яна не магла выйсці на сувязь. Цвердзіць, што яе акаўнт у Facebook быў сапраўды ўзламаны, але яна не можа нічога з гэтым зрабіць, бо і дома ў яе няма доступу ў інтэрнэт.
Гледачы пачалі абмяркоўваць у сацыяльных сетках усе заўважаныя нестыкоўкі, і найперш тую, што пры адсутнасці інтэрнэту Вольга Жураўская неяк здолела размясціць у Facebook свой відэазварот. А таксама тое, што яна не адгукаецца ні па віртуальнай, ні па рэальнай сувязі: па-ранейшаму не адказвае на тэлефанаванні і смс-кі.
Раніцай 11-га траўня ў каментарах ад Вольгі Жураўскай прыйшло новае паведмленне: “Ребята, не надо меня искать, у меня все хорошо.Сейчас всего рассказать не могу, не настаивайте. Интернета нет, потому что не оплатила, ответить на телефон не могу, потому что не могу”.
Аднак гэта не супакоіла, а яшчэ больш устрывожыла грамадскасць: жыхары розных гарадоў выказваюць намер прыехаць у Віцебск і шукаць Вольгу разам з пошукавым атрадам “Ангел”, рыхтуюць заявы ў міліцыю пра знікненне чалавека і небяспечнае становішча, у якім апынуліся двое дзяцей блогеркі Жураўскай.
Яе тэлефон па-ранейшаму не адказвае, не чуваць водгукаў на сітуацыю ад сваякоў Вольгі Жураўскай — пра іх сябры блогеркі ўвогуле не ведаюць, на прапановы аб дапамозе не адгукаецца і яна сама. У інтэрнэт-каментарах дамінуе меркаванне, што да справы трэба падключаць міліцыю, каб урэшце-рэшт на гэтую сітуацыю пралілося святло.
Вольга Жураўская пад псеўданімам “Елена Смирнова” вядомая тым, што доўгі час выкрывала недахопы ў крамах і ўстановах грамадскага харчавання: здымала на камеру пратэрмінаваныя прадукты, спрэчкі з гэтае нагоды з гандлярамі і міліцыяй. Апошнім часам міліцыянты сталі галоўнымі героямі яе відэаролікаў, накшталт «Как законно обломать ментов с проверкой документов», «Вход в суд по банковским карточкам или новый пропускной режим», «Почему нельзя снимать в милиции?» і гэтак далей.