Відэааператара Паўла Падабеда забралі за рэпосты 2012 года, а цяпер інкрымінуюць «спрыянне экстрэмізму»
Як стала вядома БАЖ, мінскага журналіста Паўла Падабеда, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, падводзяць пад артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса — “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.
Неўзабаве будзе два месяцы ад моманту затрымання фрылансера Паўла Падабеда, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска. Па першым часе з улікам кепскага ліставання і абмежавання ў кантактах з роднымі заставалася незразумелай прычына цікавасці да 43-гадовага мужчыны. Нагадаем, яго затрымалі 20 студзеня і пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Аднак Беларускай асацыяцыі журналістаў удалося высветліць, што фармальнай прычынай аказаліся даўнія спасылкі ў ягоных сацсетках на публікацыі ў медыях, прызнаных уладамі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Прычым, рэпосты датаваныя ажно 2012 годам — за 10 гадоў да таго, як незалежныя СМІ ў Беларусі павальна сталі “экстрэмістамі”. Іншымі словамі, спатрэбілася любая зачэпка, каб пакараць чарговага хранікёра драматычных падзеяй 2020-га.
Пры гэтым стала вядома, што пастанову аб утрыманні пад вартай і пратакол абскарджання Паўла Падабеду ўручылі толькі праз месяц зняволення, што супярэчыць усім юрыдычным нормам.
У лістах на волю вязень збольшага абмяжоўваецца нейтральнымі тэмамі, каб не нашкодзіць блізкім людзям. Праўда, напісаў, што падчас следства адмовіўся ад дачы паказанняў, не жадаючы сябе абгаворваць. Гэтаксама пацвердзіў, што ў кватэры сілавікі ўчынілі ператрус — “забіралі ўсё запар”, у тым ліку прафесійную відэакамеру. З гэтай прычыны следчы папярэдзіў, што справа будзе доўгай і маруднай, маўляў, шмат тэхнікі, запатрабуецца вялікая колькасць “экспертных дзеянняў”.
Цяпер на апытанні ў следчыя органы выклікаюць людзей “з блізкага кола кантактавання”, каб тыя далі характарыстыку арыштанту. Менавіта там высветлілася, што Паўлу Падабеду прыпісваюць артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса: “вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэміскую дзейнасць, навучанне і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці”. Адпаведная санкцыя прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.
Нягледзячы на поўнае разуменне магчымых наступстваў, Павел Падабед трымаецца добра, настрой далёкі ад капітулянцкага. Паведамляе, што ў следчым ізалятары выводзяць на прагулкі, ёсць магчымасць чытаць.
Сувязь з Паўлам Падабедам знікла 20 студзеня 2023 года, калі ён выправіўся на пошту зрабіць аплату за навучанне сына. Пасля было запланаванае наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды журналіст ужо не патрапіў, проста перастаў адказваць на званкі.
Пасля таго, як мінулі 72 гадзіны ад моманту затрымання, на волю відэаператар так і не выйшаў. Некалькі наступных дзён сваякі не разумелі, дзе яго шукаць, паколькі на Акрэсціна, дзе звычайна ўтрымліваюцца “палітычныя”, арыштант не значыўся. Нарэшце родных праінфармавалі, што той у ІЧУ Мінскага раёна на вуліцы Скарыны. Падставай — адміністрацыйны артыкул 19.11 за распаўсюд (рэпост) «экстрэмісцкіх матэрыялаў». За гэта суд пакараў Паўла Падабеда 15 суткамі арышту.
Прызначаны тэрмін завяршыўся 4 лютага, аднак напярэдадні меркаванага вызвалення яго перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе адбыўся допыт. Следам журналіста перавялі ў СІЗА № 1 Мінска — на яго завялі крымінальную справу, сутнасць якой адкрылася толькі цяпер.
Паўла Падабеда і раней затрымлівалі падчас выканання рэдакцыйных заданняў, аднак усё збольшага заканчвалася “прафілактычнай гутаркай” ці загадам на выдаленне адзнятага матэрыялу. Так, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступнай пратэснай актыўнасці яго разам з іншымі калегамі неаднаразова дастаўлялі ў аддзяленні міліцыі. І нават увосень 2020-га, калі краіну ахапілі пратэсты, затрыманні мелі прэвентыўны характар — нейтралізаваць на час кульмінацыі “масавага мерапрыемства”, каб не было карцінкі.
Цяпер жа адказнасць за прафесію стала куды больш жорсткай. Ужо асуджаныя да тэрмінаў зняволення відэааператары Алесь Любянчук і Іван Мураўёў, а ў пачатку лютага трапіў за краты і цяпер у чаканні абвінавачання іх калега з Віцебска Вячаслаў Лазараў.
Чытайце яшчэ:
Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА
Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя
Заявление беларусских правозащитных организаций в связи с признанием БАЖ экстремистским формированием