• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вінная каля 45 тысяч рублёў». Выпускнікі, якія не хочуць адпрацоўваць размеркаванне, расказваюць, як шукаюць грошы

    Гісторыі выпускнікоў, які вырашылі «адкупіцца» ад размеркавання, запісаў праект «1906». Сярод іх ёсць і выхадцы з журфака.

    «Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве зараз нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць»

    Крысціна (імя зменена) у 2021‑м скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Год, у які дзяўчыну размяркоўвалі, быў няпросты. Менавіты тады ўсіх выпускнікоў пачалі накіроўваць толькі ў дзяржаўныя СМІ.

    Крысціна знайшла сабе месца, дзе магла адпрацоўваць размеркаванне, але ў апошні момант гэта медыя не захацела яе браць.

    «Прыйшлося тэрмінова шукаць, куды ўладкавацца. Прычым вельмі хацелася не ў «палітызаванае» месца. Знайшла, адпрацавала там 6 месяцаў.

    Мне пашанцавала, там было камфортна, з улікам таго, што гэта размеркаванне. Такі астравок адэкватнасці, ніяк маю волю там не ламалі», — расказвае яна. 

    Крысціна хацела забраць дакументы з універсітэта яшчэ да дня размеркавання. Але тады яе напалохалі, што ёй нібыта прыйдзецца плаціць за ўсё навучанне. 

    Потым склалася так, што хлопцу дзяўчыны прыйшлося тэрмінова з’ехаць з Мінска ў Кіеў. Крысціна вырашыла, што будзе пераязджаць да яго.

    «Не перадаць словамі, колькі ўсяго прыйшлося перажыць, каб проста даведацца прыблізную суму, якую я вінная. Некалькі дзён хадзіла ў дэканат, мне там у выніку далі кантакты людзей, якія мусілі гэтым займацца. Не змагла да іх датэлефанавацца. Вярнулася зноў назад.

    У дэканаце не ведалі, куды мяне адпраўляць. У выніку я дайшла да галоўнай бухгалтэрыі БДУ, дзе мне вельмі прыблізна палічылі суму. Яна складала 16 тысяч рублёў з улікам таго, што частку размеркавання я адпрацавала», — расказвае дзяўчына. 

    У рэдакцыі яна патлумачыла сітуацыю, у якой апынулася, і папрасіла даць ёй месяц адпачынку і яшчэ адзін за свой кошт.

    «Па-першае, каб было менш плаціць. Па-другое, каб я магла з’ездзіць паглядзець, ці спадабаецца мне ў Кіеве, — дзеліцца яна. — Тады яны пагадзіліся. Пасля мусіў быць запушчаны працэс выплаты. Я нават знайшла на сваё месца ў рэдакцыі замену. 

    У апошні дзень галоўны рэдактар холдынгу не падпісаў мне водпуск. Ён вельмі доўга тлумачыў чаму, але з ягоных слоў нічога не было зразумела. Размаўляў, як чыноўнік», — кажа яна. 

    Крысціна з’ехала ў Кіеў, а потым пачалася вайна. Стала зразумела, што ў Беларусь яна не вернецца. 

    Ёй напісалі з працы, пацікавіліся, ці ўсё з ёй добра, і ўдакладнілі, ці могуць яе звальняць. 

    «Я пагадзілася. Прайшло больш за месяц, пакуль дакументы дайшлі да ўніверсітэта. Маме даслалі ліст з сумай. Усяго 43 тысячы рублёў, з улікам адпрацаванага тэрміна — больш за 29 тысяч.

    Я пракансультавалася з юрысткай. Яна сказала, што ў падліках ёсць памылка. Яны палічылі не па тым годзе, у якім я выпускалася. І зараз я буду запытваць пераразлік», — тлумачыць Крысціна. 

    Ці выплачваць грошы, дзяўчына рашэнне яшчэ не прыняла. Такой сумы ў яе няма. 

    «Мая маці перажывае з‑за гэтага, ёй не хочацца, каб я не вярталася ў Беларусь. Аклад у СМІ, у якім я пачынала адпрацоўваць, быў 400 рублёў. Усё астатняе — ганарары за публікацыі. Адкуль у мяне могуць быць грошы?

    Мама мяне імкнецца падтрымліваць. Ніколі не папракала за тое, што я так зрабіла. Канешне, калі б сума была 16 тысяч, думаю, што мы змаглі б выплаціць. У нас быў прапісаны «бізнэс-план», як мы будзем збіраць грошы. Але канчатковая сума непад’ёмная. Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве цяпер нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць», — лічыць яна. 

    Крысціна таксама пракансультавалася з юрысткай наконт таго, ці могуць гэтую суму спагнаць з яе маці. На момант паступлення дзяўчына была непаўналетняй і падпісваць дамову на навучанне не магла.

    «Па законе не могуць. Там няма, як, напрыклад, у крэдытнай гісторыі, даручальніцтва. І сума ў дагаворы пры паступленні — каля 11 тысяч рублёў. Браць павінны з мяне, а не з бацькоў. Могуць забраць маю маёмасць, але на мяне нічога не запісана», — кажа яна. 

    Зараз дзяўчына жыве ў Варшаве. Туды пасля пачатку вайны яна з’ехала разам са сваім хлопцам. 

    «Шукаю працу. Пакуль збіраюся рабіць некалькі праектаў пра беларускую музыку, а потым паглядзім. Не думаю, што хачу ісці на пастаянную працу», — падсумоўвае яна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці