Віцебскія БАЖаўцы сустрэліся з аўтарамі шведскага падручніка для журналістаў-фрылансераў
Журналісты Фрэдрык Нэйман і Мікаэль Бэрлінг, стваральнікі падручніка ”Frilans handboken”, ахвотна дзеляцца ўласным фрылансерскім досведам са студэнтамі і калегамі. Гэтым разам падчас прыезду ў Беларусь шведскія фрылансеры вырашылі сустрэцца не толькі са сталічнымі журналістамі і абралі для першага падарожжа ў рэгіёны Віцебск.
Тэма размовы – як пабудаваць працу фрылансера такім чынам, каб яна была і прафесійнай, і эфектыўнай, і прыбытковай – зацікавіла не толькі сябраў ГА «БАЖ» з абласнога цэнтра. На запрашэнне сустрэцца з Фрэдрыкам Нэйманам і Мікаэлем Бэрлінгам адгукнуліся і полацкія БАЖаўцы.
У размове пра стварэнне падручніка ”Frilans handboken” калегам дапамагала з перакладам шведская журналістка Вераніка Мянжун, добра знаёмая многім удзельнікам супольных праектаў медыяінстытута FOJO.
У кнізе “Frilans handboken” аўтары шмат увагі звяртаюць на тое, што фрылансер сёння – гэта і журналіст, і менеджар, і прыдпрымальнік. Наколькі б умовы працы журналіста ў Швецыі ні адрозніваліся ад тутэйшых, асноўныя правілы гульні застаюцца назменнымі. Таму фрылансер павінен вызначыць свае найлепшыя прафесійныя якасці, прааналізаваць уласныя здольнасці, акрэсліць кола тэм, якія супадаюць з яго зацікаўленнямі або адпавядаюць спецыфіцы адукацыі ці жыццёвага досведу і адначасова з’яўляюцца запатрабаванымі ў пэўнага кола чытачоў ці гледачоў. Вызначыўшыся з аўдыторыяй і патэнцыйнымі накірункамі ўласнай працы, журналіст-фрылансер можа прапаноўваць рэдакцыям свае паслугі. Таксама выдатна, калі рэдакцыі могуць скарыстацца нейкім адмыслова створаным банкам дадзеных пра журналістаў, здольных выканаць канкрэтную працу.
Падчас сустрэчы са шведскімі калегамі ў прысутных з’явілася шмат пытанняў пра тое, як найлепш арганізаваць працу фрылансера ў сучасных беларускіх умовах. Віцебскія журналісты выказалі ідэю стварэння ўласнага фрыланс-бюро, каб аб’яднаць тых, хто мог бы прапанаваць рэдакцыям у іншых рэгіёнах свае паслугі ў напісанні матэрыялаў па мясцовай тэматыцы – прыкладам, пра фэстываль “Славянскі базар” у Віцебску” або пра актыўнасць тутэйшых прадпрымальнікаў ці дзеячоў неафіцыйных прафсаюзаў.
А каб было зручней працаваць пачас нейкіх працяглых у часе імпрэзаў (напрыклад, асвятляючы той самы “Славнскі базар”), калегі вылучылі ідэю стварэння агульнага офіса. Гэта магло б дапамагчы абменьвацца парадамі ці кантактамі для інтэрв’ю. А калі ідэя сябе апраўдае, супольны офіс можа быць ужо не часовым, а сталым – каб фрылансеры маглі працаваць не толькі дома, кожны сам па сабе.
Ці варта сёння працаваць на аўтарытэт пэўнага выдання? Ці не лепш зрабіць “брэндам” уласнае імя ў прафесіі? Ці магчыма ў Беларусі зарабляць на жыццё з фрыланс-журналістыкі? Як прапаноўваць свае паслугі, назапашваць кантакты, планаваць працоўны час і нагрузку? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў часе віебскай сустрэчы.
Каардынатар дыскусіі, сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў нагадаў, што з ініцыятывы арганізацыі створаны адмысловы інтэрнэт-рэсурс, які можа дапамагчы беларускім фрылансерам знайсці працу, а працадаўцам – замовіць матрыял на пэўную тэму.
Карысным складнікам у абмеркаванні праблем фрылансерства сталі выступ і кансультацыі юрыста, спецыяліста ў галіне медыяправа Аляксандара Жука. Ён стала супрацоўнічае з БАЖаўцамі і заўжды гатовы адказаць на пытанні датычна працы журналістаў-фрылансераў.
Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў памятку-буклет “12 крокаў ад ідэі да продажу артыкула”. Гэта 12 парадаў журналістам, якія згадваюцца ў падручніку “Frilans handboken”. А віцебскія БАЖаўцы, імкнучыся зрабіць візіт замежных і мінскіх калег прыемным і запамінальным, зладзілі для гасцей невялікую прагулку па горадзе.
Разам наведалі мэмарыяльны музей Марка Шагала, прайшліся па гістарычным цэнтры. Віцябляне распавялі пра тутэйшыя архітэктурныя і культурніцкія адметнасці, а шведскія госці з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць каля помніка віцебскаму князю Альгерду.
“У Швецыі любы чалавек можа назвацца журналістам і пачаць зарабляць…”