Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую затрымалі на акцыі салідарнасці. Яна пад вартай
Алена Янушкоўская вяла прамую трансляцыю з супольнага пікета “Страны для жизни” і прахільнікаў Віктара Бабарыкі.
На знак салідарнасці некалькі соцень жыхароў Віцебска сталі ланцугом уздоўж вуліцы Леніна. Блогерка каментавала падзеі, размаўляла з людзьмі ў прамым эфіры. Разам з ёй на пікет прыйшла дачка, Юлія Уласенка.
Праз паўтары гадзіны ад пачатку на пікеце з’явіліся міліцыянты і пачалі папярэджваць прысутных пра незаконнасць іхных дзеянняў. ДАІ спыніла транспартны рух, а да ланцуга салідарнасці пад’ехалі некалькі мікрааўтобусаў з таніраванымі вокнамі. Тады людзі вырашылі пакінуць гэтай месца і перайсці на Плошчу Перамогі. Па ходніках ішлі па адным, грамадскі парадак не парушалі. Падчас пераходу да Алены Янушкоўскай і Юліі Уласенка пад’ехаў адзін з мікрааўтобусаў, супрацоўнікі міліцыі схапілі абедзьвюх жанчын — гэта момант зняў на відэа адзін з мінакоў.
У аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна Віцебска на абедзвюх жанчын склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Юлію Уласенка адпусцілі дадому, бо там яе чакалі непаўнагадовыя дзеці. Алену Янушкоўскую забралі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там яна будзе знаходзіцца прынамсі да суду ў панядзелак 22-га чэрвеня.
Віцебскія праваабаронцы і журналісты звяртаюць увагу на тое, што Алена Янушкоўская — інвалід 3‑й групы, яна хварэе на астму, і цягам гэтага года перанесла дзве хірургічныя аперацыі. Яе знаходжанне ў ІЧУ нічым не апраўдана: яе дзеянні не неслі ніякай пагрозы грамадскасці.
Але віцебскія супрацоўнікі міліцыі не прымаюць гэтыя акалічнасці да ўвагі: Алена Янушкоўская ўжо другі раз цягам гэтага месяца трапляе ў ІЧУ, дзе яе амаль трое сутак ўтрымліваюць да суда. Мінулы раз гэта адбылося 6‑га чэрвеня.
«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве блогерка з‑пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты